Литературная встреча прошла в десткой школе искусств

Литературная встреча прошла в десткой школе искусств

Сонечная актавая зала Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў з партрэтам Васіля Гадулькі, кветкамі ў празрыстых вазах, выставаю кніг, часопісных і газетных публікацый паэта, а галоўнае яе шматлюднасць адразу настроіла на ўрачысты лірычны лад і арганізатараў літаратурнага свята — супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, і гасцей-пісьменнікаў ды іншых яго ўдзельнікаў, і слухачоў. Аднак цень смутку не-не, дый прабягаў па тварах усіх: юбіляру толькі 65, яшчэ б тварыць ды тварыць, а яго ўжо няма больш чым паўтара дзясятка гадоў. Так склаўся жыццёвы шлях паэта. Сцісла, але змястоўна яго асноўныя вехі акрэслівалі вядучыя свята Вольга Грабарова, бібліятэкарка філіяла №26, і Святлана Лісічык, загадчыца аддзела ЦБС.
Паэтава жыццё давала збоі часта: дачаснае развітанне з інстытутам замежных моваў, расчараванне настаўніцкаю працай, страты блізкіх людзей, нешчаслівыя любоўныя захапленні, занадта цеснае сяброўства з Бахусам, якое не ратавала, а, наадварот, узмацняла дэпрэсію. Яно ж, бадай, і стрымлівала выходзіць з вершамі на шырокую аўдыторыю. Сціпласць убірала ў сябе і сарамлівасць, і вінаватасць.
А між тым федзькавіцкі паэт мог бы “загучаць” задоўга да 1986-га, калі яго “адкрыў” жабінкаўскі цёзка-сябар Васіль Сахарчук. Творчасць не проста дапамагала яму выжываць ва ўласных мітрэнгах — яна стваралася ім свядома, прафесійна, нездарма паэт сам, без чыіх-небудзь патрыятычных настаўленняў, прыйшоў да неабходнасці пісаць па-беларуску. У паэзіі В.Гадулькі — у “адмысловага класічнага ўзору”, як сцвярджаюць крытыкі, вершах, паэмах, вянку санетаў — ёсць усё: глыбіня думкі і пачуцця, адметная вобразнасць, беззаганная гартоўка радка. І да літаратурнай сустрэчы аўтару сцэнарыя, супрацоўніцы райбібліятэкі Марыі Гаджыевай падабраць вершы В.Гадулькі, думаецца, было не вельмі складана: амаль кожны з іх дасканалы, а матывы самыя розныя, у залежнасці ад душэўнага стану паэта:
І, хоць вецер гне сухое вецце,
і, хоць іней срэбрам лёг на скронь, —
нельга мне, шкада змахнуць, як смецце,
ліст, які сагрэў маю далонь.
Пранікнёна чыталі вершы бібліятэкарка Валянціна Славуціч, ліцэісткі Кацярына Другак і Алеся Сіманоўская, дзевяцікласнікі гарадской школы №3 Сяргей Брэнька і Аляксей Казей. У плынь свята натуральна ўліваліся, узбагачаючы яго змест і настрой, песні народнага хору ГДК “Скарбніца” пад кіраўніцтвам Галіны Міцковіч. Асабліва спадабаўся прысутным фальклорны шэдэўр “Ой, пайду я на ту гору…”, сугучны са шмат якімі творамі В.Гадулькі пра каханне.
