Часовыя нязручнасці кампенсуюцца камфортам

Святлана КІСЛАЯ. Фота Крысціны Семянюк.

У верасні мост праз чыгунку ў Жабінцы зачыніўся на рамонт. Якія работы праводзяцца на гэтым аб’екце і калі ён пачне працаваць у звыклым для аўтааматараў рэжыме, расказвае вядучы спецыяліст Жабінкаўскага УКБ Галіна Саўчук:
– Аб’ект называецца “Рэканструкцыя пуцеправода ў створы вуліцы Кірава горада Жабінка”. Неабходнасць у рамонтных работах наспела даўно, бо апошні раз капітальна абнаўлялі мост у 90-ыя гады мінулага стагоддзя. Разумею нязручнасці аўтаўладальнікаў, якім, каб трапіць з адной часткі горада ў другую (у тую ж бальніцу або басейн), трэба рухацца па аб’язной дарозе праз Новыя Дворы або Сцяброва – а гэта лішнія 12-16 кіламетраў. Аднак нязручнасці хутка кампенсуюцца камфортам.
Што плануецца зрабіць на гэтым аб’екце? Па-першае, будзе заменена асфальтавае пакрыццё цэнтральнай часткі моста (каля 140 метраў). Ужо зараз спецыялісты ДБТ-4 Брэста ТАА “СПЕЦМОСТБУД” (Мінск) дэманціруюць старое асфальтавае пакрыццё. Фрэзерат (здробненыя адходы) будзе накіраваны на падсыпку гравійных дарог. Балкі неабходна ачысціць пескаструйнай сумессю і добра прасушыць, пасля гэтага можна будзе заняцца пракладкай новага асфальту на мосце. Складанасць гэтай работы заключаецца ў тым, што рамантаваць балкі знізу ў падвясных люльках можна ў свабодны ад руху цягнікоў час. А “вокны” ў чыгуначнікаў непрацяглыя – самае вялікае 2,5-3 гадзіны.
Вопыт субпадрадчыкі ў гэтай рабоце маюць. Для зручнасці пешаходаў дарожкі на мосце будуць выкладзены тратуарнай пліткай. Заменіцца і агароджа – новая будзе вышынёй 110 сантыметраў. Старыя апоры электраперадачы ўступяць месца прыгожым вулічным свяцільнікам – па два на пралёт агароджы. Змены закрануць мост не толькі зверху, але і знізу. Дакладней, конусам (земляным насыпам) нададуць прывабны выгляд новыя бетонныя пліты (дарэчы, старыя ўжо дэмантуюцца). Таксама запланавана будаўніцтва лесвічных сходаў з моста да чыгункі. Наколькі яны будуць зручнымі і практычнымі, гараджане адчуюць недзе ў канцы лістапада-снежні.
Увогуле, на рэканструкцыю моста з абласнога бюджэту выдаткавана 1 мільён 138 тысяч беларускіх рублёў. Калі фінансаванне будзе весціся без перабояў, то ўжо напрыканцы снежня работы па рэканструкцыі моста завершацца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.