Пабачыць сэрцам і адчуць душою

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Дар’і НІКАНЧУК.

“Пабачыць сэрцам і адчуць душою…” мог кожны, хто 19 кастрычніка наведаў яркую і запамінальную вечарыну ў школе-інтэрнаце. 120 гадоў мінула з таго дня, як у Беларусі адамкнула дзверы самая першая навучальная ўстанова для невідушчых дзяцей. Гэтая памятная дата і стала нагодай для спаткання.

Што гоіць, быццам лекі?

ВЯЛІКІ СКАРЫНА, публікуючы пяць соцень гадоў таму псалмы Давідавы, прамовіў: “…песнапенні ўсялякія немачы духоўныя і цялесныя загойваюць”. Гэтыя лекавыя мажлівасці музыкі і спеваў цудоўна разумеюць у школе-інтэрнаце, дзе клапоцяцца, каб выхаванцы не губляліся ў складаным свеце, але душой адчулі яго багацці ад дотыку чароўных слоў ды гожасці мелодый. На працягу дзвюх гадзін, што доўжылася вечарына, хапала шчырых слоў, прамоўленых і прозаю, і вершам, пра тое, наколькі карыснай бывае падтрымка з боку грамадства тым, хто адчувае навакольны свет навобмацак.
Разам з дзецьмі, якія былі галоўнымі героямі імпрэзы, зазірнулі ў гісторыю. Аказваецца, ужо з часоў матрыярхату людзі з асаблівым клопатам ставіліся да дзяцей, што згубілі зрок, і Жанчына-Маці, Берагіня ў старажытных славян займала асаблівае месца ў жыцці свайго роду-племені, бо клапацілася пра лёс сляпога дзіцяці. Многія на Жабінкаўшчыне ведаюць вёску Шпіталі, якая невыпадкова так названа, бо ў ёй існаваў шпіталь, дзе прытулак мелі сіроты і невідушчыя. І такіх устаноў было багата ў Беларусі, дзе “сляпыя маглі разлічваць выключна на чалавечнасць і дабрачыннасць з боку паноў і царквы”. Таму вялікую ролю выконвалі ў Сярэднявеччы братчыкі, якіх часам звалі “вокам сляпых, нагою храмых”. Гэта адбілася і ў народных казках. Адну – з красамоўнай назвай “Сляпы, глухі ды бязногі” – разыгралі ўдзельнікі тэатра “Глорыя” ў пастаноўцы Аксаны Уласюк. Выснова простая, як свет – толькі разам нават людзі нямоглыя здольныя перажыць любое ліхалецце.

