Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Як магніт, маленькага Юру да сябе прыцягвала тэхніка. Разам з бацькам хлопчык рамантаваў свой веласіпед, а пазней – матацыкл. У 1987 годзе ён завяршыў навучанне ў вучэбна-вытворчым камбінаце і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. З той пары мой герой амаль не расстаецца з рулём, мае правы розных катэгорый, а яшчэ перадае свой вопыт навічкам і вучыць іх адчуць сэрцабіццё аўтамабіля.
Добрую вадзіцельскую практыку Юрый Сазонаў атрымаў у войску. Больш за два гады ён служыў у Германіі, дзе з адказнасцю і клопатам ставіўся да свайго новага “жалезнага сябра”. Калі вярнуўся на радзіму, папоўніў дружны калектыў саўгаса “Жабінкаўскі”. Тут Юрый сем гадоў шчыраваў вадзіцелем, самастойна займаўся рамонтам тэхнікі, стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы.
Апошнія дваццаць гадоў мой герой у пэўным сэнсе яшчэ і педагог. У 1997 годзе ён прыйшоў працаваць у Беларускае таварыства аўтамотааматараў у Брэсце, дзе і атрымаў пасведчанне, якое дазваляла Юрыю навучаць навічкоў сваёй любімай справе. Затым некаторы час ён рупіўся ў аўташколе “Вялікая мядведзіца”, а менавіта ў яе жабінкаўскім філіяле “Аўтастарт”. Ужо шмат гадоў шчыруе майстрам вытворчага навучання па ваджэнні механічных транспартных сродкаў у ДТСААФ імя Дзмітрыя Карбышава. Юрый Аляксеевіч навучае групы будучых вадзіцеляў у Жабінцы і Брэсце. Змяняліся месцы працы, але заставалася нязменнай любоў да тэхнікі, да таго, чым займаецца.
Можна дадаць, што Юрый не толькі сапраўдны прафесіянал з багатым вадзіцельскім стажам і педагог, але і псіхолаг. Да кожнага свайго падапечнага ён знаходзіць асаблівы падыход, бо, безумоўна, за рулём у навічкоў не ўсё атрымліваецца з першага разу. Ваджэнню ў аўташколе прысвечана 50 гадзін – гэта няшмат, таму Юрый Аляксеевіч намагаецца з максімальнай карысцю правесці гэты час з навучэнцамі. Ён з разуменнем ставіцца да іх няўдач, заўжды гатовы прыйсці на дапамогу ў няпростай сітуацыі на дарозе, раіць і падтрымлівае.
– Спачатку я ўсё расказваю і паказваю, пасля адпраўляемся на аўтадром, – заўважае мой герой. – Перш-наперш неабходна выканаць самыя простыя практыкаванні: навучыцца пераключаць перадачы, акуратна паварочваць, “пасябраваць” з рулём. Толькі практыка і вопыт дапамогуць добра авалодаць аўтамабілем, адчуць яго. Паступова пачынаем выязджаць за горад – гэта складаней. Самы вялікі стрэс для многіх – паездкі ў цэнтры населенага пункта. Я ўжо навучыўся разумець вучня нават па поглядзе: гатовы ён выканаць новы элемент ваджэння ці не. Аднаму хопіць і раза, а іншаму будзе мала і дзесяць разоў для дасягнення пэўнай мэты ў гэтай справе. Поспехам сваіх падапечных радуюся разам з імі. Прыемна, калі пасля прыходзяць і дзякуюць за перададзены вопыт, калі былыя выхаванцы прыязджаюць павітацца на аўтадром ці сігналяць у горадзе.
Мой герой вучыў ваджэнню і свайго калегу Аляксандра Дзмітрука, з якім яны працуюць у зладжанай камандзе не першы год. Навучалася ў Юрыя і ягоная дачка Настасся, мае вадзіцельскае пасведчанне і жонка Алена, цягнецца да тэхнікі сын Станіслаў. Юрый Аляксеевіч прызнаецца, што ўласнай машыны не мае – на рабоце і так цэлы дзень на колах. У вольны час любіць адправіцца на веласіпедзе на рыбалку. Шмат часу і догляду таксама патрабуюць уласны дом і агарод. Дружныя Сазонавы заўжды віншуюць свайго тату з прафесійным святам, ладзяць сямейную вячэру.
– Як вы лічыце: што самае галоўнае ў справе, якой вы займаецеся на працягу многіх гадоў? – пытаюся ў Юрыя Аляксеевіча.
– Ведаеце, калі ў чалавека нешта добра атрымліваецца, то кажуць, што ў яго да гэтага душа ляжыць, – адказвае мужчына. – Тут тое ж самае. Вы павінны хацець стаць з тэхнікай адным цэлым, толькі тады навучыцеся яе разумець і адчуваць, тады дакладна ўсё атрымаецца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%