Чым вам падабаецца раёнка?

З такім пытаннем звярнулася да жабінкаўцаў напярэдадні чарговага дня нараджэння “Сельскай праўды”. Падчас гутаркі мае суразмоўцы выказваліся і наконт таго, чаго ім не хапае на старонках нашай газеты.

Іна МІРКО, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Жабінкі:
– З’яўляюся шматгадовым падпісчыкам і актыўным чытачом “Сельскай праўды”. Прыкмеціла, што ў апошні час газета стала больш аператыўнай і жывой. Журналісты цікава пішуць на шматлікія тэмы, задавальняючы розныя густы сваіх чытачоў. Імпануюць тэматычныя старонкі “Радавод” і “Плынь”. Падабаюцца замалёўкі пра людзей працы, рэпартажы са святочных мерапрыемстваў. Прыемна, калі бачу на старонках “СП” сваіх вучняў – як цяперашніх, так і былых, радуюся іх поспехам і дасягненням. З цікавасцю сачу за творчасцю маладой журналісткі Дар’і Ніканчук – выпускніцы нашай школы. Назіраю цесную сувязь газеты са сваімі чытачамі праз рубрыкі “Бліц-апытанне”, “Нам пішуць”, “Пытайцеся – адказваем”, старонку “Ваша пісьмо”. Хаця б раз у месяц хацелася бачыць раёнку ў каляровым варыянце. Рубрыку “Навіны. Факты. Каментарыі” можна прысвячаць не толькі раённым падзеям, але і тым, што адбыліся ў вобласці, краіне і свеце. Мяркую, гэта дадасць “Сельскай праўдзе” новых сяброў.

Ірына ДУЛЕВІЧ, намеснік дырэктара Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:
– Апошнім часам першую старонку раёнкі ўпрыгожваюць вялікія фотаздымкі – гэта здорава. Фотарэпартажы з мерапрыемстваў сталі больш жывымі, адлюстроўваюць іх сутнасць. Падабаецца, што бліц-апытанні журналісты праводзяць на актуальныя тэмы, і ў іх мы бачым меркаванні жабінкаўцаў па розных пытаннях. Хачу адзначыць аператыўнасць газеты, калі падзеі і факты асвятляюцца хутка і своечасова. Заслугоўваюць увагі матэрыялы маладых журналістаў, якія сёлета папоўнілі творчы калектыў “Сельскай праўды” – пішуць цікава на розныя тэмы. Хацелася б бачыць у газеце рубрыку “Калі б я быў на месцы…”, у якой жабінкаўцы выказваліся б наконт таго, што магчыма зрабіць ці змяніць, будучы кіраўніком раёна, арганізацыі ці прадпрыемства, займаючы іншыя пасады. Цікава было б чытаць аўтарскія калонкі журналістаў раёнкі, а таксама бачыць фотарубрыкі “Вулічная мода” (пра стыльных людзей нашага раёна), “Хачу пахваліцца” (пра дасягненні жабінкаўцаў у розных сферах) і іншыя. Каб выданне падтрымлівала моладзь, патрэбна больш пісаць пра маладых людзей нашага раёна. Верагоднасць убачыць сябе на старонках газеты прыцягне падпісчыкаў.

Аляксандр СОБАЛЕЎ, урач-анколаг Жабінкаўскай ЦРБ:
– Цікава пішуць журналісты “Сельскай праўды” пра землякоў, іх прафесійную дзейнасць, захапленні. Шмат матэрыялаў па гісторыі нашага краю, якія даюць новыя веды і пашыраюць кругагляд. Як урачу, мне хацелася б, каб у газеце з’явілася рубрыка “Пытанне доктару”, у якой чытачам адказвалі б калегі-медыкі раённай бальніцы. Як бацька дваіх дзяцей, жадаю бачыць у “СП” дзіцячую старонку, каб вершы і казкі сваім дачушкам чытаць на роднай мове.

Юлія ДУЛЕВІЧ, электрамеханік сувязі Жабінкаўскага вузла электрасувязі:
– Люблю быць у курсе навін і падзей Жабінкаўшчыны, і ў гэтым мне дапамагае раённая газета. З’яўляюся пастаянным яе падпісчыкам. Прыемна, калі на старонках раёнкі бачу знаёмых, чытаю пра іх. Дзякуючы выданню даведалася, колькі ў нас цікавых і таленавітых людзей. Няма таго артыкула, які застаўся б па-за ўвагаю – раёнку чытаю ад першай старонкі да апошняй. І ўсё тут да месца! Шмат цікавых і якасных фотаздымкаў, але не хапае інфаграфікі, якую назіраю ў іншых выданнях. Наша газета невялікая па аб’ёме, але ў ёй знаходзіцца месца, каб асвятліць усе бакі жыцця раёна. Жадаю “Сельскай праўдзе” і надалей ісці ў нагу з часам, а журналісцкаму калектыву газеты – новых творчых поспехаў і цікавых тэм!
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.