ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” выпускае цукар з ураджаю 2017 года. Гэтаму папярэднічала напружаная работа – яшчэ летам завод нагадваў адну суцэльную будаўнічую пляцоўку, бо праводзілася маштабная рэканструкцыя. Усё рабілася для таго, каб прадпрыемства ў бліжэйшыя гады перапрацоўвала 10 тысяч тон сыравіны ў суткі. Наколькі дасягнулі пастаўленай мэты, расказвае галоўны інжынер завода Васіль Бабрук:
– Нашае таварыства, згодна з Праграмай развіцця цукровай галіны ў Рэспубліцы Беларусь, да 2020 года павінна стаць дзесяцітысячнікам. Каб наблізіцца да пастаўленай задачы, быў зроблены велізарны аб’ём работы. Нагадаю, што за сваю больш чым паўвекавую гісторыю прадпрыемства перажыло тры буйныя рэканструкцыі, а пачынала з трох тысяч тон перапрацоўкі ў суткі.
Сёлета ранняй вясной прыступілі да пашырэння “вузкіх” месцаў у тэхналагічным ланцужку, якія не давалі павялічыць магутнасці. Генпадрадчыкам выступіў “Брэстаблсельбуд”. Акрамя сваіх спецыялістаў, працавалі звыш 300 запрошаных – мантажнікі, наладчыкі, аддзелачнікі, бетоншчыкі і інш. Скажу шчыра: работы хапіла ўсім. Многае абсталяванне было заменена на больш сучасныя аналагі з Германіі, Польшчы, Іспаніі, Аўстрыі, Галандыі, Украіны – таму летам завод нагадваў інтэрнацыянальную будоўлю. У выніку было заменена 219 адзінак абсталявання. Памянялі, у прыватнасці, усю станцыю дэфекасатурацыі і падагравальнікаў, кандэнсатную гаспадарку; устанавілі 46 помпаў, два карпусы выпарной станцыі (было 10), яшчэ адну падстанцыю 110 кВт, дзве новыя буракарэзкі і многае іншае. Галоўнае, што намечанае паспелі зрабіць своечасова і ўжо ў першай дэкадзе верасня завод запусціў абсталяванне. Мы набралі тэмп – рэжам каля 9000 тон буракоў у суткі. А гэта – 140-150 вагонаў сыравіны і дадаткова каля 1000 тон – з прызаводскага буракапункта. Наша задача – перапрацаваць сыравіну ў аптымальныя тэрміны – на працягу 100 сутак.
– Сёлетняя рэканструкцыя – гэта толькі чарговы крок на лесвіцы мадэрнізацыі. Што чакае цукравараў у будучым годзе?
– Чарговая задача – рэканструкцыя прадуктовага цэха, сушкі цукру, станцыі крышталізацыі. На дадзены момант вядуцца конкурсы – тэндары на набыццё абсталявання ў наступным годзе.
– Завод пашыраецца, нарошчвае магутнасці. А што робяць аграрыі, каб забяспечваць цукравараў сыравінай? Ці задаволены вы сёлетнім ураджаем?
– Нарыхтоўка ідзе зладжана, згодна з распрацаванымі графікамі. Ура-джай цукровых буракоў сёлета адназначна лепшы, чым леташні. Ёсць у сельгасвытворцаў і свае лідары. Скажам, на Жабінкаўшчыне важкі корань вырас на палях ААТ “Вазнясенскі” – амаль 700 цэнтнераў з кожнага гектара, на Пружаншчыне такі ж вынік мае ААТ “Мурава”. А фермерская гаспадарка “Бярозка” з нашага раёна ўвогуле не мае аналагаў – атрымала ўраджайнасць салодкіх каранёў звыш 1200 цэнтнераў на круг – нават у Еўропе такім ураджаем пахваліцца могуць не ўсе. Адзінае, што засмучае, – гэта ўтрыманне цукру ў караняплодзе. Сёлета нават зараз, у разгар сезона, у большасці здатчыкаў яна ледзь перавышае базісную. Аграномы тлумачаць гэта маласонечным надвор’ем.
– Вялікіх чэргаў у накірунку буракапункта не бачна. Ці ахвотна зга-джаюцца здатчыкі захоўваць буракі ў буртах на палях?
– Як я ўжо гаварыў, капаюць і вывозяць сыравіну па графіку. Частка яе ўжо прыбрана з палёў, але не дастаўлена на завод. Карані проста складзіруюць побач з дарогамі з цвёрдым пакрыццём. Нарыхтоўка расце, рэшткі на буракапунктах пакуль не крытычныя. Няма сэнсу ствараць вялікія запасы на кагатных палях: сыравіна ў цёплае надвор’е хутчэй псуецца, губляе тургар і цукар.
– Як рэалізуюцца рэшткі сыравіны – жом і патака?
– Пакуль яны вывозяцца буракасеючымі гаспадаркамі не вельмі актыўна. Мо, гэта звязана з тым, што тэхніка задзейнічана на палявых работах. Звычайна з наступленнем халадоў жомавая яма пусцее хутка, бо гэта – выдатны корм для скаціны. Дарэчы, устаноўлены жамавінны прэс дазволіў нам дабіцца вышэйшых паказчыкаў утрымання сухіх рэчываў; менш паліва стала расходавацца на яго высушванне. У суткі атрымліваем 160-170 тон грануляванага жому. У такім выглядзе ён карыстаецца попытам за мяжой.
– А салодкі прадукт – цукар – сёлета чым парадуе спажыўцоў?
– Тэхнолагі завода зрабілі, відаць, усё, таму склад крышталікаў не змяняецца. Змянілася толькі, бадай, упакоўка. Сёлета да ўжо звыклых нам сцікаў па 5 грамаў, упаковак па 1, 2, 50 кілаграмаў і біг-пакаў дадаліся тары ўмяшчальнасцю 5 і 10 кілаграмаў са зручнымі ручкамі.
– Цікава, а колькі часу патрабуецца, каб бурак, які трапляе з вагона на транспарцёрную стужку, ператварыўся ў белыя крышталікі?
– Каб з бураковай стружкі атрымаць канчатковы прадукт, неабходна двое сутак.
– Некаторыя ласуны сцвярджаюць, што бураковы цукар саладзейшы, чым яго трысняговы аналаг. Таму, маўляў, на ўнутраны рынак пастаўляецца трысняговы, а на знешні – з каранёў. Гэта праўда?
– Пачну з першай часткі пытання. Калі я зараз насыплю на паперчыну па лыжцы трысняговага і бураковага цукру – вы ніколі не разберацеся, дзе які, бо ўтрыманне цукрозы ў любым з іх – не меней за 99,7 %, астатняе – розныя рэчавіны. Нават не ўсялякая лабараторная экспертыза зможа выявіць розніцу. Што тычыцца другога пытання, трысняговы цукар мы вывозім за межы Мытнага саюза і прадаём у іншыя краіны. Каб гандляваць ім на ўнутраным рынку, яго неабходна размытняць. А гэта – дадатковыя грошы і, адпаведна, сабекошт.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%