Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мінулую пятніцу, 20 кастрычніка, у кабінеце галоўнага ўрача Жабінкаўскай ЦРБ адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму “Аб ходзе правядзення кампаніі імунізацыі насельніцтва супраць грыпу”.
Адкрыла круглы стол намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. Ала Сцяпанаўна зазначыла, што ў нашым раёне не першы год праходзіць прышчэпачная кампанія супраць грыпу. З мэтай прыцягнення насельніцтва да імунізацыі пэўная інфармацыя распаўсюджваецца ў працоўных калектывах, на старонках раённай газеты, інтэрнэт-сайтах, праводзіцца іншая рас-тлумачальная работа. Сёлета да 1 снежня неабходна прышчапіць 40 % насельніцтва раёна, а гэта амаль 9,5 тысячы чалавек. У групе павышанай рызыкі дашкольнікі – дзеці ад 3 да 6 гадоў, школьнікі, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, цяжарныя жанчыны, людзі з хранічнымі захворваннямі, таму яны прышчэпваюцца ў першую чаргу.
Прадоўжыла гутарку галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Жабінкаўскага раёна Надзея Шосцік. Надзея Палінараўна спынілася на той растлумачальнай рабоце, якая праводзіцца медыкамі сярод насельніцтва. Так, раздаваліся і размяшчаліся на інфармацыйных стэндах ва ўстановах і арганізацыях раёна памяткі і лістоўкі, якія расказваюць пра карысць імунізацыі і заклікаюць прышчапіцца. Праводзіліся таксама сустрэчы з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны, падчас якіх тлумачылася, што вакцынацыя – самы надзейны і бяспечны спосаб не захварэць. Сёлета для імунізацыі насельніцтва раёна супраць грыпу прымяняецца вакцына “Грыпол плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. На-дзея Палінараўна адзначыла: усе вакцыны, незалежна ад краіны вытворцы, аднолькава эфектыўныя і адпавядаюць групе вірусаў, што будуць цыркуляваць на тэрыторыі краіны ў эпідсезоне, які чакаецца. Вакцына “Грыпол плюс” не ўтрымлівае жывы вірус грыпу. У яе склад уваходзяць толькі найбольш важныя для выпрацоўкі паўнацэннага імунітэту бялкі. Яны стымулююць арганізм да выпрацоўкі антыцелаў, якія прадухіляюць размнажэнне вірусаў і інфіцыраванне арганізма. Такія вакцыны на сённяшні дзень з’яўляюцца самымі бяспечнымі, і іх прымяненне ніякім чынам не шкодзіць здароўю.
Галоўны ўрач раённай бальніцы Анатоль Лаўрукевіч агучыў плюсы вакцынацыі. Яна дае магчымасць пазбегнуць эпідэміі і ўскладненняў: пнеўманіі, міякардыту, атыту, іншых захворванняў. Яны ўзнікаюць таму, што вірусы грыпу таксічна ўздзейнічаюць на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека, падаўляюць яго імунітэт.
Эфектыўнасць імунізацыі пацвярджае статыстыка: за апошнія гады ўзровень захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі на Жабінкаўшчыне не перавысіў парогавыя значэнні. Анатоль Іванавіч нагадаў, што прышчапіцца можна ў раённай паліклініцы і амбулаторыях урача агульнай практыкі. Працуюць таксама выязныя медыцынскія брыгады, якія право-дзяць імунізацыю ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Дарэчы, у той дзень такая брыгада была на выездзе ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці.
Пра растлумачальную работу аб карысці вакцынацыі, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі раёна сярод выхаванцаў, бацькоў і педагогаў з мэтай папярэджання масавых захворванняў у дзіцячых калектывах, расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. У выніку ў апошнія гады пры ўспышках эпідэміі грыпу ўстановы адукацыі Жабінкаўшчыны не зачыняліся на каранцін і вучэбны працэс не перарываўся.
Пасля абмеркавання пытанняў круглага стала яго ўдзельнікі накіраваліся ў працэдурны кабінет, каб прышчапіцца.
Не заставайцеся і вы ўбаку ад прышчэпачнай кампаніі, памятайце: вакцынацыя – самы надзейны спосаб не захварэць на грып падчас эпідсезона і застацца здаровым.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%