“У кафэ, да клоўна!”

Запісала Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Пасля рамонту гасцінна адчыніла свае дзверы кафэ ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Утульная зала кардынальна змяніла знешні выгляд. Цяпер яна мае сучасны дызайн у шакаладна-арэхавых танах, уздоўж сцяны – зялёныя канапы. Дызайнеры паклапаціліся, каб тут было камфортна як дарослым, так і дзецям. Мы з сяброўкамі, маладымі мамачкамі, вельмі задаволены падарункам, зробленым для наведвальнікаў кафэ, бо тут можна выдатна правесці час і адпачыць з маленькімі дзецьмі. Для юных гарэз распрацавана дзіцячае меню (нашай Сафійцы, напрыклад, прыйшлася даспадобы піца, а малодшаму сынку – блінчыкі і сок). Каб непаседам было нясумна, у нядзелю іх забаўляе клоўн. Вельмі здорава, што ў нашым горадзе з’явілася дзіцячае кафэ!
Святлана ЦАРУК, жыхарка мікрараёна цукровага завода.

Каменціруе загадчык кафэ ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Святлана ОМЕСЬ:
– Сапраўды, рамонт “удыхнуў” другое жыццё ў наша кафэ. Тут стала больш утульна і камфортна як для наведвальнікаў, так і для работнікаў. У зале абнавіўся інтэр’ер, мэбля. Замест “кабінак” тут уздоўж сцяны ўстанавілі канапы, паставілі сталы і крэслы. Барная стойка перанесена ў іншы бок залы, адведзена таксама месца для гукавой апаратуры і музыкаў.
У нас нямала задумак і ідэй, як задаволіць густы самых патрабавальных наведвальнікаў. Акрамя традыцыйных ужо вяселляў, святочных мерапрыемстваў, семінараў, памінальных вячэр, у нас будуць праводзіцца тэматычныя вечарыны і дзіцячыя святы. Напрыклад, на “ўра” прайшло святкаванне Дня восені і матуляў з удзелам клубных работнікаў. Весяліў малечу і клоўн з Брэста.
Што тычыцца самых юных, для іх будзе ладзіцца забаўляльная праграма з удзелам аніматараў кожную трэцюю нядзелю з 12 гадзін раніцы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак распрацавана спецыяльнае дзіцячае меню – каля 40 найменняў страў. Гэта кактэйлі, блінчыкі, жэле, марозіва, салаты, мясное асарці, бульба фры, піца, сокі і інш.
Моладзі, думаю, будзе цікава сабрацца ў кафэ, каб разам паглядзець трансляцыю футбольных і валейбольных матчаў. Для гэтага ўстанавілі два вялікія тэлевізары. У планах – бясплатны вай-фай. Таксама будзе шмат “жывога” гуку. Думаю, у нас не раз свае музычныя таленты прадэманструюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў і іх выхаванцы.
Зразумела, што найпершая задача нашай установы – смачна накарміць. Адзначу, што дзякуючы клопату інжынера-тэхнолага колькасць страў, якія мы прапануем, значна павялічылася. “Разынка” кафэ – піца. Мы гатуем толькі дзіцячых піц 7 відаў. Плануецца таксама выпяканне яе па заяўках.
Завітайце ў кафэ, самі пакаштуеце!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.