В сердце Африки

В сердце Африки

Перад нараджэнцам невялічкай заходнепалескай вёскі некалі адкрыўся вялікі свет. Ягоны шлях — ад нашых Сцяпанак да экзатычных краін, што паблізу экватара. А ўрачэбны талент В.В.Вашчука ўратаваў многія тысячы жыццяў у блізкай Еўропе і далёкай Афрыцы.
Вось кароткі летапіс ягонага жыцця.
1956-1961 гады — вайсковы хірург у г.Карл-Маркс-Штат (Германія).
1961-1969 гады — аспірант і асістэнт кафедры факультэцкай хірургіі Львоўскага медінстытута (Украіна).
1969-1970 гады — слухач курсаў французскай мовы пры Акадэміі медыцынскіх навук у г.Масква (Расія).
1970-1972 гады — старшы хірург-кансультант ва ўрадавым шпіталі (Малі).
1977-1980 гады — загадчык хірургічнай службы шпіталя імя А.Сісэ ў г.Пуэнт-Нуар (Конга).
1984-1987 гады — хірург-кансультант, кіраўнік місіі савецкіх урачоў (Бурундзі).
1987-1997 гады — дацэнт кафедры агульнай хірургіі Львоўскага медінстытута.
1997-2005 гады — дацэнт кафедры медыцыны Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.
Сёння В.В.Вашчуку — 80 гадоў. Гэты надзвычай дапытлівы інтэлігентны чалавек, шчыра ўлюбёны ў жыццё, поўны бадзёрасці і аптымізму, з задавальненнем расказвае пра свае падарожжы, назіранні, уражанні.
Зычым слыннаму земляку здароўя, шчасця, і друкуем ягоныя нататкі, прысвечаныя Рэспубліцы Бурундзі, дзе ён працаваў чвэрць стагоддзя таму.
А.БЕНЗЯРУК.
У сэрцы Афрыкі
Непаўторная Бурундзі
У цэнтры афрыканскага кантынента месціцца дзіўная краіна Бурундзі, заснаваная некалькі стагоддзяў таму першым нацыянальным героем — каралём Нтарэ Ру Шутсі.
Часам яе завуць Cэрцам Афрыкі. (Абрысы краіны, сапраўды, у нечым нагадваюць сэрца). Па плошчы яна меншая за Брэсцкую вобласць, а вось насельніцтва там пражывае амаль як у Беларусі! Гэта краіна гор, пакрытых трапічнымі лясамі, кававымі і чайнымі плантацыямі. Адсюль пачынаецца велічны Белы Ніл. На беразе возера Танганьіка размясцілася сталіца Бужумбура.
Увесь год яркае афрыканскае сонца “прачынаецца” тут у 6 гадзін раніцы, а ў 6 вечара наступае ноч. Клімат вельмі прыемны. Сярэднемесячная тэмпература — прыкладна + 25.
Бурундзійскія дарогі добрыя, але вельмі небяспечныя. Яны пятляюць высока ў гарах, дзе й цяпер можна пабачыць анцілоп і буйвалаў, сустрэцца са сланамі, а ў густых зарасніках з горнымі гарыламі — найбольшымі ў свеце прыматамі.
На ахвяраванні саудаўскага караля Халеда французы пабудавалі цудоўную ўніверсітэцкую клініку з сучасным абсталяваннем. Студэнты-выдатнікі атрымліваюць стыпендыю, а тыя, хто вучацца так-сяк, тут не затрымліваюцца. Пра пераздачу і мовы няма: штогод на медыцынскі факультэт паступаюць да 200 чалавек, а дыплом атрымоўваюць не болей дваццаці!
Схаваная ўглыбіні Афрыкі, адрэзаная ад шумных шляхоў, Бурундзі захоўвае свой непаўторны твар.
“Яе вялікасць” Інка
Мясцовыя традыцыі значна адрозніваюцца ад беларускіх. У Афрыцы існуе прымаўка: “Іншаземец бачыць толькі тое, што ён ведае”. Што ж бачыць чужак?
