Калі 21 кастрычніка шчаслівыя і ўсхваляваныя Кірыл Крысько і Наталля Тумік спяшаліся ў Жабінкаўскі загс, яны яшчэ не ведалі, які сюрпрыз іх чакае. Выявілася, што маладыя сталі сотай парай, якая афіцыйна зарэгістравала статус сваёй сям’і сёлета ў Жабінцы. Менавіта яны атрымалі пасведчанне аб заключэнні шлюбу пад прыгожым нумарам 100. Гэта ўдвайне сімвалічная падзея, бо ў снежні ў рэспубліцы будзе адзначацца стагоддзе органаў загса.
Да прыезду маладых рыхтаваліся. Новую сям’ю душэўна і шчыра павіншавала начальнік аддзела загса Галіна Аксюцік і ўручыла мужу і жонцы памятную паштоўку. З цёплымі словамі да Кірыла і Наталлі звярнуліся родныя і сябры.
Сямейнае жыццё маладых пачалося з яркай падзеі, таму што лічба 100 мае вялікае значэнне ў гісторыі чалавецтва. Яна сімвалізуе цэласнасць і завершанасць. Гэта і важная адзінка вымярэння часу: новае стагоддзе азначае пачатак новай эры, а паваротны момант заўсёды звязаны са значнымі зменамі. Вось і ў жыцці Кірыла і Наталлі зараз усё будзе па-новаму. Цяпер яны – адзінае непадзельнае цэлае. Няхай ім запомніцца дзень вяселля і яны пранясуць яркія, непаўторныя эмоцыі праз усё жыццё.
Дарагія маладыя, шануйце тое, што сярод сямі мільярдаў людзей на планеце вы знайшлі сваю палавінку – чалавека, які стаў для вас надзеяй, падтрымкай і апорай. Жадаем вам яшчэ сотні і сотні радасных і бязмежна шчаслівых дзён разам!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%