Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Лазер-таг – гульня, якая прыйшла ў Еўропу са Злучаных Штатаў. Цяпер яна мае нямала прыхільнікаў і ў нашай краіне.
Юнакі і дзяўчаты Жабінкаўшчыны таксама маюць магчымасць гуляць у лазер-таг. Прычым не абавязкова ехаць у абласны цэнтр – абсталяваная пляцоўка з акопамі, укрыццямі, шынамі для гэтай ваенна-тактычнай забавы летам з’явілася на тэрыторыі ІП “ЛакіДэнТранс” (гэта за ДАІ на вуліцы Камарова).
Як расказала менеджар Лілія, жадаючых пагуляць у лазер-таг у райцэнтры нямала. Летам падлеткі прыходзілі на пляцоўку і ў будні, і ў выхадныя. Цяпер, калі большасць дня школьнікі знаходзяцца на занятках, ваенныя баталіі разыгрываюцца ў асноўным у выхадныя дні.
Мы, дарослыя, памятаем, як з задавальненнем гулялі “ў вайнушку”. Лазер-таг, па сутнасці, тая ж гульня – толькі з элементамі сучасных навінак. Удзельнікі “страляюць” са спецыяльнай зброі – тагаў, а на галаву завязваюць павязкі з датчыкамі, што прымаюць сігналы. З якім запалам дзеці бегаюць па ўчастку, “страляюць” адзін у аднаго, захопліваюць “кропку” – сцэнарыяў гульні тут прапануецца звыш дзясятка – і ўдзельнікі ў залежнасці ад узросту і падрыхтаванасці самі выбіраюць патрабуемы варыянт. І хаця адзін тайм можа доўжыцца 5-7 хвілін (а ўсяго на гульню адводзіцца да дзвюх гадзін), сапернікі паспяваюць набегацца і стаміцца, набрацца станоўчых эмоцый, а заадно – спортам заняцца.
Такая шыкоўная магчымасць – правесці выхадны дзень актыўна, спартыўна і эмацыянальна – была ў старшакласнікаў першай, другой, Ленінскай і Крыўлянскай школ і сяброў ГА РК “БРСМ”.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РК БРСМ і ІП “ЛакіДэнТранс” арганізавалі адкрыты чэмпіянат па лазертагу сярод школьнікаў. Падчас гульні развярнуліся нежартоўныя баталіі. У выніку захапляючай барацьбы першае месца занялі вучні другой гарадской школы. Ім, акрамя дыплома пераможцы, дасталіся сувеніры з сімволікай моладзевага саюза. А вось камандзе першай школы зусім крышку не хапіла для перамогі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%