У вялікую настаўніцкую сям’ю Жабінкаўшчыны Яўген Веруш уліўся тры гады таму, калі яшчэ вучыўся на выпускным курсе Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта імя
А.С. Пушкіна. Без пяці хвілін настаўнік паспяхова сумяшчаў выкладанне ўрокаў інфарматыкі ў Ленінскай сярэдняй школе і вучобу на фізфаку. “Дзень быў распісаны літаральна па хвілінах, – узгадвае той час Яўген Віктаравіч. – Няпроста было паралельна вучыць дзяцей і вучыцца самому, рыхтавацца да ўрокаў і да сесіі, а потым – да дзяржэкзаменаў (дарэчы, здаў іх на дзве дзявяткі і васьмёрку). Аднак гэты напружаны час застанецца ў маёй памяці як першы экзамен на прафпрыдатнасць. Тады зразумеў, што, каб быць настаўнікам, трэба не толькі мець адпаведны дыплом, але і любіць свой прадмет, школу, дзяцей. Вучні павінны бачыць ува мне старэйшага сябра, дарадцу”.
Менавіта такою была першая настаўніца Яўгена – Іна Барысаўна Конанава. Яе мілагучны голас, ласкавы позірк, уважлівыя адносіны да кожнага вучня засталіся ў сэрцы Яўгена на ўсё жыццё і, як бачым, паўплывалі на выбар яго далейшай жыццёвай сцяжынкі. З цеплынёй узгадвае малады чалавек свайго класнага кіраўніка Зою Іванаўну Ярмашук, настаўнікаў Таццяну Багданаўну Сыч, Соф’ю Мікалаеўну Мамановіч, Вольгу Віктараўну Дзмітрук.
Прыхільна прыняў маладога спецыяліста калектыў Ленінскай сярэдняй школы, дзе Яўген пачаў пісаць сваю настаўніцкую біяграфію. Асабліва дапамагалі ўліцца ў педагагічную сям’ю Аляксандр Уладзіміравіч і Наталля Сяргееўна Філіманюкі. Яўгену даручылі выкладаць фізіку і інфарматыку ў 6, 7 і 8-м класах.
– Самыя складаныя тэмы для дзяцей пры вывучэнні асноў інфарматыкі – гэта мова праграміравання Паскаль АВС, – тлумачыць Яўген. – Стараюся даступна расказваць, каб вучням было цікава. Цікавасць да прадмета – гэта ўжо палова поспеху. Стараюся не ставіць дрэнных адзнак: яны становяцца нябачнай перашкодай паміж вучнем і настаўнікам, таму шукаем кампрамісныя рашэнні. А вось ствараць прэзентацыі, маляваць у графічным рэдактары Paint, друкаваць тэкст у Microsoft Word, як правіла, падабаецца ўсім навучэнцам.
Яўген прызнаўся, што ў душы адчуваў гонар і радасць, калі дзеці напрыканцы ўрока прасілі ўключыць “развівайку”, а не чарговую “хадзілку-стралялку”. Значыцца, змог зацікавіць інфарматыкай, і гэты прадмет у школьнікаў не ў спісе “занудных”.
Асобным радком работы ў Ленінскай школе Яўген з гонарам адзначае сваё класнае кіраўніцтва: “Мне ўсяго 24 гады, а ўжо свой выпуск маю!”
У 2015-м яму “дасталіся” дзесяць дзяўчатак і адзін юнак – вучні 10 класа. Гэта быў профільны клас з паглыбленым вывучэннем мовы і матэматыкі. Сёлета выпускнікі, як птушачкі, разляцеліся па краіне. “Так шкада было расставацца з імі, – кажа Яўген. – Вельмі сумую па сваіх навучэнцах, цікаўлюся іх жыццём, адчуваю гонар за іх: добра вучыліся ў школе і фактычна ўсе паступілі ў ВНУ”. Марыя Філіманюк, Ірына Козел, Карына Гурская, Марына Ялец, Аліна Карпук – студэнткі брэсцкіх універсітэтаў, дзве Настассі – Пясоцкая і Вараб’ёва – вучацца ў Гродне, адзіны хлопец з класа Арцём Разінкоў паступіў у сталічны БДУ. Кацярына Самсанюк і Вікторыя Ціханенка – навучэнкі медыцынскага каледжа, а Яна Шалягейка – каледжа сувязі. Хочацца, каб яны добра ўладкаваліся ў жыцці, былі задаволены абранай прафесіяй.
Ну, а сёлетні навучальны год герой нататкі распачаў у іншай школе. Штодня аўтобус спыняецца ля рэстарана “Вясёлка” у 7.20 раніцы і вязе маладога настаўніка да месца працы – у Якаўчыцкую школу, у якой некалі настаўнічала бабуля Яўгена – Ганна Аляксандраўна Саевіч, якая выкладала нямецкую мову. Тут яго чакаюць дапытлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі з 6 па 11 клас. Яўген выкладае ў іх фізіку, інфарматыку, матэматыку (у сямікласнікаў) і астраномію (у выпускнікоў). І хаця правучыліся дзеці толькі месяц, яны знайшлі поўнае паразуменне з маладым настаўнікам, адносяцца да яго з павагай, з задавальненнем рыхтуюцца да ўрокаў.
– Асабліва падабаюцца сямікласнікі: дапытлівыя, смелыя, актыўныя, – кажа Яўген Веруш. — І хаця дзяцей у класе толькі чацвёра, думаю, змагу праз пэўны час падрыхтаваць іх па сваіх прадметах на раённыя алімпіяды. Патэнцыял у вучняў ёсць, галоўнае, раскрыць і падтрымліваць іх жаданне вучыцца.
А для гэтага, лічыць Яўген, трэба крыху змяніць сістэму адукацыі. Не-не, кардынальных перамен, ад якіх школы ўжо “штарміць”, дастаткова. Узяць хаця б падручнікі. Многае гаварылася і пісалася, што яны перагружаны прафесійнымі тэрмінамі, складаназалежнымі сказамі – быццам іх аўтары рыхтаваліся абараніць чарговую дысертацыю, а не растлумачыць новую тэму. Сёлета нашы дзеці атрымалі новыя падручнікі (праўда, некаторыя дагэтуль не дайшлі да адрасатаў). І што? Зноў наступілі на тыя ж граблі: частка тэм слова ў слова перадрукавана, частка – выкінута. А даступная для разумення мова ў падручніках для 11-14-гадовых так і не з’явілася… А ў кніжках, па якіх вучыліся яшчэ бацькі сённяшніх школьнікаў, скажам, па той жа фізіцы, прыводзіліся асацыяцыі, прыклады з жыцця. Таму і лічыць Яўген Веруш сваімі настольнымі кнігамі падручнікі па фізіцы братоў Кікоіных, Аляксандра Пёрышкіна і Барыса Бухаўцава. У іх усё зразумела і проста.
Не варта, на думку Яўгена Веруша, вяртацца да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў вучняў: ”Чым драбнейшая шкала дзялення прыбора, тым ён дакладнейшы.” А самае галоўнае – трэба вярнуць аўтарытэт настаўніка, значнасць гэтай прафесіі ў грамадстве. Тады і будуць затрымлівацца ў школах маладыя настаўнікі, асабліва мужчыны. Іх так не хапае для выхавання падрастаючага пакалення!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%