“Дапамажыце адшукаць родных”

Апошнім часам нярэдка з падобнай просьбай у рэдакцыю “СП” звяртаюцца людзі, прычым не толькі жыхары нашага і суседніх раёнаў, але й нават з блізкіх ды дальніх краёў. Гэта цалкам зразумела, калі не забывацца на беларускую мудрасць: “Кроў – не вадзіца”.
Пагэтаму сёння распачынаем новы праект газеты “Пошук: нітка Арыядны”, у якім паспрабуем стаць злучальным звяном паміж тымі, хто, згубіўшы сямейныя ці сяброўскія повязі, мае жаданне іх аднавіць і сустрэцца праз доўгія гады з роднымі па духу ды крыві альбо даведацца нешта пра сваіх родных, што ўжо пайшлі з жыцця. Будзем разам! Станем карыснымі адзін аднаму!! “Пошук” пачынаецца!!!

Паважаная рэдакцыя, дапамажые адшукаць родных!

Сувязь згубілася пасля смерці майго бацькі Андрэя Барысавіча Рынчука. Хачу знайсці ўсіх сваякоў у Беларусі.
Ведаю, што ў Жабінкаўскім раёне, у сяле Рагозна, жылі мае родныя: бабуля Яўгенія Рынчук (імя па бацьку, на жаль, прыгадаць ужо не магу), 1912 або 1915 года нараджэння; цёця Лідзія Барысаўна Здзярук і дзядзька Фёдар Барысавіч Рынчук. Апошні раз бачыў усіх у 1995 годзе, перад першым класам, калі з бацькам прыязджаў у госці да бабулі.
Калі нехта адгукнецца на мой ліст, буду ўдзячны ўсялякай вестцы.
Яўген РЫНЧУК, Кобрынскі раён.

* * *

Да старшыні Крыўлянскага сельвыканкама Анатоля Марчука звярнулася жыхарка вёскі Вялікія Сяхновічы Раіса Федарук з просьбай дапамагчы адшукаць хоць нейкія звесткі пра яе дзядзьку Уладзіміра Дзям’янавіча Люкевіча, які загінуў на фронце пад час Вялікай Айчыннай вайны. Запыт Раісы Сцяпанаўны Анатоль Фёдаравіч пераадрасаваў у рэдакцыю “Сельскай праўды” з просьбай дапамагчы ў росшуках.

Шаноўная Раіса Сцяпанаўна!

Мы адшукалі некаторыя звесткі, што тычацца Вашага дзядзькі. Уладзімір Люкевіч нарадзіўся ў 1924 годзе. Пасля вызвалення раёна, 7 жніўня 1944-га, быў прызваны Жабінкаўскім райваенкаматам у Чырвоную Армію, патрапіў у 1320-ы стралковы полк 413-й стралковай дывізіі. Ягонае вайсковае фарміраванне ў ноч на 14 студзеня 1945 года стаяла каля населенага пункта Сьверчы, прыблізна за 40 кіламетраў ад Варшавы. На наступны дзень адбыўся вялікі бой, у якім палягло нямала чырвонаармейцаў. Сярод загінулых аказаўся і ваш родзіч. Уладзімір Дзям’янавіч быў пахаваны ў вёсцы Дзбаніца, што месціцца ў гміне Пакжыўніца Пултускага павета Мазавецкага ваяводства. Гэтае паселішча знаходзіцца за 5 км на паўднёвы захад ад цэнтра гміны, за 12 км на поўдзень ад Пултуска і 43 км на поўнач ад польскай сталіцы.
Ад рэдакцыі
Паважаныя жабінкаўцы, вельмі спадзяемся, што праект “Пошук: нітка Арыядны” стане вашым памочнікам і прыжывецца на старонках газеты дзякуючы вашай зацікаўленасці і неабыякавасці. А тое, што вы менавіта такія, цікаўныя і неабыякавыя, не выклікае сумненняў, як зважаць на электронны ліст, да-сланы днямі на ўласную пошту аднаго з супрацоўнікаў рэдакцыі.
Грамадзянін, які падпісаўся толькі ініцыялам Ю., выказаў здзіўленне і нават абурэнне: “Цікаўлюся мінулым, асабліва ваеннай гісторыяй. Быў выпадкова ў Жабінцы, спытаўся, дзе можна нешта прачытаць па гісторыі вашага краю? Знаёмы прапанаваў пагартаць раённую кнігу “Памяць”. Пагартаў. Уражаны, наколькі шмат у ёй памылак і недакладнасцяў! Нават пра такіх гераічных людзей, імёнамі якіх названы вуліцы вашага горада, напісана бязглуздзіца.
Вось яскравы прыклад. Ёсць у Жабінцы вуліца Фядзяя. Кніга “Памяць” расказвае пра яго: “Нарадзіўся ў 1915 годзе ў сяле Ільшона Харкаўскай вобласці, загінуў у паветраным баі ў вёсцы Стрыганец 22.07.1944!” Хіба ў Жабінцы няма сапраўдных краязнаўцаў, здольных выправіць памылкі ў тэксце, дзе пераблытана літаральна ўсё? Калі так, зраблю гэта за іх. Іван Еўдакімавіч Фядзяй нарадзіўся ў сяле Вільшона на Харкаўшчыне, а загінуў у паветраным баі над вёскай Мышчыцы Ленінскага сельсавета, што ў Жабінкаўскім раёне, у першы дзень вайны – 22 чэрвеня 1941 года”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.