Спартыўнае свята было на сюрпрызы багата

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Вы лічыце, што спартыўныя спаборніцтвы і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі – рэчы несумяшчальныя? І памыляецеся. Так думала і я, пакуль не пабывала на спартыўна-гульнёвым свяце “За здароўе адказныя і дарослыя, і дзеці”, якое адбылося ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Жабінкаўскага раёна. Яно атрымалася яркім, вясёлым і запамінальным і развеяла некаторыя сумненні і стэрэатыпы.
У азартным спартыўным спаборніцтве нароўні з выхаванцамі цэнтра і дзеткамі, якія знаходзяцца на надомным навучанні, прымалі ўдзел іх бацькі і педагогі. У вясёлых конкурсах за званне самых хуткіх, трапных і лоўкіх змагаліся сем’і Співак, Шуст, Жых, Дубовік, Цуркан, Рыбак, Лугаўцовых.
Вядучая – педагог ЦКРНіР Надзея Жых – арганізавала тузін заданняў, выконваючы якія, каманды “Фіксікі” і “Смяшарыкі” бегалі змейкай, перадавалі адзін аднаму мяч, адгадвалі песенькі па мелодыі, паўтаралі рухі, заканчвалі назвы казак, лоўка арудавалі хакейнымі клюшкамі і мячамі, складалі словы і сказы з шарыкаў, на якіх былі напісаны літары.
Спаборнічалі паміж сабой і капітаны каманд Аляксей Жых і Алег Співак. Прычым хачу заўважыць, што трапныя жарты таты Максіма Жыха выклікалі ў прысутных усмешкі на вуснах і ўзнімалі настрой, а яго аптымізм, мужнасць і цярпенне па жыцці выклікаюць захапленне.
Тэмай дамашняга задання для “Фіксікаў” і “Смяшарыкаў” значыўся слоган “Здаровая ежа – здаровая сям’я”. Удзельнікі адказна падышлі да яго выканання, прыгатавалі нямала смачных і карысных для здароўя страў і прэзентавалі іх для прысутных (дарэчы, многія – у вершаванай форме).
У выніку перамагла дружба, і для яе замацавання вядучая Надзея Жых прапанавала намаляваць дрэва сяброўства. Дзеці з задавальненнем прыкладвалі далоні да ватмана, бацькі абмалёўвалі іх рукі фламастарамі і пісалі пажаданні, галоўным сярод якіх было пажаданне здароўя.
Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і падарункі ад Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Але галоўнае, што ўсе атрымалі зарад бадзёрасці і пазітыву.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.