Сёлета ў суд Жабінкаўскага раёна паступіў іск з адкрытага акцыянернага таварыства “ТэлеСэрвіс ВУ” да Мікалая Ж. аб спагнанні больш за 113 рублёў. У чым жа гэтак завінаваціўся жабінкавец перад фірмаю і які сэрвіс яна прапануе?
У заяве ісцец адзначыў, што між ім, “ТэлеСэрвіс ВУ”, і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Белтэлекам” быў заключаны дагавор. Паводле гэтай дамовы таварыства атрымала права прадастаўляць кліентам “Белтэлекама” “ПСИС” – платныя даведачна-інфармацыйныя паслугі. Напрыклад, бягучым радком ці эсэмэскай дасылаць рэкламу, якая, як вядома, “рухавік прагрэсу”.
Згодна з пунктам 3.1. указанага дагавора, РУП “Белтэлекам” штомесячна прадастаўляе інфармацыю аб колькасці злучэнняў паміж кліентамі і ААТ “ТэлеСэрвіс ВУ”,
іх працягласці і сумы налічаных плацяжоў, а да 30-га чысла кожнага месяца – і пра неаплачаныя сумы. Не застаецца ўбаку і тое, якія меры прыняты да даўжнікоў-абанентаў.
Адным з жадаючых атрымаць паслугі “ПСИС” некалі аказаўся і Мікалай Ж. Яшчэ ў лістападзе 2013 года ён пакарыстаўся паслугамі, а грошы аддаць за іх не спяшаўся. У лютым і кастрычніку наступнага года ў адрас абанента, што завінаваціўся, пасылаліся прэтэнзіі, але запазычанасць так і не была пагашана.
Час ішоў – працэнты “капалі”. Чаму? Бо артыкулам 366 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца адказнасць за невыкананне грашовых абавязацельстваў у выглядзе адсоткаў. Такім чынам, зараз для Мікалая да той аплаты за паслугі, якая раўнялася 76 рублёў 80 капеек, дадаліся па працэнтах яшчэ 36 рублёў 68 капеек – лічы, паўсумы. Ісцец прасіў суд спагнаць усё з адказчыка.
Мікалай Ж. іск прызнаў. Кіруючыся артыкулам 302 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, было прынята судовае рашэнне – спагнаць з Мікалая на карысць ААТ “ТэлеСэрвіс ВУ” 113 рублёў 66 капеек запазычанасці за аказаныя паслугі і 5,68 рубля дзяржаўнай пошліны – усяго 119 рублёў 34 капейкі.
Гэта, аднак, не першы і не адзінкавы выпадак, калі людзі, адгукнуўшыся на рэкламу, заключаюць падобныя дагаворы. Сумніўнымі часам здаюцца ім паслугі, а сумы аказваюцца надзвычай рэальнымі і зусім не малымі – і 60, і 140 рублёў. Людзі адмаўляюцца плаціць, і тады службы, што прыладзіліся да “Белтэлекама”, пасылаюць іскі ў судовую ўстанову.
Толькі сёлета цэлы шэраг жабінкаўцаў – Наталля А., Мікалай З., Святлана Ч., – каб не ісці ў суд, паспяшаліся разлічыцца па рахунках перад рознымі фірмамі, што дзейнічаюць падобна “ТэлеСэрвіс ВУ”. У выніку да гэтых грамадзян было прынята рашэнне “прыпыніць справу ў сувязі з адмаўленнем істца ад іску”.
Наша прапанова для тых, хто збіраецца атрымаць нейкія паслугі: сур’ёзна і дасканала ўчытайцеся ў тэкст дамовы. Пастарайцеся разабрацца, ці патрэбныя вам падобныя паслугі і колькі яны будуць каштаваць для вашага сямейнага бюджэту. Зрабіце гэта перш, чым паставіце свой подпіс пад дагаворам. Каб потым не давялося квіткі аб аплаце ў суд насіць…
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%