Кірмаш на парозе – пачастункі на стале

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Верасень на Жабінкаўшчыне распачаў традыцыйныя сельскагаспадарчыя кірмашы. Прадукцыю на розны густ у мінулую суботу прапаноўвалі на гарадской плошчы мясцовыя фермеры і гаспадаркі, а таксама розныя прыезджыя гандляры. Пакупнікоў чакалі садавіна, гародніна, саджанцы, мёд, жывая рыба, журавіны ды іншы смачны тавар.

Кірмаш распачаўся з самага ранку, спрыяла гандлю добрае сонечнае надвор’е. Шмат прадаўцоў завітала да нас з Кобрынскага раёна: аграгарадка Хідры, вёсак Мельнікі і Літвінкі, пасёлка Птушкафабрыка. Яны прывезлі ў Жабінку саджанцы пладовых дрэў. Аматары садоўніцтва адразу зацікавіліся, колькі каштуюць маладзенькія яблынькі і грушкі, слівы і абрыкосы, вішні і чарэшні. Першыя можна было набыць за 6 ці 7 рублёў, а для пакупкі іншага дрэўца ў кашальку трэба было мець 10 альбо 12.
Зацікавіў пакупнікоў прадстаўнік брэсцкага прыватнага гадавальніка, які прапаноўваў саджанцы вінаграду розных гатункаў. Ён адразу ж дэманстраваў, якія плады атрымаюцца ў добрых гаспадароў, і даваў паспрабаваць ягады з вялікіх вінаградных гронак тым, хто не мог вызначыцца з выбарам. А задача сапраўды была не з лёгкіх, таму што на кірмаш прывезлі гатункі “Мінскі ружовы”, “Крышталь”, “Б’янка”, “Юбілей Новачаркаска”, “Кадранка”, “Валёк”, “Цімур” і многія іншыя. Цана вагалася ад 12 да 20 рублёў. Таксама вінаград прыехаў у райцэнтр з пасёлка Сасноўка Брэсцкага раёна, яго саджанцы можна было набыць за дзясятку, а маліны і ажыны за 5 і 8 рублёў адпаведна.
Дэкаратыўнае і хвойнае кустоўе, двугадовыя і шматгадовыя расліны, а таксама разнастайныя хрызантэмы прадавалі жанчыны з Дзягляў, Жабінкі і Камянца. Цэны былі самыя розныя – ад 2 да 10 рублёў. “Калі хочаце, каб памяць пра вас жыла доўга на зямлі, пасадзіце ціс, – заўважыла гандлярка з Дзягляў. – Ён жыве да тысячы гадоў, а ў спрыяльных умовах і яшчэ больш”.
Вялікім попытам карысталася жывая рыба, продаж якой рэалізоўваў рыбгас “Сакалоўскі Гусак”. Бойка ішоў гандаль карпам буйным па 4,5 ды элітным па 5,1 рубля, а таксама карасём сярэднім па 3,04 рубля за кілаграм. У 12 гадзін толькі некалькі карпаў засталіся плаваць каля Марыі Клімук, якая пад час кірмашу прадала амаль 130 кілаграмаў рыбы. Жанчына 40 гадоў працуе ў гэтай гаспадарцы, палову з якіх – у гандлі, таму добра ведае ўсе яго сакрэты.
Знайшлося на кірмашы і шмат жадаючых набыць мёд. Яго разам з сынам прадаваў пчаляр-прыватнік з аграгарадка Ленінскі Часлаў Янкоўскі, які больш за дваццаць гадоў зай-маецца гэтай цікавай справай. Хутка знік грэцкі мёд коштам у 10 рублёў. Па такой жа цане пакупнікі набывалі карысны пачастунак з пяргой, разнатраўе. Майскі мёд каштаваў 7 рублёў.
Папоўніць запасы бульбы, морквы, буракоў, капусты і цыбулі пакупнікам дапамаглі мясцовыя фермерскія і дапаможныя гаспадаркі. Так, сваю прадукцыю прапаноўвалі “Ацячызна Агра” і прыватная Васіля Якімука, якія знахо-дзяцца ў Ленінскім. Завіталі з таварам на кірмаш азяцкая гаспадарка “Карнішон” і ААТ “Арэпічы”. Прадукцыю на розны густ падрыхтаваў магазін № 14 Брэсцкай міжрайбазы. Бульба на кірмашы каштавала 30 капеек і была прадстаўлена гатункамі “Уладар”, “Скарб”, “Молі”, “Гала”, “Брыз”, “Адрэта”. Жыхары раёна не спяшаліся набываць яе, таму “беларускае золата” залежвалася ў гандляроў, чаго не скажаш пра моркву, буракі і цыбулю. Гэтая гародніна разбіралася пакупнікамі даволі хутка. Карысталася попытам і капуста – ад 27 да 35 капеек, каляровая каштавала 1 рубель 20 капеек. Папулярным таварам у магазіна № 14 Брэсцкай міжрайбазы сталі журавіны па 4,09 рубля за кілаграм. З дзесяці скрыняў з карыснымі лекавымі ягадамі ў 12 гадзін засталася толькі адна.
Фермерская гаспадарка “ЯКВІЛ” і ААТ “Астрамечава” прапаноўвалі яблыкі розных гатункаў і сок уласнай вытворчасці. Першая прывезла на кірмаш сокі, дзе, акрамя яблыкаў, выкарыстоўваліся буякі, маліна, чарнаплодная рабіна. Другая гандлявала толькі яблычным.
Продаж працягваўся і пасля поўдня, але не ўсе гандляры засталіся задаволеныя сваім заробкам. Справа ў тым, што гарачы і бойкі гандаль на Жабінкаўшчыне чакаецца пад час кастрычніцкага Пакроўскага кірмашу, а першы, вераснёўскі, можна назваць яго своеасаблівай рэпетыцыяй. Таму да хуткай сустрэчы і ўдалых пакупак!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.