Правільна рэагуйце на жыццёвыя цяжкасці

 

З 2 па 27 кастрычніка на Брэстчыне праходзіць месячнік па прафілактыцы псіхічных расстройстваў.

Псіхічнае здароўе – здольнасць чалавека прыстасоўвацца да навакольнага асяроддзя і паспяхова выконваць свае функцыі, як фізіялагічныя, так і сацыяльныя. Гэта капітал, які ўвесь час расходуецца на ўсякага роду хваляванні, адмоўныя эмоцыі, стрэсы, перажыванні. І вельмі важна не прапусціць момант і своечасова звярнуцца да ўрача, калі ўзнікаюць адчуванні душэўнага дыскамфорту, трывога, неспакой, парушэнне сну, непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца.
Коратка я раскажу пра асноўныя захворванні, якія ўплываюць на псіхічнае здароўе школьніка.
У выніку розных псіхатраўміруючых сітуацый, канфліктаў, ператамленняў у дзяцей часта ўзнікае саматаформная вегетатыўная дысфункцыя. Школьніка можа непакоіць галаўны боль, галавакружэнне, агульная слабасць, хуткая стамляльнасць, часта ўнутраныя дрыжыкі, непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца, паколванне. Пры гэтым, абследуючы дзіця звычайнымі метадамі, захворванні не выяўляюцца. У дадзеным выпадку патрабуецца дапамога ўрача-псіхіятра.
Дзеці і падлеткі схільныя да трывожных расстройстваў. Для гэтага стану характэрны: выяўленыя нематываваныя трывога і страх, унутранае хваляванне і дрыжыкі, сэрцабіццё, патлівасць далоняў, пачуццё недахопу паветра, цяжар за грудзінай, мышачнае напружанне. Часам трывожныя расстройствы дасягаюць такога эпагея, што абавязкова неабходна медыцынская дапамога.
У падлеткаў таксама могуць назірацца расстройствы сну і цікозныя (частае марганне павекаў, падзёргванне асобных частак твару, галавы, плячэй). Каб не дапусціць пераходу ў хранічны стан, дзеці з такімі расстройствамі маюць патрэбу ў абавязковым лячэнні.
Сярод іншых захворванняў, якія ўплываюць на псіхічнае здароўе дзяцей і падлеткаў, патрэбна вылучыць энурэз (начное нетрыманне мачы), заіканне, снохаджэнне.
У дзіцячым узросце можа сустракацца такое парушэнне, як расстройства паводзінаў і эмоцый. Прычынай з’яўляюцца канфліктныя, псіхатраўміруючыя сітуацыі дома, радзей у школе. Клінічна гэта праяўляецца ў раздражняльнасці, павышанай нервовай узбуджанасці, аж да агрэсіі, парушэнні паводзінаў – у выглядзе актыўных рэакцый пратэсту, адмовы, уцёкаў і бадзяжніцтва.
У справе захавання псіхічнага здароўя кожны чалавек можа шмат чаго дабіцца і самастойна. Неабходна выхоўваць уменне правільна паводзіць сябе ў канфліктных сітуацыях, рэагаваць на жыццёвыя цяжкасці, нягоды, розныя псіхатраўміруючыя сітуацыі і ўздзеянні.
Атрымаць кансультацыю ўрача-псіхіятра можна ў паліклініцы цэнтральнай раённай бальніцы ў кабінеце
№ 35 або па тэлефоне 2-29-29.
Марыя ВАЙЦЮК, урач-псіхіятр Жабінкаўскай ЦРБ.

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.