Добрыя справы для добрых людзей

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара і Ганны УСЦЬЯНЧЫК.

Напрыканцы верасня на Жабінкаўшчыне прайшоў першы этап рэспубліканскай акцыі “Моладзь за бяспеку”, прымеркаванай да дня нараджэння Беларускай моладзевай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. У яго рамках супрацоўнікі РАНС разам з актывістамі БМГАВП і БРСМ аказалі дапамогу тым жыхарам раёна, якія маюць у ёй патрэбу. Падчас першага этапу ўвага надавалася шматдзетным сем’ям, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім пенсіянерам і інвалідам.

Так, супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС, актывісты БРСМ першай гарадской школы разам са сваім педагогам-арганізатарам Яўгеніяй Дземідзюк, а таксама старшыня Ракітніцкага сельвыканкама Уладзімір Дземідзюк наведаліся да жыхароў вёскі Булькова Івана Дацкевіча і Кацярыны Клімук. Паэт-зямляк пры-знаўся, што пакуль сам спраўляецца з хатнімі справамі, але ўзрадаваўся гасцям і расказаў пра свой цікавы жыццёвы і творчы шлях. Выратавальнікі-пажарныя праверылі стан аўтаматычнага пажарнага апавяшчальніка і пячнога ацяплення ў хаце пенсіянера, а Іван Трафімавіч падарыў старшакласнікам свае зборнікі вершаў з уласным аўтографам.Ветліва сустрэла гасцей Кацярына Васільеўна Клімук, якая ў снежні адзначыць шаноўны юбілей – 90 гадоў. Яна шчодра пачаставала ўдзельнікаў акцыі спелай антонаўкай і падзялілася ўспамінамі пра ваенны час. Расказала, як у гады Вялікай Айчыннай вайны дапамагала параненым салдатам: рызыкуючы сваім жыццём, маладзенькая дзяўчына спяшалася да іх на поле бою. На ўсё жыццё вайна пакінула на целе жанчыны свае адмеціны – не раз мела сур’ёзныя раненні. Са слязьмі на вачах Кацярына Васільеўна распавядала, як жыла ў пасляваенныя гады, працавала, выхоўвала дзетак. Разам са старэнькай матуляй да гасцей вый-шла дачка Людміла. Яна звярнулася да прысутных з просьбай дапамагчы адрамантаваць дымаход. Дзвюм жанчынам шаноўнага ўзросту няпроста справіцца з гэтай задачай. У сваю чаргу супрацоўнікі РАНС праверылі пячное абсталяванне ў доме гасціннай гаспадыні.
Шэфскую дабрачынную дапамогу выратавальнікі-пажарныя, актывісты БМГАВП і БРСМ аказалі адзінокай пенсіянерцы, інваліду першай групы з Жабінкі Леакадзіі Дамінікаўне Канановіч, якая нарадзілася ў 1930 годзе. Удзельнікі акцыі навялі парадак у двары яе дома: пакасілі траву, зграблі апалае лісце, падмялі дарожкі, зрэзалі сухія галіны дрэў. Напрыканцы свайго візіту з дазволу гаспадыні госці пакінулі на ўваходных дзвярах наклейку “Моладзь за бяспеку”, якая будзе нагадваць пра добрую справу ўдзельнікаў дабрачыннага мерапрыемства.
Таксама ў рамках першага этапу акцыі спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Ганна Усцьянчык наведала шматдзетныя сем’і нашага райцэнтра. Падчас візітаў яна гаварыла пра дзейнасць БМГАВП і прафесію выратавальніка-пажарнага, правяла з дзецьмі віктарыну “Моладзь за бяспеку”. Таксама супрацоўнік РАНС расказала пра часопіс “Юны выратавальнік” і мабільны дадатак “МНС Беларусі: дапамога побач”. Ганна Анатольеўна падаравала дзеткам першыя пропісы бяспекі, а бацькам пакінула тэматычныя памяткі і буклеты.
Другі і трэці этапы акцыі запланаваны на кастрычнік.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.