Прозвенел последний звонок

Прозвенел последний звонок

Майскі дзень, па-сапраўднаму цёплае сонца і звонкае шчабятанне вясновых птушак — менавіта з гэтым асацыіруецца апошні школьны званок. Гэтая падзея знакавая, шчымлівая ў жыцці вучняў і іх бацькоў, педагогаў. Першакласнікі, напрыклад, паспяхова закончылі першы клас, а выпускнікі развітваюцца са школай. Свята гэтае пакідае ў душы ў кожнага найлепшыя ўспаміны пра школьныя гады. Смех сяброў, урокі, якія доўжыліся, здавалася, вечнасць, і кароткія перапынкі, строгія настаўнікі — пасля апошняга званка ўспрымаюцца зусім па-іншаму.
Урачыстасці з нагоды апошняга званка ці, як кажуць пра іх у народзе, развітанне з дзяцінствам, адбыліся на Жабінкаўшчыне 30 і 31 мая. Першымі пачулі яго юнакі і дзяўчаты першай і другой гарадскіх, Крыўлянскай, Якаўчыцкай і Ленінскай адзінаццацігодак. Паводле традыцыі права празваніць апошні званок было дадзена найлепшым вучням, якія за год хораша праявілі сябе ў вучобе, творчасці, спорце.
У Крыўлянскай сярэдняй школе гэта зрабілі Вячаслаў Пасюк і Аляксандра Бакун. Добрыя словы на дарогу выпускнікам гаварылі намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк, дырэктар  А.І.Казюра, класны кіраўнік В.В.Сакалова, першая настаўніца Л.А.Сідарава і бацькі. Кожны з выступоўцаў падкрэсліваў, што апошні званок — гэта развітанне з пэўным этапам у жыцці і сустрэча з невядомым і такім загадкавым будучым. Дзень гэты крышачку сумны, у які на шчоках з’яўляюцца слёзкі, але яны чыстыя, а смутак — прыемны, таму што ён змешаны з нецярплівым чаканнем таго, што ж наперадзе.
Дарэчы, на Жабінкаўшчыне сёлета 292 дзевяцікласнікі і 286 адзінаццацікласнікаў. Паводле папярэдніх дадзеных у нас будзе 7 медалістаў, найбольш іх у СШ №3 г.Жабінка — 4, ёсць таксама ў Ленінскай і першай гарадской сярэдніх школах. Каля 80 выпускнікоў атрымаюць Пахвальныя лісты за выдатнае авалодванне асобнымі прадметамі.
Дзевяцікласнікам будзе ўручана пяць пасведчанняў з адзнакай. Ёсць такія вучні ў Ленінскай, Ракітніцкай, Азяцкай, трэцяй і другой гарадскіх адзінаццацігодках.
Апошні школьны званок прагучаў. Наперадзе экзамены і выпускны вечар. Сілы вам, уседлівасці, удачы і не расслабляцца. Наперадзе тэсціраванне — першае выпрабаванне 14 чэрвеня г.г.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top