У нашай краіне 1 кастрычніка адзначаецца Міжнародны дзень пажылых людзей. Гэта не толькі свята мудрых, з багатым жыццёвым вопытам. Гэта дзень павагі, удзячнасці, дапамогі. Нашы паважаныя пажылыя людзі, нягледзячы на шаноўны ўзрост і далёка не ідэальнае здароўе, працягваюць заставацца моцнымі. Яны часам мацней за нас, маладых.
У раёне кожны пяты чалавек перасягнуў 60-гадовы рубеж, у іх ліку 429 адзінокіх, 1375 адзінока пражываючых пенсіянераў, якім патрэбна абарона дзяржавы. Варвара Рыгораўна Кулік з райцэнтра і Эмілія Карлаўна Шлык з вёскі Падлессе адзначылі 100-гадовыя юбілеі.
Аказанне сацыяльных, бытавых і псіхалагічных паслуг сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян – асноўная задача дзяржаўнай установы “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, якая знаходзіцца на вуліцы Калгаснай, 4. У цэнтры працуе шэсць аддзяленняў, адно з якіх – сацыяльнай дапамогі дома. Дзейнасць аддзялення накіравана на максімальна магчымае прадаўжэнне тэрміну знаходжання пажылых грамадзян у звыклым для іх асяродку і падтрыманні сацыяльнага, псіхалагічнага і фізічнага статусу.
Сёння сацыяльным абслугоўваннем ахоплены ўсе сельскія Саветы і горад. У аддзяленні абслугоўваюцца звыш 230 пажылых грамадзян (65 працэнтаў з іх пражываюць у сельскай мясцовасці). Сярод іх 174 адзінокія, пяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, два – тылу, трое вязняў. У шаноўным узросце многія маюць праблемы з самаабслугоўваннем, таму важнае значэнне мае дапамога з боку сацыяльных работнікаў. Яны аказваюць сваім падапечным мноства паслуг: купляюць і прыносяць прадукты, прамысловыя тавары, лекі, нарыхтоўваюць гародніну на зіму, афармляюць заказ на пастаўку паліва, топяць печы, прыносяць ваду, прыбіраюць у пакоях, аплачваюць камунальныя паслугі і многае іншае.
З 1 верасня бягучага года пачало працаваць новае аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для пажылых людзей. Тут працуюць гурткі: музычны, аздараўленчы, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, камп’ютарнай адукаванасці, псіхалагічны, а таксама клубы: “Вытокі” і “Праваслаўная гадзіна”. Пажылыя людзі могуць з карысцю правесці вольны час, знайсці новыя захапленні альбо самі навучыць свайму хобі іншых наведвальнікаў аддзялення. Запрашаем да нас усіх жадаючых непрацуючых пенсіянераў.
Напярэдадні Дня пажылых людзей віншуем жабінкаўцаў шаноўнага ўзросту. Будзьце маладыя душою! Здароўя, міру, дабрабыту ўсім вам, вашым родным і блізкім, доўгіх гадоў жыцця!
Дарэчы, 29 верасня ў ГДК адбудзецца мерапрыемства “Для тых, хто гады не лічыць”. Запрашаем нераўнадушных і актыўных умельцаў са сваімі вырабамі і дарункамі садоў і агародаў прыняць удзел у мерапрыемстве і выставе. Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па тэлефоне 2-12-29.
Наталля АДЗІНЕЦ, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%