Надзвычайных сітуацый з-за непагоды не здарылася

“Паводле аператыўных дадзеных на сённяшнюю раніцу, здарэнняў з-за ветру няма”, – праінфармавалі ў МНС. Як адзначылі ратавальнікі, пры гэтым прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні неспрыяльны.
Як паведамлялася, у Беларусь прыйшоў ураган “Герварт”. На 30 кастрычніка быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага ветру. У многіх раёнах 31 кастрычніка захоўваўся вецер парывамі да 15-22 м/с. Далей цыклон будзе павольна рухацца за межы Беларусі.
Ураган “Герварт” прайшоў па пяці краінах Еўропы: Чэхіі, Славакіі, Германіі, Аўстрыі і Польшчы. Шэсць чалавек загінулі: па два ў Польшчы, Чэхіі і Германіі. Дадзеных аб дакладнай колькасці пацярпелых няма.
У Чэхіі і Польшчы з-за непагоды без электраэнергіі засталіся тысячы людзей. У Чэхіі часткова спынены чыгуначныя зносіны. У нямецкім чыгуначным канцэрне Deutsche Bahn інфармавалі, што стыхія нанесла значны ўрон на некалькіх ключавых маршрутах. У Берліне ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі. На адзін з нямецкіх астравоў выкінула 225-метровы грузавы карабель Glory Amsterdam.

Уважліва сачыце за дзецьмі на канікулах

Мінадукацыі заклікае бацькоў у час школьных канікулаў уважліва сачыць за дзецьмі, у якіх гэтымі днямі з’яўляецца больш свабоднага часу. Аб гэтым карэспандэнту БелТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.
Школы ў час канікулаў праводзяць для дзяцей шмат разнапланавых мерапрыемстваў: фізкультурна-аздараўленчых, патрыятычных, пазнавальных. “Бацькоў, якія жадаюць, каб дзеці на канікулах праводзілі час не ў школе, мы заклікаем не ўхіляцца ад арганізацыі іх адпачынку і сачыць, каб яны не апынуліся на вуліцы без нагляду”, – падкрэсліла Людміла Высоцкая.
Максімальную занятасць педагогі імкнуцца забяспечыць школьнікам, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, а таксама з тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. На канікулах такія дзеці могуць наведваць спартыўныя секцыі, аб’яднанні па інтарэсах, бібліятэкі, спартзалы, басейны, шырока прыцягваюцца да арганізацыі і правядзення ўсіх выхаваўчых мерапрыемстваў.
Спецыялісты сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы адсочваюць сітуацыю ў праблемных сем’ях. І акрамя выхаваўча-прафілактычнай работы з дзецьмі праводзяць мерапрыемствы і з бацькамі – спецыяльныя трэнінгі, індывідуальныя і групавыя кансультацыі.
Як паведамлялася, 28 кастрычніка ў Свіслачы ў раёне вуліцы Даўмана ў Мінску ледзь не патануў дзевяцігадовы хлопчык. Да прыбыцця ратавальнікаў і хуткай дапамогі дзіця выцягнуў з вады выпадковы прахожы – 16-гадовы першакурснік каледжа. Выратаваны быў перададзены брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі без дыхання і сэрцабіцця. Медыкі змаглі запусціць сэрца хлопчыка. Цяпер ён знаходзіцца ў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы, яго стан стабільны, цяжкі.

Трэба шукаць новыя формы работы з насельніцтвам

Мясцовым органам улады неабходна шукаць новыя формы работы з насельніцтвам, больш сустракацца з людзьмі асабіста. Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.
“Работу са зваротамі грамадзян трэба ўзяць на самы строгі кантроль, – адзначыла Наталля Качанава, звяртаючыся да кіраўнікоў адміністрацый раёнаў. – Паглядзіце іншыя формы і метады. Гэта не толькі суботнія прамыя тэлефонныя лініі, не толькі прыёмы ва ўстаноўленыя дні. Гэта дадатковыя сустрэчы з насельніцтвам”.
Неабходна больш сустракацца з людзьмі на месцах і правяраць рэальныя ўмовы іх жыцця, у тым ліку, каб выключыць спекуляцыі. Ідэальны варыянт, на думку кіраўніка Адміністрацыі, калі людзі ідуць у нізавое звяно і там іх пытанне вырашаецца, не ствараючы вал зваротаў у вышэйшыя органы.
Асаблівую ўвагу Наталля Качанава звярнула на колькасць пытанняў у сферы ЖКГ. Тэмы, звязаныя з ушчыльненнем, рассяленнем, па-ранейшаму прысутнічаюць у парадку дня. Але з’явілася і шмат пытанняў, што датычацца няякаснага капітальнага рамонту. Такога, каб пасля яго даводзілася яшчэ і ліквідаваць недахопы, быць не павінна. Гэта нонсэнс, заявіла Наталля Качанава.

Да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі

Экспазіцыю плакатаў да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі рыхтуе Нацыянальны гістарычны музей Беларусі.
Калекцыя налічвае каля 17 тысяч адзінак. У ёй прадстаўлены плакаты ад 1914 года па сённяшні дзень. Асноўную частку складаюць палітычныя плакаты 1950-1980-х гадоў, выдадзеныя ў Маскве, Ленінградзе, Мінску і прысвечаныя знешняй палітыцы, барацьбе за мір, піянерскай і камсамольскай арганізацыям, Канстытуцыі, іншым падзеям жыцця былога СССР.
Нараўне з палітычнымі калекцыя захоўвае плакаты, накіраваныя на ахову помнікаў гісторыі і культуры, прапаганду дасягненняў беларускага кнігадрукавання, народнай творчасці і іншыя. Практычна ўсе галіны дзейнасці знаходзіліся ў сферы ўвагі мастакоў-плакатыстаў: прамысловасць, сельская гаспадарка, навука і тэхніка, перапіс насельніцтва. Хібы ў будаўніцтве, ахове здароўя, гандлі знайшлі адлюстраванне ў сатырычных плакатах.
Па матэрыялах БелТА.

 

 

 

 

 

 

 

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*