Цяга да зладзейскай “рамантыкі”

Хто з вас не бачыў “Джэнтльменаў удачы”? Вадзім З., мусіць, лічыць сябе рамантыкам, як у вядомай камедыі: украў – адсядзеў, украў – адсядзеў?.. Калі заглянеце ў пашпарт, то ўбачыце, што нарадзіўся ён 41 год таму ў Якуціі, але мае беларускае грама-дзянства і месца жыхарства – наш горад. Болей таго, можаце атрымаць звестку, што Вадзім мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, але нідзе не працуе, разведзены і судзімы.
Апошняе – неаднаразова. Яго судзімасці зоймуць не адну старонку тэксту, бо за апошнія дваццаць два гады Вадзім прыцягваўся да пакарання каля дзесяці разоў. Зведаў штрафы і выпраўленчыя работы, абмежаванне і пазбаўленне волі. Толькі сёлета “рамантык ад крыміналу” двойчы “наведваў” суд Жабінкаўскага раёна.
Пра гэта раскажам падрабязней.
Усё пачалося ў студзені, калі Вадзім купіў у краме літровую пляшку віна і пайшоў у госці. Неўзабаве гаспадар кватэры, яго знаёмая К. ды наш “герой” сядзелі ў кухні і выпівалі. Пагулянка зацягнулася. Калі ў віннай бутэльцы можна было ўбачыць дно, зайшоў новы госць Д., таксама не з пустымі рукамі, а з пляшкай гарэлкі. Апаражнілі і яе. Затым знаёмец рушыў дамоў, а гаспадар кватэры – у краму, па новую порцыю спіртнога.
Застаўшыся сам-насам з К., Вадзім заўважыў, што на тумбе справа ад кухоннага стала ляжыць мабільны тэлефон маркі “Самсунг”. Яму захацелася ўкрасці мабільнік, каб потым прадаць. Варта было жанчыне выйсці ў залу, як тэлефон аказаўся ў Вадзімавай кішэні. Мужчына хутка развітаўся і пайшоў, не дачакаўшыся гаспадара з “гаручым”.
Пазней Вадзім З. наведаў яшчэ аднаго свайго знаёмага А. і прапанаваў яму ўкрадзены мабільнік, даказваючы, што вельмі патрэбны грошы і ён вымушаны прадаць “свой” тэлефон. Мужчына агледзеў рэч і назваў цану: 100 рублёў. Хаця “мабіла” каштавала ў шэсць разоў болей, ды Вадзім таргавацца не стаў: забраў грошы і пайшоў задаволены.
Праз тыдзень К., якая ніяк не магла знайсці свой тэлефон, звярнулася да праваахоўнікаў. Следству не склала цяжкасці выйсці на Вадзіма З., а ад яго ланцужок пацягнуўся да новага гаспадара “Самсунга”. Неўзабаве мабільнік вярнуўся да ўласніцы, а Вадзім аказаўся на лаве падсудных.
Паколькі гэта далёка не першая ягоная “рамантычная” прыгода, мужчыне са зладзейскім мінулым было назначана, паводле часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тры гады з накіраваннем у выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу, якое патрабавалася адбываць у суседняй Гродзенскай вобласці.
Аднак, як аказалася, нават пад цяжарам судовага пакарання Вадзім З. спыняцца не збіраўся. Наступны свой прыезд у Жабінку (а было гэта напрыканцы чэрвеня) ён вырашыў зноў жа адзначыць выпіўкай. Зайшоў у краму “Кобрын-Бакалея”, дзе купіў пляшку віна. А з кім выпіць? Паблізу заўважыў незнаёмага мужчыну, і неўзабаве яны пілі ў новага знаёмага на кухні. Калі апаражнілі дастаткова “тары”, Вадзім рашыў прайсціся па пакоях, бо патрабаваліся грошы для паездкі на Гро-дзеншчыну, дзе адбываў пакаранне за раней здзейсненае злачынства. У спальні на стале за тэлевізарам зламыснік заўважыў наручны гадзіннік, які прысвоіў сабе, а затым пакінуў кватэру…
Не дзіўна, што Вадзім аказаўся ў судзе, дзе зноў “засвяціў” яму 205-ы артыкул (“Крадзеж”). Гадзіннік меў цану ў 56 рублёў. Было вынесена пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады, а ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 73 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па сукупнасці прыгавораў шляхам частковага далучэння спаўна неадбытага ранейшага пакарання канчаткова Вадзіму З.
было назначана абмежаванне волі на чатыры гады з накіраваннем у выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Здаецца, цяпер надоўга ў яго знікне магчымасць займацца зладзейскай “рамантыкай”.
Дзмітрый КУРОЎСКІ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.