Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
22 верасня работнікі Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы наведаліся ў дзіцячы прытулак аграгарадка Воса Кобрынскага раёна. Яго выхаванцам яны перадалі адзенне, абутак, цацкі, канцтавары і правялі для іх цікавую гульнёвую праграму.
Дзіцячы прытулак з’яўляецца структурным падраздзяленнем Кобрынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Ён прызначаны для часовага пражывання (не больш за 6 месяцаў на працягу каляндарнага года) і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Разлічаны на 16 чалавек. Праз паўгода вырашаецца далейшы лёс гэтых дзяцей: вернуцца яны назад у свае сем’і альбо будуць выхоўвацца ў прыёмных ці апякунскіх, або ўвогуле ў дзіцячых дамах. На сённяшні дзень там пражывае дзевяць хлопчыкаў і дзяўчынак з Маларыцкага і Кобрынскага раёнаў. Самай маленькай Дашы тры гады, старэйшаму Уладу – 16.
Ідэя наведаць дзіцячы прытулак на Кобрын-
шчыне ўзнікла ў загадчыка аўтаклуба Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Ганны Макавецкай, якая некалькі тыдняў таму прачытала ў сацыяльных сетках, што яго выхаванцам патрэбны цёплыя рэчы. Ганна расказала аб гэтым сваім калегам, і яны адразу ж адгукнуліся і вырашылі дапамагчы. У выніку было сабрана не толькі адзенне, але й абутак, а таксама цацкі, рукзакі, канцылярскія тавары.
І вось у мінулую пятніцу гэтыя падарункі былі дастаўлены ў прытулак. Цікавую гульнёвую праграму для яго выхаванцаў правяла загадчык дзіцячага сектара ГДК Яна Макасюк. Ёй дапамагалі ўдзельнікі тэатральнай студыі “Экспромт” Яўгенія Дземідзюк і Ганна Кучарэнка. Усе падрыхтаваныя конкурсы былі смачнымі і салодкімі. Пад час іх хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі пачаставацца цукеркамі, пячэннем, шакаладам, на хуткасць выпіць сок і з’есці банан. Самыя спрытныя, а таксама кемлівыя, што праявілі сябе ў конкурсе загадак, атрымалі прызы.
Пра гасцей з Жабінкі выхаванцам прытулку будуць нагадваць шматлікія падарункі і рознакаляровыя шарыкі, якія ў дажджлівы пахмурны дзень дадалі настрою і святла. У сваю чаргу ў памяці маіх землякоў застануцца шчаслівыя вочы і радасныя ўсмешкі хлопчыкаў і дзяўчынак, што, як і ўсе дзеці, тонка адчуваюць шчырасць, дабрыню, чакаюць увагі, цеплыні і вельмі любяць салодкае.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%