Першыя словы, што ён пачуе: “інка”, “ісука”, “кугаба”, “гусака” — карова, матыка, даваць, прасіць.
Невыпадкова на чале спісу карова. Спрадвеку самыя паважаныя людзі — жывёлаводы, бо рагуля — сімвал прыгажосці і пладавітасці. Яе нельга прадаць ці купіць, але можна падараваць або абмяняць. Пастух і дояр — прафесіі выключна мужчынскія. Піць малако дазваляецца толькі ў сырым выглядзе, а пасля гэтага нельга адразу ўжываць гарох ці арахіс. Інакш, лічаць бурундзійцы, “Яе вялікасць” Інка можа захварэць.
Сёння ў нашай хаце свята!
Аднойчы юнак прыйдзе да бацькі і скажа:
— У нашым хляве не хапае каровы!
Гэта значыць — надышла пара жаніцца.
Тата пачынае перамовы з бацькамі нявесты. Для гэтага не менш чым шэсць разоў ён наведваецца да будучых сватоў. Кожны раз прыносіць глечыкі з півам. Яны перадаюцца з вялікай перасцярогай, разбіць сасуд азначае: перамовам канец, варожасці пачатак!
Юнак будуе новую хаціну. Бацькі купляюць шлюбны ўбор, усе родзічы і знаёмыя ўдзельнічаюць у арганізацыі вяселля. Раней яно святкавалася выключна ноччу.
Напярэдадні нявеста просіць бацькоўскага блаславення і развітваецца з суседзямі. Вельмі важна не забыцца запрасіць цётак і дзядзькоў! Каб не здарылася чаго благога, як у еўрапейскай казцы пра злую фею, якую не паклікалі на свята…
Дзяўчыне робяць вясельную “прычоску”: маці альбо цёця голяць ёй галаву, а затым націраюць асаблівымі алеямі. Хоць вяселле і радасная падзея, маладая павінна быць засмучанай і бясконца ліць слёзы.
Новы дом, пабудаваны жаніхом, асвячаюць служыцелі добрага духа Кірангі. Бацька маладога акрапляе полымя вогнішча півам, кідае ў агонь расліны, просячы продкаў атуліць клопатам новую сям’ю.
На сваім шляху нявеста павінна сустрэць карову і маленькую дзяўчынку. Калі іх няма, дзяўчына не можа ўвайсці ў двор — яна тут непажаданая. Маладая ўважліва паглядзіць у вочы карове і толькі пасля пераступіць парог. Калі яна ідзе па двары, служкі Кірангі кідаюць плады калючага куста, і яна топча іх нагой.
У гасцей з гонарам забіраюць посахі, паклажу і запрашаюць у хаціны (мужчын і жанчын асобна). Калі званыя госцейкі падсілкуюцца, слова бярэ сват жаніха:
— Язык мой, а словы спадара Рваса. Ён прасіў перадаць, што перамовы былі сяброўскімі. Сёння ён ганарова ўручае вам абяцаную карову. Вось яна. Я вам яе перадаю ў прысутнасці пачцівых людзей. У гэтай каровы дзве нагі і яна не кульгае. Яна самастойна прайшла доўгі шлях. Калі, хто скажа, што яна хворая, — той ілжэц. Яна здаровая. Пан Рваса просіць вас уладарыць над ёю, даць ёй хлеў і пасці на добрай траве. Абараняйце яе ад голаду і смагі. Няхай яна водзіцца з тымі ж людзьмі, што і вы. Няхай п’е з той жа крыніцы, што і вы. Няхай шукае дровы там, дзе шукаеце вы. І калі раптам яна адмовіцца вас слухацца, навучыце яе, але не кіем, бо кій дасягае касцей, а не розуму. Калі яна аслухаецца, — паклічце нас. Вы і мы — бацькі, і разам зможам яе правучыць. Калі яна вывіхне нагу, то вінаватыя будзеце вы, і мы з вас за гэта спытаем. Уладарце ёю, няхай яна прынясе вам шчасце, няхай вашы дзеці растуць, і будзе ім блаславенне ад бога Іманы.
Бачыце, у прамове нявесту параўноўваюць з каровай, а гэта вялікі гонар!
