Залатая восень сапфіравых юбіляраў

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Мікалая Мікалаевіча і Людмілу Аляксандраўну Кузьмукоў з Жабінкі язык не паварочваецца назваць пажылымі людзьмі, хоць абаім ужо далёка за… Выхавалі дваіх дзяцей, дапамагаюць гадаваць унукаў, старэйшая з якіх – ужо выпускніца школы. А самае галоўнае – Мікалай Мікалаевіч і Людміла Аляксандраўна поруч па жыцці 45 гадоў, у пачатку верасня адзначылі сапфіравае вяселле.
Усмешлівыя, прыветлівыя, гасцінныя, яны з першай хвіліны заваёўваюць сэрца суразмоўцы.
– Сёлетні год не ўраджайны на яблыкі, абрыкосы, вішні і чарэшні, можа, вас вінаградам пачаставаць, – прапануе мне гаспадар.
Мікалай Мікалаевіч займаецца не толькі вінаградарствам, але і вырошчваннем гародніны. “У мужа рука лёгкая, што ні пасадзіць – усё густа, добра ўзыходзіць”, – хваліць гаспадара жонка. А вось Людміла Аляксандраўна больш любіць зай-мацца кветкамі: рознакаляровым дываном абрамляюць яны дом Кузьмукоў на вуліцы Зялёнай (а ён сапраўды патанае ў зеляніне садовых дрэў). А якія смачныя ў гаспадароў яблыкі-каштэлі і грушы!
– Птушкам сёлета не было чаго кляваць на дрэвах, дык яны ўсе нашы буякі паелі, – са скрухай кажа гаспадыня. – Клубніц было многа, яны ў нас вялізныя, смачныя!
Але ўсё ж такі на большай частцы зямельнага ўчастка пануюць кветкі: ружы, цюльпаны, лілеі, гладыёлусы, касачы, рамонкі, званочкі. Шмат красак і з заморскімі назвамі.
Гаспадары гасцінна запрашаюць у дом, дзе за кубачкам гарбаты расказваюць пра сваё жыццё-быццё. Мікалай пасля першай гарадской школы ў Жабінцы скончыў ваеннае танкавае вучылішча ў Ташкенце, служыў у Чэхаславакіі, затым скончыў бранятанкавую акадэмію ў Маскве. Нараджэнка Пружанаў Людміла вырасла ў сям’і ваеннага.
Паколькі бацькі хлопца і дзяўчыны былі добра знаёмыя, то неўзабаве і маладыя пазнаёміліся. Цэлы тыдзень Мікалай лавіў сябе на думцы, што думае пра Людмілу. Паміж маладымі людзьмі завязалася перапіска, а праз два гады Коля зрабіў Людзе прапанову рукі і сэрца і яны пажаніліся. І пачалося сямейнае жыццё за мужам-ваенным: Расія (Урал, Забайкалле, Масква), Венгрыя, Беларусь (Мінск, Брэст, Жабінка) – 14 разоў Кузьмукі мянялі месца жыхарства!
– У маладосці ўсе цяжкасці-нягоды, звязаныя з пераездамі, лягчэй пераносяцца, – дзеліцца Людміла Аляксандраўна, а Мікалай Мікалаевіч дадае, што жонка ні разу за ўсё жыццё не папракнула яго “зменай кліматычных паясоў”.
– У Людмілы залаты характар, залатыя рукі, мне вельмі пашанцавала з жонкай, ­– кажа ён. – Тое, што мы чатыры з паловай дзясяткі гадоў разам – яе заслуга. Што такое муж-ваенны? У 7 гадзін раніцы яго ўжо няма дома, у 9 вечара яшчэ няма. І ўсё ў доме на жаночых плячах.
Людміла Аляксандраўна першапачаткова атрымала адукацыю інжынера-тэхнолага, але дзе ў ваенных гарадках яе прымяніць? Так яна перакваліфікавалася на бухгалтара і рупілася па гэтай спецыяльнасці ўсё жыццё. Апошнім працоўным месцам, з якога яе ўрачыста праводзілі на заслужаны адпачынак, стаў Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Мікалай Мікалаевіч жа пасля выхаду на ваенную пенсію 12 гадоў працаваў начальнікам штаба грамадзянскай абароны Жабінкаўскага райвыканкама і яшчэ чатыры – памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў Жабінцы.
Асобны гонар Кузьмукоў і тэма нашай далейшай размовы – сыны-прыгажуны. Старэйшы Ігар пайшоў бацькавай дарогай: скончыў ваеннае вучылішча, Ваенную Акадэмію ў Мінску, мае тры вышэйшыя адукацыі і дваіх дзяцей: дачку і сына. Малодшы Вячаслаў скончыў брэсцкі ліцэй, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасць праграміста. Слава недалёка адышоў ад старэйшага брата і ў плане колькасці вышэйшых адукацый, і колькасці дзяцей: іх у яго дзве і дзве. Па другой спецыяльнасці ён эканаміст, выхоўвае разам з жонкай дзвюх дачушак, якія радуюць сваімі поспехамі тату і маму, бабулю і дзядулю. Сёння Ігар мае званне палкоўніка, Вячаслаў – падпалкоўніка, годна служаць і годна працягваюць род Кузьмукоў.
Пры расказе пра сыноў і ўнукаў вочы Мікалая Мікалаевіча і Людмілы Аляксандраўны свецяцца шчасцем і радасцю. Тыя жывуць у Брэсце і Барысаве, але часта наведваюцца, тэлефануюць. Дый на кожнай сцяне ў бацькоўскім доме іх фотаздымкі – сыны, нявесткі, унук і ўнучкі нібыта побач.
…Наша размова доўжылася больш за дзве гадзіны. З прыгожай, сардэчнай сямейнай парай Кузьмукоў не хацелася расставацца. Дай вам Бог, залатыя людзі, дажыць да залатога вяселля! Здароўя вам і дабрабыту!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*