Рэабілітаваны пасмяротна

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сімвалам несправядлівасці, знакам вялікай бяды стаў 1937 год. Тады абарваліся біяграфіі многіх слынных людзей. Сярод іх і нашы зямлякі – Маркіян Германовіч і Захар Кавальчук.
Калі пра жыццё і дзейнасць Маркіяна Якаўлевіча, славутага камкора, героя Грамадзянскай вайны, ведаюць многія (ягоным імем нават названа вуліца ў Жабінцы), дык асоба Захара Захаравіча, які загінуў у Мінску роўна 70 гадоў таму, дасюль губляецца за дымкаю мінулага. Паспрабуем аднавіць некаторыя моманты жыцця, што абарвалася гэтак трагічна – на самым узлёце.
Ён нарадзіўся ў Крыўлянах у 1893 годзе. 18-гадовым юнаком паехаў на заробкі ў Злучаныя Штаты, дзе працаваў на знакамітым аўтамабільным заводзе ў Дэтройце. Падзяляў ідэі агульнай справядлівасці і “светлага заўтра”, таму стаў членам Камуністычнай партыі ЗША. У 1920 годзе за сваю дзейнасць быў высланы на радзіму. Пасля працы ў Маскве і заканчэння савецкай партыйнай школы ў 1930-м пасланы ў Беларусь, дзе ўзначаліў аддзел кадраў Цэнтральнага Камітэта КП(б)Б,
затым – Мінскі гаркам партыі. Паміж 1932 і 1936 гадамі Захар Кавальчук – старшыня Белсаўпрофа, кіраўнік Бюджэтнай камісіі Цэнтральнага выканкама Беларускай ССР.
Так, Кавальчук быў прыкметнай фігурай сярод палітычных дзеячаў краіны. Як ужо гаварылася, у 1932 годзе яго абралі старшынёй беларускіх прафесійных саюзаў, а калі праз год Наркамат працы зліўся з прафсаюзамі, абавязкаў у старшыні стала намнога больш. Родныя амаль не бачылі дома мужа і бацьку. У яго абавязкі цяпер уваходзіла безліч надзённых пытанняў: патрэбна было займацца і сацыяльным страхаваннем, і кантраляваць становішча тэхнікі бяспекі ды аховы працы. Захар Захаравіч лічыўся трэцяй асобай у БССР. Ён быў на вяршыні, калі раптам усё закруцілася ў жудасным калейдаскопе. Наступіў трыццаць сёмы год…
Нечакана Кавальчук быў выкліканы ў Маскву. 17 мая яго выключылі са складу ЦВК Саюза ССР. Затым – арышт і кароткі суд над чарговым “ворагам народа”. 29 кастрычніка – прыгавор: расстрэл, прыведзены ў выкананне праз некалькі гадзін.
Амаль праз дваццаць гадоў, як прагучаў стрэл, што перарваў жыццё, крыўлянец Захар Захаравіч Кавальчук вярнуў сваё добрае імя.
Яго рэабілітавалі.
Пасмяротна…
На здымку: Захар Кавальчук за тры гады да трагічнага 1937 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.