Асобная старонка літаратурнай сустрэчы была адведзена для пісьменнікаў Аляксея Ганчука і Івана Дацкевіча, аўтара гэтых радкоў і Аляксея Філатава, педагога і аматаркі паэзіі Раісы Міхайлаўны Маргевіч. Мы дзяліліся не толькі думкамі пра вартасць Васілёвых вершаў і паэмаў, і ўспаміналі сустрэчы з ім, пасля якіх заставаліся яркія ўражанні ад прачытанага ці самім аўтарам, што здаралася зрэдку, ці кім-небудзь іншым. Заставаліся і здзіўленне ад яго незвычайнай сціпласці ў паводзінах і гаворцы, нават перад маладзейшымі, і жаль ад Васілёвай празмернай замкнёнасці ў сабе. Тым часам ягоны рукапіс пад назваю “Кропелька сонца” пакрысе рыхтаваўся да друку Васілём Сахарчуком…
Згадваліся з удзячнасцю імёны іншых паэтаў, што рупіліся пра выданне твораў Гадулькі асобнаю кніжкаю, праўда, ужо галоўным чынам пасля сыходу з жыцця абодвух Васілёў. Збіраліся народныя грошы і на Берасцейшчыне, і ў Мінску, вяліся перамовы з выдавецтвамі. Нарэшце, дзякуючы перш за ўсё клопатам Леаніда Галубовіча і асноўнай фундатарскай дапамозе Леаніда Дайнекі, у 2004 годзе выйшаў пасмяротны зборнік Васіля Гадулькі “Голас”. Астатнія сродкі былі ўкладзены ў помнік на магілах паэта і яго бацькоў у Федзькавічах.
Пасля юбілейнай урачыстасці ў школе мастацтваў гурт пісьменнікаў, бібліятэкараў, журналістаў наведаў гэтую памятную мясціну, дзе на гранітным камені ў форме восеньскага кляновага ліста — “кропелькі сонца”, знакавага для паэта вобраза, — пад абрысам ягонага аблічча выпісаны тры словы з верша: “Шлях мой самотны…”. Кожны, хто прыйшоў сюды, адразу ж апусціў вочы. І ў жалобе, і ў… разгубленасці: усе тры магілы зараслі, засланіліся травою ў пояс. Даўно на іх ніхто, відавочна, не бываў — ні блізкія сваякі з Федзькавічаў, ні работнікі, дэпутаты Ракітніцкага сельсавета, ні вучні з настаўнікамі ракітніцкай, ленінскай, першай жабінкаўскай школ, хоць зусім жа нядаўна была Радаўніца! Вось і давялося гасцям паэта-самотніка, перш чым ускласці кветкі, наводзіць тут хоць які парадак.
Вунь лісцік на дрэве — ахоплены тлом,
гарыць — дагарае апошнім святлом.
І хутка на дол разам з іншымі ляжа.
Панура вятрыска яму так і кажа.
І чуе, як ліст яму шэпча ў адказ:
“… хай кропелькай сонца згублюся ў траве —
мне ў памяці жыць, покуль дрэва жыве”.
Яго літаратурная слава яшчэ наперадзе — сказана пра Васіля Гадульку ў калектыўным зборніку серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” (выд. “Мастацкая літаратура”, 2008). Сам зорнік — гэта крок да далейшага “ўваскрашэння” В.Гадулькі (як і М.Купрэева, А.Сыса, І.Рубіна, В.Стрыжака) праз ягоную творчасць і памяць аб ім. Удзельнікі літаратурнай сустрэчы выказалі спадзеў і гатоўнасць ахвяраваць пасільныя сродкі, тыя самыя “народныя” грошы, на галоўную кнігу таленавітага земляка, у якой было б змешчана ўсё, або амаль усё, ім напісанае, балазе дасюль яшчэ ёсць што шукаць у паэтавых архівах. Тым самым — адзначыць новы яго юбілей, 70-годдзе. А яшчэ выказвалася ўдзячнасць Жабінкаўскаму райвыканкаму за прынятае сёлета рашэнне надаць адной з новых вуліц у раённым цэнтры імя В.Гадулькі, што пачынае ўжо забудоўвацца.
Так, вера паэта — “мне ў памяці жыць” — паступова спраўджваецца. Аднак жа сціплы кляновы ліст, апалы з роднага дрэва, увасоблены ў граніце і зарослы травой-муравой на роднай зямлі, свеціцца, на вялікі жаль, не толькі вераю, а і дакорам нам, землякам. Бо самая глыбокая памяць — тая, што ў сэрцах.
А.КАСКО.
Фота А.Ганчука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top