Заразіцца кішэчнай інфекцыяй можна паўсюль

Вострыя кішэчныя інфекцыі (ВКІ) – гэта вялікая група інфекцыйных хвароб, якія выклікаюцца бактэрыямі, вірусамі і інш. Самымі распаўсюджанымі кішэчнымі інфекцыямі з’яўляюцца сальманелёз, ротавірус, энтэравірус, а таксама харчовая токсікаінфекцыя, справакаваная стафілакокам.
Прычыны развіцця ВКІ вядомыя ўсім: недастатковае выкананне правілаў элементарнай гігіены, ужыванне ў ежу дрэнна вымытай гародніны, зеляніны і садавіны, няякасных прадуктаў харчавання.
Узбуджальнікі вострых кішэчных інфекцый разнастайныя: гэта ў першую чаргу прадстаўнікі патагенных відаў бактэрый, а таксама грыбоў, вірусаў. Распаўсюджанасць таго ці іншага ўзбуджальніка ў навакольным асяроддзі залежыць ад мясцовасці і пары года. Заразіцца кішэчнай інфекцыяй можна паўсюль, ад яе практычна не застрахаваны ніхто. У цяжарных жанчын і дзяцей малодшага ўзросту хвароба працякае асабліва цяжка з-за зніжанага імунітэту, у групу рызыкі таксама ўваходзяць людзі пажылога ўзросту.
Меры прафілактыкі кішэчных інфекцый досыць простыя, але ў той жа час эфектыўныя. Каб засцерагчы сябе і сваю сям’ю ад гэтага непрыемнага захворвання, трэба прытрымлівацца наступных рэкамендацый:
1. Добра мыць пад праточнай вадой гародніну, садавіну і ягады – асабліва тыя, што будуць ужывацца ў сырым выглядзе. Пасля мыцця раслінную прадукцыю пажадана абліць кіпенем – пад уздзеяннем высокіх тэмператур асноўная маса ўзбуджальнікаў гіне.
2. Трэба мыць рукі адразу пасля вуліцы, туалета, пасля гульняў з хатнімі жывёламі, а таксама перыядычна на працягу дня. Рукі добра мыюць перад пачаткам прыгатавання ежы, а таксама падчас гатавання, асабліва пасля разбірання сырога мяса ці рыбы.
3. Яйкі перад прыгатаваннем абавязкова мыюць цёплай вадой з мылам, можна выкарыстоўваць чыстую пасудамыйную губку. Яечная шкарлупіна літаральна кішыць узбуджальнікам сальманелы, патагенныя мікраарганізмы пры працяглым захоўванні могуць пранікаць і ўнутр яйкаў, таму ўжываць іх сырымі не рэкамендуецца. Калі маюцца трэснутыя яйкі, то неабходна памятаць, што яны не падлягаюць захоўванню, а ўжываць іх у ежу можна толькі пасля тэрмічнай апрацоўкі.
4. Нельга есці сырое ці дрэнна прасмажанае мяса, рыбу, а таксама піць сырое малако, набытае не ў гандлёвых арганізацыях.
5. Гатовыя і сырыя прадукты павінны захоўвацца асобна адзін ад аднаго, акрамя гэтага, для іх разбірання павінны выкарыстоўвацца розныя дошкі, якія пажадана падпісаць.
6. Захоўваць прадукты харчавання неабходна ў халадзільніку, тэрміны і тэмпература захоўвання ёсць на этыкетках вытворцы.
7. Яны павінны быць абаронены ад мух і іншых насякомых.
8. Прафілактыка кішэчных інфекцый уключае ўтрыманне жылля ў поўнай чысціні. Кухонныя анучкі і губкі трэба рэгулярна мяняць, бо яны лічацца рассаднікам інфекцыі. Акрамя гэтага, рэгулярна мыць смеццевае вядро дэзінфіцыруючым растворам.
Іна БАЙЦУН, памочнік урача-эпідэміёлага Жабінкаўскага райЦГЭ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.