Пачынальнік і прадаўжальнікі

АСОБНЫ РАСКАЗ быў прысвечаны цудоўнаму чалавеку Івану Здановічу. Практыкуючы лекар, ён шмат сіл паклаў на тое, каб у Мінску запрацавала першае на беларускіх зямлях вучылішча для сляпых дзяцей. Гэтая памятная дата адбылася 26 верасня (альбо 8 кастрычніка па новым стылі) 1897 года.
Цяпер прадаўжальнікі справы, ля вытокаў якой 120 гадоў таму стаяў Іван Усцінавіч, – шматлікія педагогі і выхавацелі, што выкладаюць у шасці айчынных спецыяльных школах-інтэрнатах для дзяцей з парушэннямі зроку. Назавем адрасы добрых спраў.
Найстарэйшы па часе інтэрнат месціцца ў Гродне, затым паявіліся спецыяльныя вучэльні ў Шклове (Магілёўская вобласць), Васілевічах (што на Гомельшчыне), у Маладзечне і Мінску (якія абслугоўваюць дзяцей са сталічнага рэгіёна і Віцебшчыны). Шостая – для юных берасцейцаў – у 1971 годзе адчыніла свае дзверы ў самым сэрцы Жабінкі.
Крышку пра нашу школу-інтэрнат. Яе ўжо закончылі амаль пяць соцень вучняў. З 1992-га,
калі выпускнікі-выдатнікі займелі права ўзнагароджвацца залатым медалём, дзявяцера маюць у сваіх скарбонках гэтае высокае прызнанне ведаў, назапашаных у школьныя гады. Пасля заканчэння навучэнцы абіраюць жыццёвыя шляхі адпаведна ўзроўню падрыхтоўкі і фізічных мажлівасцяў. Сярод былых выхаванцаў ёсць настаўнікі і журналісты, юрысты і псіхолагі, банкаўскія і грамадскія работнікі, эканамісты і радыётэхнікі, спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў і масажысты. Асаблівым радком прапісаны тыя, хто прыносіць карысць, працуючы на прадпрымствах Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
За гады ў школе-інтэрнаце выхаваны чэмпіёны і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, шахматах, шашках, настольным тэнісе сярод навучэнцаў падобных устаноў. Самадзейныя юныя артысты з Жабінкі – шматразовыя пераможцы і лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных аглядаў-конкурсаў, удзельнікі перадач Брэсцкага і Мінскага тэлебачання. Таленавітыя ў выяўленчым і песенным мастацтве, яны неаднойчы пакаралі самыя высокія падмосткі, радавалі сваімі малюнкамі наведвальнікаў многіх выстаў.
Пра гэтыя і шматлікія іншыя дасягненні расказваў дырэктар установы Аляксандр Кавальчук і самі дзеці –Ангеліна Мышкевіч і Андрэй Цітавец, якія прыгожа вялі вечарыну. А пацвярджэннем іх слоў станавіліся цудоўныя спевы ў выкананні Юліі Туз, Веранікі Анташок, Вані Рудзіча. Выдатны сцэнарый стварыла педагог-арганізатар Крысціна Андрасюк.
Сустрэча была перапоўнена пачуццямі. Таму прыкметна было, як хваляванне агортвала тых, хто падыходзіў да мікрафона. Сваімі ўспамінамі пра родную школу дзяліліся педагогі-ветэраны Раіса Міхайлаўна Маргевіч, Анастасія Васільеўна Тарасевіч, Галіна Сідараўна Адзінец (апошняя ледзь стрымлівала слёзы на працягу ўсёй кранальнай імпрэзы). Ярка і запамінальна выказаліся ў адрас роднай школы і сваіх настаўнікаў колішнія выпускнікі – Павел Стасевіч і Эдуард Пішчык (дарэчы, Эдуард Мікалаевіч – з ліку тых, хто вярнуўся пасля заканчэння ВНУ ў родную школу-інтэрнат у якасці педагога). Былі агучаны віншавальныя пажаданні ад раённай арганізацыі, што аб’ядноўвае людзей з аслабленым зрокам. Не мог абмінуць урачыстасць і намеснік старшыні абласнога праўлення ГА “БелТІЗ” Вячаслаў Тышук, які да цёплых слоў дадаў і памятны падарунак.
У дзяцей з Жабінкаўскай школы-інтэрната шмат сяброў, якія дапамагаюць год ад году маладзець установе, усебакова падтрымліваючы педкалектыў і выхаванцаў. Нярэдкія госці – валанцёры з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. На вечарыне песні ў сваім выкананні ад усёй душы дарылі гасцям свята студэнткі Юлія Сянюта, Людміла Крупкевіч, Паліна Ліпкус, Вольга Маразюк, і зала адгукалася ўдзячнымі апладысментамі.

Яшчэ адзін віншавальны верш

ТАК, ШМАТ ГУЧАЛА вершаў, песень, успамінаў у той дзень. Напрыканцы хочацца згадаць яшчэ аднаго былога выхаванца Жабінкаўскай школы-інтэрната – лунінчаніна Андрэя Мазько. Андрэй Іванавіч шмат дасягнуў у жыцці. Апошняя пасада, якую ён займаў да выхаду на заслужаны адпачынак, – намеснік старшыні Лунінецкага райвыканкама. І пры гэтым ніколі не забываўся на талент, развіты яшчэ ў школьную пару. Мазько – цудоўны паэт, чые вершы, светлыя і аптымістычныя, прыемна кладуцца на слых. У сваім лісце, дасланым у рэдакцыю, ён не абмінуў з удзячнасцю згадаць і школу, і наш горад, і “Сельскую праўду”, дзе некалі ўпершыню былі надрукаваны ягоныя, тады яшчэ дзіцячыя творы.

Мінулае не абмане, не здрадзіць.
Я да яго ў думках зноў плыву…
Мінула мне ўжо сем. Матуля гладзіць
Чубатую з віхрамі галаву:
– Ты так чакаў, ты марыў сам аб школе,
Дык гульні забывай, сынок, свае…
З вузельчыка, з якім хадзіла ў поле,
Ржанога хлеба лусту дастае.
І гэты дар – духмяністую лусту –
У мой партфель да буквара кладзе.
Палае твар. Я чырванею густа:
Калі ж у школе думаць аб ядзе?
– Не гавары! Вучоба – тая ж праца.
Галодным не асіліш свой урок.
Бяры, бяры… Вучыцца – дык старацца…
Спатрэбіцца акрайчык, галубок…

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.