Далей цячэ нязмушаная размова, госці п’юць-ядуць, весела танцуюць.
“Вазьмі сваё дзіця!”
Але вось прыходзіць час, калі маладая жанчына павінна стаць маці, у дом запрашаюць павітуху. Прымаючы дзіця, тая паказвае яго маці, але не аддае, робіць выгляд, што тая нарадзіла белае звераня (як не дзіўна, але немаўляткі насамрэч маюць светлую скуру, цямнеюць пазней!). Жанчына, што насіла пад сэрцам дзіця доўгія месяцы, гатовая прыняць яго і такім. Паміж ёю і акушэркаю адбываецца рытуальны дыялог, у якім старая прапануе маці забраць паслядоўна свайго звера, леапарда, ягнятка, цялятка, нарэшце, — дзіця. І кожны раз парадзіха просіць: “Дайце мне яго”.
Якім бы ён не быў — для маці ён найлепшы!
У імені хаваецца сіла
У кожнага бурундзійца два імя: французскае, атрыманае пры хрышчэнні ў каталіцкім храме, і народнае, якое лічыцца галоўным.
Імя — візітка бурундзійца. Нездарма дарослыя нярэдка жадаюць дзіцяці: “Трымайся імя!”
Аднак яно даецца не адразу. Спачатку малога назавуць Каёя (Маленькае Пяро), Карэгва (Сасунок) або проста Кана (Маленькі). Калі ён падымецца на ногі і будзе жывы (смяротнасць у краіне вельмі высокая), надыдзе час дарослага імя.
Каб быў добрым, назавуць Муціманкінка (Сэрца, як у каровы), праўдзівым — Мутагарама (Непахісны), а смелым — Рудацінія (Бясстрашны). Дзецям часта даюць імёны, звязаныя з важнымі гістарычнымі падзеямі. Народжаныя ў 1962 годзе, калі бурундзійцы дабіліся незалежнасці, нярэдка атрымлівалі імя Бурыкукій (Той, хто робіцца свабодным).
Сем’і ў Бурундзі шматдзетныя. Шчаслівыя бацькі, што маюць 10 дзяцей: гэта прыкмета поспеху, багацця.
Хоць нараджэнне і радасная падзея, аднак часам на яго спакушаюцца “цёмныя сілы”, якія, напрыклад, “дапамагаюць” з’явіцца на свет… блізнятам. Першаму даюць імя Букуру (Вялікі), другому — Бутойі (Малы). Дзіця, якое народзіцца пасля блізнятаў, назавуць Чыза (Прыгожым), каб зазначыць: трывога мінула!
Жылі-былі на ўзгорках
Лічыцца, што 7-ае, 8-ае, 9-ае і 10-ае дзіця патрабуюць асаблівай аховы. Каб адагнаць злых духаў, ім надзяваюць амулеты, якія таксама могуць стаць імёнамі. Так, сёмае дзіця назвалі Мідэндэ (Званочак), а далей — па парадку: Мінані (Восьмы), Ніябенда (Дзявяты), Мачумі (Дзясяты).
Уявіце такую сітуацыю. На суседніх узгорках жылі-былі дзве сям’і. Што з імі адбылося, ужо не памятаў ніхто, але яны моцна варагавалі.
Нарадзілася ў першай сям’і дзяўчынка. Тата даў дачцэ імя Барадэрэка (Яны за мной сочаць). Сусед пачуў і адказаў супраціўніку, назваў сына Бараніёбейе (Яны ад мяне хаваюцца). У адказ на гэта бацька першага сямейства наступнае дзіця назваў Ндабідабе (Я саб’ю яго з панталыку)…
Працягвалася гэта доўга, пакуль суседзі не памірыліся. Іх дзеці стварылі новую сям’ю. І ужо адзін ад аднаго не хаваюцца, не сочаць, не падглядваюць. Жывуць у міры, па-суседску ў маленькай незвычайнай краіне Бурундзі — у самым сэрцы Афрыкі.
В.ВАШЧУК.
На здымку: В.В.Вашчук.
Фота А.Бензерука.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top