Крысціна Семянюк. Фота Святланы Кіслай.
Людзі ўвесь час кажуць пра тое, што ў жыцці абавязкова трэба зрабіць правільны выбар. Адукацыі, прафесіі, сям’і… А іншыя раяць: проста майце асалоду ад навакольнага свету і будзьце шчаслівыя! Пра тое, як атрымліваецца сумяшчаць адно і другое, расказаў электрагазазваршчык пятага разраду участка кацельнай гаспадаркі Жабінкаўскай ЖКГ Андрэй Чарнак (на здымку).
Андрэй нарадзіўся ў вёсцы Канатопы нашага раёна. У школу хадзіў у Пелішча. Дабіраўся хлопчык туды часта пешшу, бо да аўтобуснага прыпынку ісці было не намнога бліжэй. Школьныя прадметы Андрэю даваліся нялёгка. Скончыўшы дзевяць класаў, падпрацоўваў у розных месцах. У выніку запісаўся на курсы электрагазазваршчыкаў у Брэсце. І хлопец, які ў школе не меў значных поспехаў у вучобе, адразу стаў выдатнікам і з цікавасцю ўбіраў у сябе недаступную раней інфармацыю.
Праз тры месяцы Андрэй адправіўся працаваць па спецыяльнасці ў гаспадарку “Арэпічы”, маючы толькі тэарэтычныя веды пра сваю прафесію і трэці разрад. “На курсах для нас правялі ўсяго некалькі практычных заняткаў. Нават экзамены мы здавалі толькі па тэорыі”, – успамінае малады чалавек. У выніку Андрэй спасцігаў асновы майстэрства зваршчыка ў “Арэпічах”, вучыў яго мясцовы спецыяліст. “Спачатку нічога не атрымлівалася. Баяўся, рукі дрыжалі. Праца ж небяспечная, – расказвае Андрэй. – Але я ўвесь час практыкаваўся. Сам працэс зваркі мне адразу спадабаўся”.
Праз некаторы час другі зваршчык з “Арэпічаў” пайшоў на пенсію, а Андрэй застаўся адзіным спецыялістам. Папрацаваўшы ў адзіночку, мужчына адчуў упэўненасць у сваіх сілах. Праз год Андрэй Чарнак уладкаваўся электрагазазваршчыкам у Жабінкаўскую ЖКГ. І вось ужо сем гадоў атрымлівае задавальненне ад таго, чым займаецца. Здавалася б, што незвычайнага ў працы зваршчыка? Кіламетры і кіламетры труб дзень за днём – і ніякай разнастайнасці! “Мне падабаецца, калі атрымліваецца акуратна зварыць складаны ўчастак. З вопытам я навучыўся адчуваць метал, тэмпературу. Заўсёды ведаю, калі трэба спыніцца, каб атрымаць ідэальны вынік”, – расказвае Андрэй. Ён, дарэчы, умее варыць па люстэрку. Калі няма магчымасці дабрацца да патрэбнага месца, зваршчык падстаўляе люстэрка і арыентуецца толькі на адбітак. Гэта неверагодна тонкая і складаная праца.
Пачуўшы пра таленавітага маладога зваршчыка, Андрэя Чарнак спрабавалі “пераманіць” уладальнікі прыватнага бізнесу. Ён папрацаваў у іншых месцах, аднак у выніку вярнуўся ў ЖКГ. “Тут адназначна самыя камфортныя ўмовы працы. І з калектывам участка кацельнай гаспадаркі склаліся сяброўскія адносіны”, – кажа Андрэй.
На пытанне, пра што заўсёды трэба помніць зваршчыку, мужчына ўпэўнена адказвае: пра тэхніку бяспекі! Для працаўнікоў ЖКГ увесь час праводзяць інструктажы, а раз у год яны здаюць экзамены.
У вольны час Андрэй займаецца рамонтам у сваім доме. А яшчэ вельмі любіць збіраць грыбы. І цяперашні год не расчараваў аматараў “ціхага палявання”. “Грыбы я салю, марыную. Люблю іх практычна ў любым выглядзе. Хіба што кампот не вару”, – смяецца Андрэй.
Некалі ён хацеў заняцца мастацкай коўкай, але гэтак і не ажыццявіў сваю мару. Захапленне гэтае нятаннае: патрабуецца спецыяльнае абсталяванне і ўласная кузня. Аднак на дасягнутым Андрэй спыняцца не збіраецца. У планах у яго прайсці курсы і атрымаць шосты разрад, каб мець магчымасць працаваць з газавымі трубамі. Тады ў спецыяліста з’явіцца і ўласнае кляймо: поруч з кожным швом, выкананым Андрэем, будзе выведзены яго персанальны нумар. Такія своеасаблівыя “знакі адрознення” маюць усе электрагазазваршчыкі шостага разраду. “Я хачу ісці наперад, развівацца прафесійна”, – сур’ёзна кажа Андрэй.
Калі бачыш чалавека, які так шчыра захоплены сваёй справай, верыш, што ў яго ўсё атрымаецца. А яшчэ ўсведамляеш, што Жабінкаўшчына дорыць свету майстроў з залатымі рукамі!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%