Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Сёлета жыхарцы аграгарадка Сцяпанкі Тамары Мацвееўне Макасюк споўнілася 75 гадоў. Шмат чаго здаралася ў жыцці за гэтыя тры чвэрці стагоддзя, аднак, хоць і няпростым яно выдалася ды “лёс неаднойчы за кучары трос”, але захавала ў сабе жанчына шчырую ўдзячнасць да людзей, што былі побач і ў дарозе жыццёвай дапамагалі. У пашане адзін да аднаго жыве яна ўжо больш за паўвека з Іванам Аксенцьевічам. Пра іх лёсы, сплеценыя ў адзіны, сённяшні наш расказ.
Чужое – святое
ЗВЫЧАЙНА ПАЖАДАННІ суразмоўцы выказваюць напрыканцы размовы. У гэты раз адбылося інакш. З першых слоў Макасюкі распавялі не пра сябе, а пажадалі іншым:
– Мы людзі ўжо старыя – доўгі век пражылі. Таму на ўласным прыкладзе хочам усім маладым пажадаць: цаніце адзін аднаго, жывіце дружненька, як бусляняты, вучыцеся дараваць, тады і каханне трывалым будзе на доўгія гады. Што ж вам, даражэнькія, жаліцца? Маеце тое, пра што нам і не марылася.
Амаль без пераходу Тамара Мацвееўна ў думках і ўспамінах раптам апынулася ў сваім маленстве, апаленым ліхім часам, агульнай бядой.
– Я ў вайну на свет прыйшла, на Капыльшчыне, у дзявоцтве была Латушка. Нас у таты з мамаю нарадзілася пяцёра. Бацькі мае былі баязлівыя: каб нешта чужое ўзяць – і думаць забудзь! Так нас, малых, вучылі: гэта ж не тваё – толькі ад работы можна нешта атрымаць. Хоць праца тая была – за працадні… І ў вайну жылося не лягчэй гаротнай нашай сям’і. Старэйшы брат Валодзя быў рабенькі – увесь твар вяснушкамі абсыпаны. Немцы неяк на падводзе ў нашы Лютавічы па кантрыбуцыю прыехалі, забіралі “млека, яйкі” і ў нас гусака прыхапілі. Вова пайшоў прасіць, каб вярнулі беднай сям’і птушку. Немец, як зірнуў на яго, пачаў смяяцца, пальцам у твар тыкаць, быццам рабацінне ўпершыню пабачыў, а потым узяў ды аддаў першую гусь, што пад рукі трапіла. Але ж тая не наша аказалася – суседчына, дык маці без ваганняў гаспадыні занесла. Хоць і самі пухлі, ды ведалі: чужое ўзяў, а грэх на сваю душу паклаў.
Яшчэ адна карцінка з дзяцінства часам у снах Тамары Мацвееўны прымроіцца. Вайна мінула, а голад не адступіў.
– Лён, як праклён, трапалі. Каля рэчкі грэчачка расла, збіралі дробнае зернейка. Толькі б падсілкавацца, – распеўна ўспамінае жанчына. – Неяк па вясне бульбу капалі, што заставалася пасля зімы ў зямлі. З яе матуля блін спякла, падзяліла паміж дзецьмі. Старэйшыя з’елі, а я схавала… у кніжку. У абед мама шчаўе давала, а я дастала свой “скарб” і перад усімі трасу. Ох, Божа ж мілы, якія вочы былі ў мамы ды іншых дзяцей, як надкусіла… І цяпер памятаю, сорамна, быццам чужое ела…
Сваё – найсвяцейшае
З ФРОНТУ БАЦЬКА Мацвей Максімавіч жывы вярнуўся, але захварэў моцна. У 1949-м
выправіўся ў сталіцу – ажно да міністра аховы здароўя на прыём. І настаяў, каб той выслухаў былога франтавіка. Сказаў па-простаму, без ніякай мудра-гелістасці:
– Дапамажыце вылечыцца, таварыш міністр. Не пра сябе дбаю. Пяць дзетак у мяне. Як я памру – і яны не выжывуць…
І сам выжыў, і дзетак са сваёй Надзеяй Мікалаеўнай вырасціў, адукаваў, у вялікі свет выправіў, каб род працягвалі-множылі.
Гэтак было: людзі найперш пра іншых думалі. Сёння, здаецца, і ёсць усё, каб апрануцца ды наесціся, але ж нешта за смугою часу беспаваротна згубілася. Так падумалася, як слухаў Макасюкоў. Яны гаварылі пераканана, бо век пражылі, з горкай іроніяй, быццам думкі мае падслухалі:
– Раней, хоць было бядней, людзі адзін аднаму памагалі. Сябрамі даражылі, а цяпер – далярамі. Нам іх многа трэба, мы іх лічым, беражом. Такога ж раней не было: сядзім па хатах, не спяваем, да іншых не ідзём…
А калісь яе Іван далёкі шлях прайшоў, пакуль Тамару сваю знайшоў. У 1964-м лёс закінуў сцяпанкаўца Івана Макасюка на Міншчыну, уладкаваўся брыгадзірам у калгас, затым, як тады казалі, пайшоў па партыйнай лініі. Заўважыў гожую дзяўчыну, душою прыляпіўся, праз год руку працягнуў, у сельсавет павёў. І з тае пары жывуць у пары.
Куды іголачка – туды і нітачка цягнецца. У семдзесят першым маладая сям’я пераехала ў Сцяпанкі, у хату, пабудаваную Іванавым бацькам. У гэты самы ўтульны дом, дзе зараз размову вядзём.
Не адразу ў нявесткі склаліся адносіны са свякроўкаю, прызнаецца Тамара Мацвееўна. Але ж прыцерліся з часам, пачулі адна другую дзве гаспадынькі. Як стала старэйшая нямоглаю, маладзейшая яе да смерці дагле-
дзела. Усё па-людску, так як трэба.
Тамара Мацвееўна і сёння мужу надзейная памочніца. Калі мясцоваю гаспадаркаю кіраваў Мікалай Падліпскі, Іван у рост пайшоў –
быў пры старшыні намеснікам і сакратаром партарганізацыі, папрацаваў і ў Арэпічах на тых самых пасадах, а затым і сам стаў старшынёй – Сцяпанкаўскага сельсавета.
Як пару гадоў таму Макасюкі святкавалі залатое вяселле, галоўную жанчыну роду раптам на вершы пацягнула. Неяк рука сама сабою вывела назву “Незаметный юбилей”. Ды куды там! Яшчэ як заўважылі сын з дачкою бацькоўскае свята. І самі выбраліся з горада з падарункамі ды шчырымі віншаваннямі, і ўнукаў прывезлі. Вось і прачыталі за шчодрым сталом матулін твор, што пачынаўся радкамі:
50 лет мы вместе прожили,
По тропинке шли рядом вдвоём.
Счастье, радость и горе делили,
И по жизни мы память несём.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%