Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
У кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Бярозка” Сяргея Кузняца ёсць усе падставы ганарыцца сваімі дасягненнямі: сёлета ён атрымаў неверагодны ўраджай цукровых буракоў. На асобных палях салодкія карані дасягнулі звыш 5 кілаграмаў кожны, што дае магчымасць сабраць з гектара больш як 1200 цэнтнераў! Нават па еўрапейскіх мерках гэта вельмі-вельмі годны вынік сялянскай працы (у сёлетні, спрыяльны для гэтай культуры год, сярэдняя ўраджайнасць па вобласці складае 420 цэнтнераў на круг).
У чым жа сакрэт такога поспеху? Адказ дае Сяргей Аляксандравіч Кузнец. А каб словы не разыходзіліся са справай, едзем на поле – пабачыць цукровыя карані-волаты.
Участак зямлі, які займае 30 гектараў, уражвае: нават у апошнія кастрычніцкія дні з начнымі прымаразкамі ён увесь зялёны ад сакавітага бацвіння, а буракі – адзін у адзін, нібы салдаты на пляцы. Сяргей выцягвае “карэньчык”. Любата: бялюткі, правільнай формы, з прадаўгаватым хвосцікам.
– Яшчэ вясной думаў, што на гэтым полі нічога ладнага не будзе, – узгадвае гаспадар. – Яго рыхтавалі позняй вясной, апрацавалі гліфасатамі. Калі сеялі, пыл стаяў слупом. Насенне спачатку ўзышло слаба. А тут яшчэ вецер падняўся, усталявалася засуха, некаторыя ўчасткі зацягнула пяском. Ды, мабыць, боская міласць, сонца і дождж паспрыялі росту раслін: калі надышоў час паджыўляць пасевы, яны зазелянелі адным шчыльным дываном.
Капрызны гібрыд “Нэнсі” радуе дагэтуль сакавітым бацвіннем. Сяргей Аляксандравіч спадзяецца, што гэты сярэднеспелы сорт фірмы “Мaribo”, з якою супрацоўнічае каторы год, пакуль настане час выкопвання, яшчэ набярэ вагу і цукрыстасць. Ва ўсялякім выпадку толькі з гэтага ўчастка мяркуе здаць на цукровы завод не менш за 3000 тон буракоў. Столькі ж, колькі сабралі, скажам, у ААТ “Шпіталі” з участка, у чатыры разы большага за “фермерскі”.
Ёсць у Сяргея Кузняца яшчэ некалькі надзелаў зямлі. Неблагі ўраджай атрымаў ён ля вёскі Вярхі – да 800 цэнтнераў на круг. Бункер буракаўборачнага камбайна “Холмер” запаўняўся літаральна за некалькі хвілін. Таму механізатару давялося нямала “пакумекаць”, як падрэгуляваць нажы ў камбайне, каб менш зразаць “вяршкі” і “карэньчыкі”.
– Я літаральна закахаўся ў гэтую культуру, – расказвае Сяргей. – Калі мець правільны падыход, ведаць усе тонкасці вырошчвання – заўжды будзеш з прыбыткам. Нярэдка даводзілася чуць, што землі прызаводскай буракасеючай зоны (у прыватнасці, Жабінкаўшчыны) – малапрыдатныя для вырошчвання каранёў. Няпраўда. Няма кепскай зямлі – ёсць няправільны падыход да яе. Зямля аддзячвае за клопат. Галоўнае – не ленавацца, даць ёй усё пад поўную патрэбу. А цукровыя буракі ў адносінах да падрыхтоўкі глебы, апрацоўкі раслін, унясення тукаў і г.д. сквапнасці і неахайнасці не трываюць.
…Сяргей узгадвае тое першае поле, атрыманае яшчэ бацькам-нябожчыкам у 1995 годзе, – 7 гектараў зямлі непадалёку ад вёскі Горкі. Пасеялі на ім пшаніцу, буракі, пасадзілі бульбу, сабралі неблагі ўраджай. Акрыленыя поспехам, праз некалькі год узялі яшчэ 7 гектараў зямлі, потым 62. Каб сабраць ура-джай, над кожным даводзілася нямала папрацаваць. Надоўга запомніў Сяргей 30-гектарны кавалак зямлі ля Вярхоў. Мясцовыя жыхары круцілі пальцам ля віска: “Кузнец, навошта ён табе? Тут нават пшаніца не расце, а буракі – тым болей!” Усёй сям’ёй ачышчалі ўчастак ад смецця – вывезлі некалькі прычэпаў шпагату, якім цюкі саломы абмотваюць, кавалкаў рванага поліэтылену, бітай цэглы. Пасеялі буракі, і яны не падвялі, добра ўрадзілі.
…Бацька заўважыў у ім жылку гаспадарлівасці, адправіў стажыравацца ў Германію да фермера-міліянера. Многія метады працы, “падгледжаныя” за мяжой, спатрэбіліся маладому Кузняцу на жабінкаўскай зямлі. Паспрабаваў разводзіць свіней, меў свінаматак у бабуліных хлявах, давёў статак да 60 галоў. Ды, пэўна, зайздрасць людская прымусіла яго “згарнуць” справу, таму поўнасцю прысвяціў сябе раслінаводчай галіне.
– Засяродзіўся на вырошчванні цукровых буракоў, – кажа фермер. – Здаецца, пра іх ведаю практычна ўсё. Асабліва дапамаглі ўдасканаліць веды так званыя вопытныя пляцоўкі на маіх палях, арганізаваныя цукровым заводам. На працягу трох гадоў праводзілі вопыты – высявалі буракі розных гібрыдаў і вытворцаў. Мяне цікавіла літаральна ўсё: тэрміны ўзыходжасці і выспявання, успрымальнасць да хвароб, набіранне цукру, колер, памер, форма каранёў і г. д. Асабліва мне падабаецца насенне фірмы “Мaribo” (дарэчы, на Гродзеншчыне ў СВК “Свіслач” і на Брэстчыне, у Пружанскім ААТ “Вялікае Сяло-АГРА”, яно сёлета таксама парадавала неблагім ураджаем – каля 1000 цэнтнераў з гектара). Ну, і надвор’е нельга не ўлічваць.
Абзавёўся Сяргей неблагой тэхнікай. Напрыклад, сёлета набыў буракасеялку Monasem з сістэмай лакальнага ўнясення мінеральных угнаенняў. Унушальны для фермерскай гаспадаркі машынна-трактарны парк: чатыры трактары МТЗ 12-21, два – МТЗ-82, адзін – 80, два – 952, ёсць КаМАЗ, МАЗы з паўпрычэпамі. Цяпер фермерская гаспадарка з лірычнай назвай “Бярозка” займае 330 гектараў. І, як лічыць Сяргей, гэтага мала, каб разгарнуцца: “Прашу яшчэ хаця б 300, а лепей – 500-600 гектараў для нармальнага севазвароту. Адчуваю ў сабе сілы, гаспадарыць на зямлі люблю і ўмею…”
…На пытанне, якое задавала Сяргею ў пачатку размовы, ён адказаў проста: “Няма ніякага сакрэту. Трэба працаваць шчыра, многа, штодзённа. Рабочы дзень фермера заканчваецца не ў 17 гадзін, а ў 3 ночы і пачынаецца ў 7 раніцы. Не кожны гатовы аддаваць усе сілы зямлі. Многія проста развучыліся любіць яе”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%