Даўгалецце ва ўнукаў суквецці

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Першага кастрычніка мы адзначаем свята тых, хто мае бясцэнны вопыт, зведаў шмат выпрабаванняў лёсу, з’яўляецца прыкладам для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Белыя павуцінкі ўпрыгожваюць іх валасы, а жыццё поўніцца мудрасцю. У мінулую пятніцу людзей шаноўнага ўзросту павіншавалі са святам у гарадскім Доме культуры.

 

Вядучая ўрачыстасці загадчык дзіцячага сектара ГДК Яна Макасюк заўважыла, што кожная сям’я ствараецца на багатай спадчыне сваіх продкаў. “Гэтыя людзі перадаюць нашчадкам неабходны жыццёвы вопыт, веды і традыцыі, на якіх з цягам часу будзе выхавана не адно пакаленне, – падкрэсліла вядучая. – Сёння ў ваш гонар гучаць самыя добрыя і шчырыя словы!”
Да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк. Яна нагадала, што пажылыя людзі павінны адчуваць наш клопат і ўвагу, дапамогу і падтрымку. Ала Сцяпанаўна павіншавала іх са святам і пажадала моцнага здароўя, даўгалецця, радасці і дабрабыту.
Са святочнай сцэны цёплыя словы гучалі таксама ў гонар шаноўных юбіляраў. Сёлета 90-годдзе адзначылі Ніна Дзмітрыеўна Паўлючук і Вера Маркаўна Мышкавец, Марыя Аляксееўна Мазоль і Арсеній Васільевіч Жук. З 95-гадовым юбілеем віншавалі Веру Кузьмінічну Мурыну і Ядвігу Людвігаўну Церпілоўскую.
Музычныя нумары для ўсіх гасцей мерапрыемства падаравалі салісты ГДК Валерый Няменьшы і Аксана Пракошына, Марыя Філаненка і Ульяна Аніскевіч, а таксама народны хор ветэранаў “Тонус”.

Пад час свята ў фае Дома культуры была арганізавана выстава. На ёй жабінкаўцы шаноўнага ўзросту дэманстравалі ўласныя вырабы з розных матэрыялаў і смачныя падарункі восені са свайго агарода. Работы паказалі, што кожны з іх мае талент. Старэйшае пакаленне займаецца вышыўкай і выяўленчым мастацтвам, вязаннем і разьбой па дрэве, стварае сапраўдную прыгажосць з бісеру і тканіны, а таксама атрымлівае багаты ўраджай садавіны і гародніны. У выставе паўдзельнічалі Валянціна Слясарчык, Генадзь Бжоска, Аляксандр Крыўчэня, Валянціна Літвінюк, Вера Якубук і іншыя. – Паглядзіце на свае далоні: з цягам часу на іх з’явіліся мазолі і маршчынкі, якія сведчаць пра ваш нялёгкі лёс, – звярнулася да прысутных вядучая. – Яшчэ на вашых працавітых руках пралегла лінія жыцця. Няхай яна будзе як мага даўжэйшай, а свае юбілеі вы будзеце сустракаць у суквецці ўнукаў і праўнукаў!

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.