Почта стала призванием для Светланы Левчук

Почта стала призванием для Светланы Левчук

У Сцяпанках паштовае аддзяленне людзі не абмінаюць: аднаму — тэрмінова паштоўку адправіць і газету прыдбаць, другому перавод зрабіць, трэцяму пенсію атрымаць… А таму загадчыца аддзялення Святлана Анатольеўна Ляўчук штохвілінна пры справе.
Неяк сам сабою завязаўся жартоўны дыялог, калі наведвальнікі пабачылі, што ў гасцях на пошце карэспандэнты раённай прэсы.
— Ой, хочам нашу Святлану Анатольеўну ў газеце пабачыць!
— Ды вы мяне і так кожны дзень бачыце, — весела адмахваецца тая.
— Але ж у роднай “Сельскай праўдзе” — зусім іншая справа!
Для сцяпанкаўцаў раёнка насамрэч родная газета. План на яе падпіску — 111 экзэмпляраў, і ніколі такога не было, каб падпісалася менш. Па колькасці яна заўсёды самае запатрабаванае выданне! А Святлана не праміне кожны раз землякам падказаць: лепшыя навіны пра Жабінкаўшчыну — толькі ў “Сельскай праўдзе”!
Сорак адзін год мінула, як нарадзілася Святлана ў вёсцы Гарэлкі і ніколі ад малой радзімы не аддалялася. Восем класаў скончыла ў Малых Сяхновічах, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымала ў Крыўлянскай школе.
Ужо тады, адразу пасля заканчэння, палічыла, што лепшая для яе праца — на пошце, таму і працягвала вучобу ў Брэсце, у каледжы сувязі. І вось ужо, без малога дваццаць гадоў у Сцяпанках. Хутка абзавялася сям’ёй. Муж Юрый Іванавіч працуе на камбікормавым заводзе, там жа і сын Алег, а дачка сёлета выпускніца Крыўлянскай сярэдняй школы.
— Вельмі падабаецца быць побач з людзьмі, — прызнаецца С.А.Ляўчук, — гэта і прывяло мяне сюды на працу. Усіх ведаю, і мяне ведае кожны. А планы? Планы выконваюцца! Можа таму і ў Галерэю сёлета занеслі маё імя. За тры месяцы 2011 года мы аказалі платных паслуг насельніцтву ўжо на 131 працэнт да плану. Ды не для яго працую: калі бачу, што людзі задаволеныя, пасміхаюцца, вітаюцца, дабра зычаць, — тады і адчуваю: вось яна, сапраўдная ўзнагарода… Работы шмат, ды ад яе не хаваюся, бо ўсё, што аднавяскоўцам на карысць, — і мне даспадобы.
… Ляцяць лісты, бягуць гады. А пошта патрэбная заўжды вяскоўцам, каб быць адзін да аднаго, каб ведаць навіны і імі дзяліцца. Пра тое памятае, аб тым клапоціцца Святлана Ляўчук, сумленны і адказны працаўнік са Сцяпанак.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: загадчыца аддзялення сувязі ў Сцяпанках С.А.Ляўчук.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top