Полёт «Буслянят» и других

Полёт «Буслянят» и других

Змена ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” з 30 сакавіка да 20 красавіка была незвычайнай. Сюды запрасілі дзяцей, аматараў дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, у рамках рэспубліканскага конкурсу “Юныя таленты Беларусі”. Ад Брэстчыны ў творчым свяце ўдзельнічала 13 дзяўчынак і хлопчыкаў — пераможцаў раённых і абласных, удзельнікаў рэспубліканскіх конкурсаў і выставак. Сярод іх — гурткоўцы Жабінкаўскага раённага цэнтра пазашкольнай работы Настасся Шаляговіч, Надзея Гарошка, Ксенія Уласюк, Сяргей Садоўскі, Настасся Нагар і Валерыя Макарэвіч.
Дні ў “Зубраняці” праляцелі імкліва, таму што кожны з іх быў насычаны цікавымі мерапрыемствамі: сустрэчамі, экскурсіямі, канцэртамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Але галоўным было, вядома ж, мастацтва.
З усіх куткоў краіны ўдзельнікі змены прывезлі работы для афармлення выставы, што прадугледжвала ахарактарызаваць творчасць дзяцей кожнай вобласці. Экскурсаводам Жабінкаўскага РЦПР была выбрана Настасся Нагар, якая выдатна справілася са сваёй задачай. Насця захоплена расказала пра дзейнасць нашага цэнтра, зрабіла акцэнт на тым, што візітнай карткай яго з’яўляюцца менавіта гурткі дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Кіраўнікі гурткоў гэтага напрамку Н.І.Сцепанюк (“Кераміка”), А.М.Філіповіч (“Вышыўка”), Н.М.Уласюк (майстэрня мяккай цацкі “Бусляня”), Т.У.Журомская (“Апошнія вузельчыкі”), В.М.Кіслая (“Бісерапляценне”), Т.М.Казлова (“Залатая саломка”) працуюць творча, з энтузіязмам. Работы іх выхаванцаў і склалі нашу выставу ў “Зубраняці”. Цікавасць да яе была вялікая. Журы ўзнагародзіла майстэрню мяккай цацкі “Бусляня” дыпломам у намінацыі “Арыгінальная работа”. Творы “Такса — выратавальнік Фігаро” Ксеніі Уласюк і “Сонныя каты” сясцёр Олі і Тані Грыцук, а таксама пано з керамікі “Ля самавара” Насці Нагар журы пакінула ў Доме-музеі дзіцячай творчасці “Салют”. Яшчэ пра адну работу, якая будзе знаёміць наведвальнікаў з творчасцю дзяцей Брэстчыны ў Нацыянальным цэнтры, хочацца сказаць асобна. Гэта творчы праект “Цуда-Юда рыба-кіт”, створаны рукамі гурткоўцаў майстэрні “Бусляня”. Фундаментальная калектыўная работа заняла на абласной выставе прызавое месца і адразу з Брэста “прыехала” ў Мінск.
Дэлегацыі кожнай вобласці прыбылі на незвычайную змену са сваімі майстар-класамі. Настасся Шаляговіч падрыхтавала з кіраўніком гуртка Н.М.Уласюк і правяла майстар-клас у вырабе мяккай цацкі. Яе расповяд пра Вялікдзень (Пасху) і практычная работа былі цікавыя для ўсіх прысутных. Журы ацаніла гэтае выступленне Граматай рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.
Малайцы, юныя майстры! Так трымаць!
Н.ІЗОТАВА, метадыст Жабінкаўскага РЦПР.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top