Вёсачка Пятрылава, якая дала прытулак вядомаму пісьменніку Леаніду Левановічу, нібыта згубілася сярод лясоў Вілейшчыны. Невялічкая і непрыкметная: тавары і прадукты сюды прывозіць аўтакрама, а да бліжэйшага паштовага аддзялення не адзін кіламетр, вёска, аднак, радуе душу майстра слова сваім размераным рытмам і цішынёй. Тут яму хораша дыхаецца і пішацца.
Тры дзясяткі гадоў таму Леаніду Кірэевічу захацелася кінуць сталічныя паверхі, адрачыся ад гарадскога тлуму, каб быць бліжэй да прыроды. Яго захапляе не толькі творчая, але й фізічная праца: Левановіч змалку ўмее і любіць абкасіць узмежак, насекчы дроў, ускапаць градку.
Яго, аўтара сямі раманаў, якія складаюць “Пры-дняпроўскую хроніку”, Ганаровага грамадзяніна Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, не маглі прыняць родныя Клеявічы: вёску знішчыў Чарнобыль. Леанід Кірэевіч стаў шукаць прыстанак у Вілейскім раёне, адкуль родам жонка Рагнеда.
Спачатку гэта было лецішча, куды Левановічы прыязджалі, каб адпачыць, пакапацца ў агародзе, а чвэрць веку таму сур’ёзна атабарыліся ў Пятрылаве: жывуць бязвыезна зімой і летам, завялі невялічкую гаспадарку, у якой пачэснае месца занялі вуллі. Бо Леанід Кірэевіч зрабіўся заўзятым пчаляром.
Мы з Левановічам ведаем адзін аднаго з 1982 года, калі ён з паэтам Хведарам Чэрнем па лініі Бюро прапаганды літаратуры ад Саюза пісьменнікаў БССР прыязджаў у Жабінку выступаць перад чытачамі. Аднак больш блізкія стасункі наладзіліся з 2011 года: цяпер, хоць і рэдка, сустракаемся, перапісваемся, тэлефануемся.
Апошнім часам Леанід усё настойлівей запрашаў мяне наведаць Пятрылава, пахадзіць ягонымі сцежкамі, палюбавацца краявідамі, паласавацца свежым мядком. І вось гэтым летам мы з жонкай Вольгай нарэшце выбраліся ў невядомы край. Дарога аказалася няблізкаю: спачатку – цягніком да Мінска, адтуль – на Лагойскі тракт, дзе раней жылі Левановічы, а цяпер бываюць наездамі, а затым ужо Леанід на сваім старэнькім “жыгулёнку” павёз нас у Пятрылава за 60 кіламетраў ад сталіцы.
Не раз нам выпала чуць, як Левановіч сённяшняе жытло называў Чабаровым хутарам. Сваю сядзібу ён старанна абкошвае. Толькі тыя мясціны, дзе купкамі расце чабор, не кранала гаспадарова каса. Зараз травы былі напоены дажджом, і церпкі, чабаровы пах напаўняў наваколле. Было адчуванне нечага блізкага і роднага з дзяцінства. Неўзабаве пазнаёміліся з гаспадыняй Чабаровага хутара Рагнедай Аляксандраўнай. Калі крыху адпачылі з дарогі, Леанід Кірэевіч павёў паказваць свае ваколіцы.
Мясціны адметныя, прывабныя. Вы бачылі вёсачку, дзе цэнтральная вуліца парасла травою, бо не часта ступае нага чалавека? Або паселішча, з усіх бакоў акружанае лесам? Ён, сасновы бор, нібыта ўзяў гэтыя дзесяць хат у абдымкі, а значыць, у якім напрамку ні пойдзеш, абавязкова сустрэнуць немаладыя хвоі, паслухаеш іх адвечны спеў, падыхаеш свежай жывіцай.
За гаспадаром увязаўся сабака Бакс. Стары, рахманы, ён то апераджаў людзей, то валокся ззаду. Лясной дарогай дайшлі да суседняй вёсачкі Палянка. Тут, як і ў Пятрылаве, узводзіліся катэджы з размахам. Было бачна, што сучасныя забудоўшчыкі не шкадуюць грошай. А Леанід Кірэевіч між тым расказваў:
– Колькі ні пісаў, каб прадоўжылі асфальтоўку, а яна канчаецца перад вёскай Максімаўка (гэта Маладзечанскі раён) і праз 7 км паяўляецца ў лесе каля вёскі Карпавічы (Вілейскі раён) – адказ адзін: грошай не стае!.. Вось толькі падсыпалі трошкі дарогу да Пятрылава, і зараз у нас ужо не шэсць дамоў, як было, а дзесяць. А калі б поруч шаша прайшла, дык адбою не было б ад жадаючых пасяліцца тут… Пакуль, праўда, у заснежаную замець толькі ў чатырох хатах блісне ў вокнах агеньчык, бо астатнім дамам аж да вясны чакаць гаспадароў, калі тыя прыедуць садзіць градкі. Можна і тыдзень, і два на вуліцы не сустрэць жывой душы…
Назаўтра мы памагалі гаспадарам рабіць падгляд пчол. Праца гэта няпростая: нездарма ж у Коласавай “Новай зямлі” ў такі дзень з’язджаліся пчаляры з усяго наваколля. У нас былі толькі чатыры чалавекі, двое з якіх ніколі не займаліся гэтым. Аднак дзякуючы ўменню і ўвішнасці Леаніда Кірэевіча ўдалося-такі накачаць мёду. Цяпер мы ад’язджалі не толькі з незабыўнымі ўражаннямі ад пражытых двух днях у Пятрылаве, але й салодкім дарункам – Левановічавым мёдам.
Расстаючыся з гасціннымі гаспадарамі, развітваліся і з гэтай ціхай вёсачкай, бо ведалі: наўрад ці хопіць сілы ды адвагі яшчэ раз сабрацца ў такую далёкую дарогу. “Дзякуй табе, мілае Пятрылава! – у думках гаварыў я. – Ты дало прытулак харошаму чалавеку і цудоўнаму пісьменніку. Няхай і далей яму ўтульна жывецца і слаўна пішацца ў тваёй цішы! Божа, аберагай людзей, якія жывуць тут!..”
…Праз два тыдні ў Жабінку з Пятрылава прыляцела пісьмо. Леанід Левановіч у ім паведамляў: “Пішу табе на Мядовы Спас. Але мёд сёння даставаць не будзем: пачакаем да выхадных, калі пад’едуць родзічы з Мінска. Думаю, што падгляд пчол урэзаўся табе ў памяць. Вы з Вольгаю добра памаглі нам… Мы нават выпілі па келіху мёду. Цяпер можаш казаць, як нярэдка заканчваюцца казкі: “Я ў Пятрылаве быў, мёд-піва піў…”
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%