Алёна НІКАНЧУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.
У мінулую пятніцу, 29 верасня, у гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка. Яно сабрала вялікую педагагічную сям’ю Жабінкаўшчыны: тых, хто шмат гадоў прысвяціў навучанню і выхаванню дзяцей, а таксама маладых спецыялістаў, якія сёлета прыйшлі ў раён на працу.
Мерапрыемства пачалося з цікавага відэа, якое выклікала ў прысутных шмат пазітыўных эмоцый. У ім вучні разважалі і выказвалі свае меркаванні наконт таго, хто такі настаўнік і якім ён павінен быць. Затым на сцэне загарэлася святло, і на яе выйшлі ўрачыста апранутыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыгожымі вершаванымі радкамі прызналіся ў любові сваім настаўнікам, а потым спусціліся ў залу і падарылі ім восеньскія лісточкі з пажаданнямі.
Першымі на свяце віталі маладых спецыялістаў. Да іх звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамара Барысюк. Тамара Дзмітрыеўна падкрэсліла, што маладыя калегі прыйшлі ў настаўніцкую сям’ю Жабінкаўскага раёна, якая славіцца сваімі традыцыямі, таленавітымі педагогамі, і выказала ўпэўненасць, што сёлетняе папаўненне стане іх годнымі прадаўжальнікамі. Яна пажадала маладым настаўнікам Жабінкаўшчыны яркага насычанага жыцця, мэтанакіраванасці, аптымізму, творчага натхнення, ніколі не саромецца вучыцца, заўжды мець у сэрцы павагу да вучня і любоў да сваёй прафесіі.
Пад гучныя апладысменты маладыя спецыялісты спусціліся ў залу разам са сваімі старэйшымі калегамі.
З прафесійным святам павіншаваў работнікаў сістэмы адукацыі раёна старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў: у кожнага чалавека, нягледзячы на яго прафесійную прыналежнасць і пасаду, ёсць настаўнікі, якія своечасова заўважылі яго здольнасці і таленты, дапамаглі ім развіцца. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што педагогі даюць не толькі веды, яны дапамагаюць сваім выхаванцам адаптавацца ў рэальным жыцці, вучаць іх пераадольваць цяжкасці, пры любых абставінах заставацца чалавекам, а таксама шчыра любіць сваю Радзіму і быць яе патрыётам. Таму настаўнік – гэта самая галоўная прафесія ў свеце. Дзмітрый Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці за самаадданую працу вялікаму педагагічнаму калектыву нашага раёна і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Граматы раённага выканаўчага камітэта – намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іне Тарасевіч і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце першай гарадской школы Таццяне Казей; Пісьмы падзякі райвыканкама – загадчыку ясляў-сада № 4 Жабінкі Людміле Блоцкай і педагогу дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ірыне Коваль; Прывітальны адрас райвыканкама – настаўніку фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 3 Жабінкі, лаўрэату рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” Сяргею Карпуку.
У ліку ганаровых гасцей на ўрачыстасці прысутнічала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Жанна Уладзіміраўна павіншавала педагогаў Жабінкаўшчыны з прафесійным святам, пажадала ім творчых поспехаў і натхнення. Яна падкрэсліла, што ёй вельмі прыемна знаходзіцца на гэтай урачыстасці, бо ў мінулым яна сама педагог і 18 гадоў адпрацавала ў сістэме адукацыі. Госця перадала Прывітальны адрас калектыву сярэдняй школы № 1 Жабінкі, які быў уручаны намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Іне Мірко. У ім адзначалася, што дзякуючы высокаму прафесіяналізму педагогаў, адданасці сваёй справе школа жыве цікавым творчым жыццём. Тут паспяхова рэалізуюцца многія інавацыйныя праекты, у працэс навучання ўкараняюцца новыя методыкі і сучасныя тэхналогіі. Вучні ўстановы папаўняюць скарбонку дасягненняў свайго раёна, вобласці і краіны, тым самым пацвярджаюць прэстыж і высокую якасць нацыянальнай адукацыі.
