Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Пошуку адказу на гэтую жыццёвую задачу 18 кастрычніка быў прысвечаны семінар-практыкум у Камянцы, на які сабраліся супрацоўнікі раённых газет “Навіны Камянеччыны” (альбо прасцей – “НК”) і “Сельскай праўды” (“СП”).
Кропкі сутыкнення
НЕЗДАРМА ГАВОРЫЦЦА: “Усё новае – даўно забытае старое”. Гэтая думка неаднойчы гучала падчас сустрэчы, што насіла не толькі дзелавы, але й сяброўскі характар. Журналісты старэйшых пакаленняў дасюль згадваюць шчыльныя кантакты, што меліся раней з украінскімі, польскімі калегамі, сябрамі-аднадумцамі па газетным цэху з суседніх раёнаў. Так, Жабінкаўшчына ды Камянеччына паяднаны не толькі геаграфічна, але і гістарычна. Нітка, што нас звязвае, праходзіць праз чалавечыя лёсы. Нездарма адным з вынікаў перамоў паміж прадстаўнікамі дзвюх рэдакцый стала стварэнне ў наступным годзе тэматычных старонак у “СП” і “НК”, дзе жабінкаўцы раскажуць сваім чытачам пра каменчукоў, якія знайшлі працяг біяграфій у нашым раёне, а суседзі-журналісты адшукаюць жабінкаўскія карані-вытокі ў лёсах сваіх землякоў.
Як паўстагоддзя таму адрадзілася жабінкаўская газета, не хапала мясцовых кадраў. Таму для стварэння “Сельскай праўды” былі запрошаны каменчукі: Барыс Брэўдо, Віталь Канавалюк, Іван Міцковіч. Кожны з іх у свой час узначальваў “СП”, пад іх кіраўніцтвам раёнка з нумару ў нумар заставалася летапісцам нашага краю.
Пытанні супрацоўніцтва…
МАЮЧЫ ЗА ПЛЯЧЫМА важкі багаж, назапашаны папярэднікамі, сённяшнія “сельскапраўдаўцы” цудоўным сонечным днём выправіліся на семінар у Камянец. Праграма нарады была акрэслена такім чынам, каб галоўнымі момантамі сталі знаёмства з працай калег – абмен вопытам – перспектывы супрацоўніцтва. Не менш важнай была мажлівасць дакрануцца да багатай гістарычнай спадчыны, якая вылучае ў асяродку беларускіх гарадоў старажытны Камянец, што адзначыў летась свае 740-я ўгодкі.
Па-добраму можна было пазайздросціць калегам, слухаючы расповед галоўнага рэдактара “Навін Камянеччыны” Віктара Дулевіча. Нават калі пакінуць па-за дужкамі матэрыяльны складнік раёнкі (а гэта і абсталяванне, і памяшканне, што займае рэдакцыя, і тэхніка, якой карыстаецца), усё ж галоўнае – добразычлівы мікраклімат, адчувальны сярод маладога па ўзросце калектыву. Сённяшняе жыццё бріць, і на вастрыі яго знаходзяцца такія ж вострыя на пяро камянецкія журналісты: Ганна Соўпель, Настасся Янкіна, Дзяніс Трацюк, Алег Кунах, намеснік галоўрэда Вера Іванюковіч, адказны сакратар і таленавітая паэтка Настасся Нарэйка (дарэчы, сёлетні лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка).
Асаблівую ўвагу ў “Навінах Камянеччыны” надаюць вёрстцы і насычанасці газетнай паласы фотаздымкамі (нездарма сам галоўны рэдактар, карэнны камянчук, які не стамляецца прызнавацца ў любові роднаму гораду, – прафесійны дызайнер).
Асаблівы клопат – чытацкія праблемы. Напрыклад, тутэйшыя рэпарцёры размясцілі ў Камянцы і Высокім скрыні, куды кожны (нават ананімна) можа апусціць запіску з прапановамі або скаргамі, і словы гэтыя будуць абавязкова ўспрыняты сур’ёзна і даведзены да ўладаў ці арганізацый, што дапусцілі нейкую прамашку альбо не пачулі ў час крык чалавечай душы. Рэакцыя ад адпаведных службаў наступіць абавязкова, бо журналісцкае слова мае вагу. Калі пагартаць падшыўкі газеты, можна ўпэўніцца: “зваротная сувязь” паміж чытачом і рэдакцыяй існуе трывалая.
Віктар Іванавіч увогуле не рабіў сакрэтаў, дзяліўся сваімі здабыткамі і планамі, як яшчэ больш павялічыць тыраж, стаць бліжэй да так званага “простага чалавека”, палепшыць якасць выдання, адкрыць фоталабараторыю, пашырыць выдавецкую дзейнасць і г.д. Хоць тайнаў у тым не можа быць ні ў кога з пішучай браціі, бо ўніверсальны “рэцэпт” поспеху акрэсліў яшчэ вялікі Вальтэр, калі афарыстычна прамовіў: “Добрыя ўсе жанры, акрамя нуднага”.
Дзейнасць камянецкай рэдакцыі заўважана, належна ацэнена і на ўзроўні краіны. Нездарма з мінулага года ў рэдакцыі прапісалася “Наша Дзяўчынка”, як іранічна, але з любоўю называюць важкую статуэтку “Залатой літары”, што ўручаецца ў Беларусі найбольш паспяховым СМІ.
Досыць шмат у каменчукоў і цікавых праектаў. Адзін з іх, які цягнецца з нумару ў нумар вось ужо другі год запар, выклікае асаблівы гонар. Гэта “Камянец на старых фотаздымках”, які ажыццяўляе краязнавец Андрэй Асташэня. Пачынанне фінансава падтрымана Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН. У выніку створаны надзвычай цікавыя альбом і фотамаршрут па горадзе, у якім мінулае крочыць побач з сучаснасцю. Тым маршрутам прайшліся і жабінкаўскія журналісты, узняліся на велічную Камянецкую Вежу, слухаючы расповед галоўнага рэдактара, які аказаўся яшчэ і дасціпным расказчыкам, што ў падрабязнасцях ведае гісторыю роднага краю. Таму было прыемна з ягоных вуснаў пачуць:
– Не толькі вы нечаму можаце павучыцца ў нас, але і мы ўжо “падгледзелі” цікавыя напрацоўкі ў “Сельскай праўдзе”, якія абавязкова прыменім у сваёй рабоце.
…і клічнік напрыканцы
КАЛІ ПАЕЗДКА на “планёрку” ў суседні раён толькі рыхтавалася, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і спраў моладзі Вадзім Ляўковіч і кіраўнік журналісцкай сябрыны вобласці Аляксандр Лагвіновіч, не згаворваючыся, пажадалі паспяховай працы “семінарыстам” і выказалі надзею, што падобныя міжрэдакцыйныя сустрэчы стануць добрым прыкладам для іншых, паспрыяюць творчасці ды братэрству. Здаецца, іх наказ быў выкананы.
…Кожны па-свойму можа расшыфраваць літары, вынесеныя ў загаловак гэтага артыкула. Канечне, перш-наперш яны складаюць скарочаныя назвы камянецкага і жабінкаўскага перыядычных выданняў. Аднак у святле семінара, што меў выразнае практычнае значэнне, сэнс літар можна раскрыць і гэтак: Надзейныя Кантакты – Сяброўству Парука!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%