Гарбузовы тыдзень у “Вясёлцы”

Дар’я НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

Апошні кастрычніцкі тыдзень у рэстаране “Вясёлка” быў прысвечаны вітаміннаму гаспадару нашых палёў у аранжавай кашулі – гарбузу. У гэты перыяд кожны дзень супрацоўнікі ўстановы прапаноўвалі наведвальнікам розныя стравы, незвычайны смак якім надавала гэтая гародніна.
Падчас “Тыдня гарбузовага фэсту” ў меню рэстарана нават самы вытанчаны гурман знайшоў бы смакату на свой густ. Работнікі дадавалі гародніну ў рысавую кашу і салат з яблыкамі. Дзякуючы гарбузу незвычайны смак набылі пячоначныя аладкі і тварожная запяканка. Афіцыянткі Святлана Шведас і Таццяна Грыцук падавалі таксама на стол гарбуз у сметанкова-часночным соусе і суп-пюрэ з карыснай бахчавой культуры. Мне вельмі спадабалася смажаніна “Шляхецкая” ў гаршэчку.
Дарэчы, апошняя страва гатуецца вельмі проста. Повары Святлана Лось, Вольга Адамчук і Кірыл Чыжык (на здымку) расказалі, што для яе прыгатавання неабходны філе птушкі, бульба і, безумоўна, гарбуз. Інгрэдыенты яны наразаюць кубікамі і паасобку абсмажваюць на алеі да з’яўлення лёгкай скарыначкі. Пасля ўсё гэта змешваюць, дадаюць маянэз і духмяную прыправу хмелі-сунэлі. Атрыманае повары складаюць у гаршкі, якія адпраўляюць у духоўку. Пры тэмпературы 170-180 градусаў смажаніна будзе гатовая прыкладна праз паўгадзіны. У дружнай камандзе кухараў рэстарана рупяцца таксама Наталля Сцепанюк і Алена Токар.
Начальнік сектара грамадскага харчавання Брэсцкай міжрайбазы філіяла “Жабінкаўскі” Таццяна Жук расказала, што “Вясёлка” кожны год радуе сваіх наведвальнікаў прыемнымі сюрпрызамі. Яна заўважыла, што ў рэстаране ўжо арганізоўваліся тыдні беларускай, грузінскай, італьянскай і ўкраінскай кухні. У сувязі з гэтым у меню ўстановы з’яўляліся верашчака і мачанка, шашлыкі і бараніна ў вострым соусе, паста і піца, і канечне, боршч з пампушкамі ды іншыя розныя пачастункі, характэрныя для культур гэтых народаў. Сёлета супрацоўнікі “Вясёлкі” ўдала паэксперыментавалі з карысным гарбузом. Яны паабяцалі, што на гэтым сюрпрызы не заканчваюцца і такія тыдні стануць для жабінкаўцаў традыцыйнымі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.