Павіншаваў настаўнікаў з прафесійным святам і падзякаваў ім за “разумнае, добрае, вечнае” старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. За шматгадовую добрасумленную працу па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення Анатоль Вітальевіч узнагародзіў граматамі раённага Савета дэпутатаў намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 1 Жабінкі Вольгу Быкаву і настаўніка біялогіі Ракітніцкай сярэдняй школы Святлану Цяльпук.
Для ўзнагароджання лепшых педагогаў раёна вядучыя запрасілі на сцэну начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіну Бурко. Шчырыя словы віншавання з прафесійным святам Галіна Сцяпанаўна адрасавала ўсім сваім калегам: тым, хто сёння рупіцца на педагагічнай ніве раёна, і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ўсё роўна дзеліцца з іншымі ведамі і вопытам, жыццёвай мудрасцю. Яна ўручыла граматы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама дырэктару сярэдняй школы № 2 Жабінкі Ірыне Кашчэва і педагогам Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната: настаўніку фізічнай культуры і здароўя Зоі Кавальчук і кіраўніку тэатральнага калектыву на нямецкай мове “Глорыя” Аксане Уласюк. Шэраг педагогаў раёна былі адзначаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
На свяце гучалі добрыя словы ў адрас тых работнікаў сістэмы адукацыі раёна, хто акрамя сваёй прафесійнай дзейнасці займаецца яшчэ і грамадскай. Яны актыўна працуюць ва ўчастковых выбарчых камісіях, дапамагаюць працаўнікам вёскі ва ўборцы ўраджаю, удзельнічаюць у розных творчых конкурсах, надаюць пільную ўвагу пытанням аховы працы. Іх дзейнасць была адзначана на мерапрыемстве граматамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія ўручыла актывістам яго старшыня Наталля Урбан.Словы ўдзячнасці за самаадданую працу на карысць развіцця і ўмацавання сістэмы адукацыі Жабінкаўскага раёна гучалі са святочнай сцэны ў адрас начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама з 2007 года па ліпень 2015-га Святланы Янусік; яго намесніка з верасня 2006-га па верасень 2015-га Кацярыны Сіда; загадчыка ясляў-сада № 3 Жабінкі да верасня 2017 года Таццяны Мельнічук; намесніка дырэктара сярэдняй школы № 3, якая працавала ва ўстанове з дня яе адкрыцця, са жніўня 1988 года па верасень 2017-га,
Людмілы Пшанай; намесніка дырэктара сярэднай школы № 1 з 2004 года па верасень 2017-га Марыі Гаркалюк.
І вось наступае ўрачысты і хвалюючы момант свята: вядучыя ўпершыню аб’яўляюць ганаровую педагагічную пару раёна. Сёлета гэтае званне прысуджана Івану Іванавічу і Аліне Вітольдаўне Давідзюкам, настаўніцкі шлях якіх на працягу многіх гадоў быў звязаны з Ленінскай сярэдняй школай. Для ўручэння ім узнагароды на сцэну запрашаецца адна з самых маладых сямейных педагагічных пар раёна – Сяргей і Таццяна Карпукі – настаўнікі трэцяй гарадской школы.
Пад час мерапрыемства музычныя падарункі дарылі педагогам вакальны калектыў “Вясёлкавы мікс”, ансамблі “Веліканы” і “Фа-солька”, узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” і танцавальны калектыў раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Гарэзы”, а таксама выхаванка Жабінкаўскай школы-інтэрната Вераніка Анташок і педагог Ленінскай адзінаццацігодкі Вераніка Кукса.
Прафесійнае свята настаўнікаў завяршылася. Хочацца пажадаць педагогам Жабінкаўшчыны: няхай у вашым жыцці будзе столькі шчаслівых і запамінальных імгненняў, колькі рознакаляровай лістоты кружыцца ў віхуры лістападу, столькі нагод для радасці, колькі кропляў вады ў асенніх дажджах. Няхай добры анёл-ахоўнік аберагае вас ад усялякіх няшчасцяў, а жыццё дорыць толькі радасць і пазітыў!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%