Сіндром набытага імунадэфіцыту з’яўляецца канчатковай стадыяй ВІЧ-інфекцыі. Вірус паражае імунную сістэму арганізма і пазбаўляе яго абароны нават перад самымі бяскрыўднымі ў звычайных умовах мікробамі.
У Жабінкаўскім раёне зарэгістравана 14 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, трое з захварэлых памерлі.
Інфіцыраванне ВІЧ можа адбыцца некалькімі шляхамі. Часцей за ўсё перадача інфекцыі адбываецца пры неабароненых палавых кантактах. Радзей – праз кроў. Пры гэтым для заражэння кроў інфіцыраванага чалавека павінна трапіць у кроў здаровага. Часам ВІЧ перадаецца ад маці да дзіцяці падчас цяжарнасці і родаў, а таксама кармлення грудзьмі пры адсутнасці прафілактычных мерапрыемстваў. Заразіцца можна і пры ін’екцыйным ужыванні наркотыкаў.
Важна ведаць, што ВІЧ-інфекцыя не перадаецца пры поціску рукі, дакрананні, пры кашлі і чханні, пры карыстанні агульным посудам, ваннай, туалетам, басейнам, у грамадскім транспарце або пры ўкусах насякомых.
Вакцыны ад інфекцыі пакуль не існуе. Аднак ВІЧ – яшчэ не прысуд. Адмова ад шкодных звычак, здаровы лад жыцця, своечасовы пачатак і рэгулярны прыём антырэтравірусных прэпаратаў даюць магчымасць інфіцыраваным людзям падоўжыць жыццё і палепшыць яго якасць.
Вызначыць свой ВІЧ-статус можна ананімна ў паліклініцы Жабінкаўскай ЦРБ, здаўшы адпаведныя аналізы.
Уладзімір ЛАПУС, урач-эпідэміёлаг ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%