Робяць горад прыгожым і ўтульным

Крысціна Семянюк. Фота аўтара.
Жабінкаўская ЖКГ не толькі забяспечвае функцыянаванне жылых будынкаў і дапамагае стварыць бяспечныя, зручныя і камфортныя ўмовы для пражывання людзей, але і аказвае разнастайныя паслугі насельніцтву.
Так, на прадпрыемства можна звярнуцца, калі вам трэба скарыстацца пагрузчыкам, аўтакранам ці іншай спецтэхнікай. Апроч таго, у ЖКГ дапамогуць пры правядзенні электратэхнічных работ, уладкаванні мясцовай каналізацыі. Урэшце, працаўнікі прадпрыемства нават могуць узараць ваш агарод! І гэта далёка не ўсе паслугі, якія прапануе жыллёва-камунальная гаспадарка.
На тэрыторыі прадпрыемства знаходзяцца невялікія сталярны і зварачны цэхі. У першым зараз працуюць чатыры чалавекі, якія вырабляюць разнастайную прадукцыю як для патрэб ЖКГ, так і па запытах насельніцтва. Сёлета, напрыклад, у якасці эксперыменту працаўнікі сталярнага цэха зрабілі па індывідуальных заказах тры альтанкі.
Спецыялісты зварачнага цэха, акрамя сваёй асноўнай працы, шмат робяць для добраўпарадкавання тэрыторыі горада. Многія арт-аб’екты ў Жабінцы, якія маюць металічны каркас, выраблены менавіта ў ЖКГ. Спецыялістам па добраўпа-радкаванні тут працуе ўжо вядомы ў горадзе Пётр Канючка. Рукамі майстра выраблены, напрыклад, веласіпеды каля пошты і будынка райвыканкама, а таксама знакамітая карэта, якая раней упрыгожвала плошчу, а зараз знаходзіцца на рэканструкцыі. Сумесна са сталярным цэхам была створана “лаўка прымірэння”, якая радуе моладзь у парку.
Апроч таго, спецыялісты па добраўпарадкаванні Жабінкаўскай ЖКГ сёлета паспяхова выступілі ў конкурсе прафесійнага майстэрства сярод работнікаў зялёнага будаўніцтва “Кветкавая фантазія “Давыд-Гарадок – 2017”, дзе прэзентавалі кампазіцыю “Райская птушачка”. Каркас клумбы быў выкананы Пятром Канючкам.
Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі, такім чынам, не толькі выконваюць свае прамыя абавязкі, але й імкнуцца зрабіць наш горад больш прыгожым і ўтульным.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.