Засекі папоўніў Пакроўскі кірмаш

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Традыцыйны Пакроўскі кірмаш у Жабінцы сабраў пакупнікоў з усяго раёна і гандляроў з розных куточкаў краіны. На гарадской плошчы 14 кастрычніка продаж кіпеў з самага ранку. Тут можна было набыць дары садоў і агародаў – вітаміны для ўсёй сям’і, саджанцы для аматараў садаводства, вязаныя шкарпэткі на суровыя маразы, упрыгажэнні для модніц і шмат чаго іншага.

Вялікай грамадой завіталі да нас рамеснікі з Віцебска – многія з іх на Жабінкаўшчыне бывалі ўжо не раз. Яны прапаноўвалі арыгінальныя вязаныя рэчы як для самых маленькіх, так і для людзей сталага ўзросту. Прываблівалі вока ўпрыгажэнні ручной работы з паўкаштоўных камянёў, розныя вырабы ў тэхніцы дэкупаж, распісаныя шкатулкі, незвычайныя рэчы з войлаку і дрэва, лазовыя кошыкі.  З Кобрына прывезлі жаночыя паліто ад прадпрыемства “Юліна-Мода-Люкс”. Жабінкаўскія модніцы актыўна прымяралі іх, круціліся ля люстэрка і набывалі за 140-150 рублёў. Кобрынскія фермеры прапаноўвалі саджанцы пладовых дрэў і ягад, дэкаратыўнага і хвойнага кустоўя. Вінаград розных гатункаў даставілі ў Жабінку з Брэсцкага і Бярозаўскага раёнаў. Так, фермер у другім пакаленні Аляксандр Пазняк прывёз на кірмаш больш за 20 яго гатункаў, вырошчваючы дома каля 150. Цана на са-джанцы буякоў вагалася ад 6 да 12 рублёў, кілаграм гэтых ягад каштаваў 15, а за пяцёрку можна было купіць стаканчык карыснага пачастунку. Добра прадаваліся буякі ў гандляроў з Камянецкага раёна і Пінска. Туі і рознакаляровыя хрызантэмы на кірмашы прапаноўвалі жанчыны з Жабінкі ды Камянца.
Добрым попытам карыстаўся мёд, які прывезлі з Кобрына і Ленінскага. З прылаўкаў знікаў ліпавы і майскі, грэцкі і з пяргой, разнатраўе. Кілаграм смачнага лекавага сродку каштаваў ад 7 да 10 рублёў. Таксама пакупнікі хутка разбіралі карасёў, карпаў і амураў ад “Сакалоўскага Гусака”. Жывая рыба каштавала ад 3,04 да 4,38 рубля за кілаграм.
Запасаліся жа-бінкаўцы капустай, морквай, буракамі, цыбуляй ды бульбай. Беларускую белакачанную прывезлі з аграгарадка Ленінскі і вёскі Бусні. З Драгічына, Столінскага і Кобрынскага раёнаў – атрыю. Цана на кілаграм капусты вагалася ад 22 да 25 капеек. Бульба каштавала ад 25 да 30 капеек і была прадстаўлена гатункамі “Брыз”, “Адрэта”, “Лілея”, “Гала” і іншымі.Шчодры восеньскі ўраджай прывезлі на продаж ААТ “Арэпічы”, “Хмелева”, “Азяты АГРА” і фермерская гаспадарка “Ацячызна Агра”.
Сельскагаспадарчую прадукцыю на розны густ падрыхтаваў магазін № 15 Брэсцкай міжрайбазы. Па 27 капеек яго супрацоўнікі прапаноўвалі пакупнікам бульбу, моркву і буракі. За 59 капеек тут можна было купіць цыбулю, за 6,14 – часнок. Яблыкі каштавалі 1,36 рубля. Крыху танней – за 1 рубель 20 капеек – яблыкі прадавала фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ”, якая прывезла і розныя сокі ўласнай вытворчасці.
Прапаноўваў прадукцыю на кірмашы і Жабінкаўскі камбікормавы завод. Акрамя хлебабулачных прысмакаў, пакупнікі маглі набыць і мясныя вырабы.
Дзетак на плошчы вабілі гандлёвыя палаткі з салодкай ватай, поп-корнам і рознакаляровымі паветранымі шарамі ў выглядзе герояў з любімых мультфільмаў.
Як звычайна, Пакроўскі кірмаш задаволіў патрэбы кожнага. Ніхто з яго наведвальнікаў не застаўся без пакупкі, а засекі жабінкаўцаў папоўніліся на зімовую пару.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*