Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Жыхарка Жабінкі Ларыса Мацвяюк заўжды цікавіцца незвычайнай садавінай і гароднінай, любіць эксперыментаваць, спрабуе вырошчваць самыя розныя культуры, не характэрныя для нашай мясцовасці. Раней раёнка пісала пра багаты ўраджай мамордзікі Ларысы Фёдараўны, а сёлета восень шчодра адарыла руплівую гаспадыню духмянай айвой, насенне якой чатыры гады таму жанчына апусціла ў зямлю. З паўднёвай расліны мая гераіня гатуе вось такі пачастунак. Ён падабаецца і родным, і сябрам. Для гэтага ачышчае плады ад насення, наразае тоненькімі скрылёчкамі і кладзе ў паўтаралітровую банку слаямі, чаргуючы з цукрам. Яго шкадаваць не патрэбна: плады самі па сабе вельмі кіслыя, нагадваюць лімон. Атрыманае настойвае, каб айва пусціла сок – дастаткова будзе і сутак. Са смакатою з банкі прыемна піць гарбату, можна намазаць яе і на хлеб. Айву таксама выкарыстоўваюць для прыгатавання варэння, жэле і мармеладу, дадаюць у кампоты і розныя прахаладжальныя напоі, у прыправы, таксама культура мае лекавыя якасці. Кожны можа знайсці свой рэцэпт стравы, у складзе якой з’явіцца духмяная і карысная айва.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%