Пра адпачынак у здраўніцах, што ўваходзяць у склад санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства “Белпрафсаюзкурорт”, сённяшняя размова са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Нінай Калыбскай.
– Ніна Уладзіміраўна, працы на палях падыходзяць да свайго завяршэння, і многія работнікі сельскай гаспадаркі ды актыўныя дачнікі, толькі зараз плануюць свой адпачынак. Якую дапамогу ў гэтай справе могуць аказаць прафсаюзы?
– На мой погляд, першасная задача аб’яднанняў, якія ўваходзяць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, – стаяць на абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў сваіх членаў, удзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця людзей працы. Вельмі важна, каб яны мелі магчымасць атрымаць добры адпачынак і належнае аздараўленне, што дазволіць кожнаму аднавіць сілы, каб і надалей якасна выконваць свае абавязкі. Гэта заклад паспяховай дзейнасці любой установы. Таму ў шэрагу калектыўных дагавораў, якія дзейнічаюць у арганізацыях і на прадпрыемствах, ёсць нормы, што прадугледжваюць матэрыяльныя выплаты да водпуску на адпачынак і аздараўленне, якімі раз у год кожны працаўнік можа скарыстацца. Сярод калектываў, дзе такія выплаты практыкуюцца, назавем адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Жабінкаўскі цукровы завод” і “Рагазнянскі”, Жабінкаўскую дыстанцыю пуці і ПМК-19. Там выдатна разумеюць, што ад стану здароўя работніка напрамую залежыць вытворчасць, і робяць захады ў бок паляпшэння адпачынку.
– Дзе вы раіце правесці водпуск людзям, якія зараз знаходзяцца перад дылемай: паехаць на адпачынак у санаторый ці застацца дома?
– Лічу, што адпускны час патрэбна выкарыстоўваць не толькі для таго, каб адпачыць, але й дзеля паляпшэння здароўя, каб такім чынам прынесці сабе максімальную карысць. Таму, зразумела, параіла б усім адпачываць у прафсаюзных санаторыях. Бо ў гэтых здраўніцах не толькі створаны камфортныя ўмовы для пражывання, але і прапануецца цэлы спектар медыцынскіх ды касметалагічных працэдур. Тым больш, што ўсе прафсаюзныя здраўніцы робяць сябрам прафсаюза і іх дзецям скідку ў 25 %! А гэта, згадзіцеся, выдатная эканомія!
– Карацей кажучы: камфортны адпачынак з карысцю для здароўя ды яшчэ па даступных цэнах. І ўсё гэта ў Беларусі?
– І пры гэтым нават ехаць не патрэбна ў дальнія краі. Трынаццаць прафсаюзных санаторыяў размешчаны літаральна ва ўсіх абласцях нашай краіны. Вось, напрыклад, санаторый “Буг”, які знаходзіцца на Жабінкаўшчыне, у цудоўным сасонніку, у атачэнні дзівоснай прыроды. Сорак гадоў таму, 3 мая 1977-га, ён прыняў першых сваіх наведвальнікаў і дасюль застаецца адным з буйнейшых у Беларусі. Сёння жабінкаўская прафсаюзная здраўніца прапаноўвае сваім кліентам шырокі выбар фізіятэрапеўтычных паслуг: інфрачырвоную і паравую саўны, душ Вішы, вібра- і гідрамасажы, арома- і хроматэрапію ды многае іншае. Да таго ж, у пералік лекавых і касметычных працэдур уваходзяць крыясаўна, кедравая бочка, абгортванне суставаў рук, крыябінтаванне, гразевыя ванны і аплікацыі, стоўн-тэрапія (масаж гарачымі камянямі), гірудатэрапія, радыяліфтынг, міястымуляцыя, азонавыя ванны. Сярод навінак – абгортванне суставаў гразямі Мёртвага мора, трэніроўкі на вакуумнай бегавой дарожцы, лячэнне сасудзістых захворванняў ніжніх канечнасцяў апаратам “Артаспок”, ультрагукавое даследаванне сасудаў, суставаў, страўніка.
І гэта далёка не ўсё. У чым можа ўпэўніцца кожны, хто наведае здраўніцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Жадаю прыемнага і карыснага адпачынку!
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%