Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” распачаў чарговы перапрацоўчы сезон. Як ён ідзе, расказвае начальнік буракапрыёмнага пункта Сяргей Барма:
– На Брэстчыне, як і раней, вырошчваннем цукровых буракоў займаюцца каля 90 сельгаспрадпрыемстваў і некалькі фермерскіх гаспадарак. Найбольш караняплодаў пасеяна ў Баранавіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Драгічынскім і Бярозаўскім раёнах.
Уборка цукровых буракоў заўжды пачынаецца ў пачатку верасня, масава – у кастрычніку, калі карані максімальна набіраюць вагу.
Сёлетні чарговы нарыхтоўчы сезон “адкрыла” машына з салодкай сыравінай, вырашчанай на палях ААТ “Гарадзец-АГРА” Кобрынскага раёна. За ім падцягнуліся і іншыя гаспадаркі.
Хаця масава ўборка буракоў яшчэ не пачалася, ураджай радуе. Відавочна, што ўдасца сабраць іх значна болей, чым летась. На сённяшні дзень у сярэднім ураджайнасць салодкіх каранёў па вобласці складае 420 ц/га, што на 40 ц/га болей, чым у мінулым годзе. Ёсць у нас бясспрэчны рэкардсмен. Гэта ААТ “Мурава” Пружанскага раёна, дзе з кожнага гектара накопваюць звыш 700 цэнтнераў каранёў!
Уборка ўраджаю ідзе зладжана, без зрываў. Завод, са свайго боку, аказвае дапамогу аграрыям – прадастаўляе транспарт для аператыўнай вывазкі сыравіны з палёў. Асабліва гэта актуальна для Жабінкаўшчыны і часткова Кобрынскага раёна. З аддаленых раёнаў карані ў вагонах паступаюць на перапрацоўку з перыферыйных буракапунктаў, размешчаных у Пінску, Баранавічах, Драгічыне, Іванаве, Бярозе, Высокім, Івацэвічах.
Некалькі гадоў існуе практыка дастаўкі салодкіх караняплодаў на завод згодна з распрацаваным графікам, што зручна і гаспадаркам, і завадчанам, няма нервознасці і вялізных чэргаў. 30 працэнтаў аб’ёмаў буракоў дастаўляюцца аўтатранспартам, астатнія – па чыгунцы ў вагонах (100-150 у суткі).
Пакуль у рабоце задзейнічана сем буртаўкладачных машын (БУМаў). Іх хапае, каб за дзень без затрымкі разгрузіць каля 3000 тон каранёў, прывезеных аўтатранспартам. Кожны год на нарыхтоўчы сезон набіраюцца дадатковыя рабочыя (да 30 чалавек). Яны працуюць па “плаваючым” графіку: адны – з 8 да 16 гадзін, другія – з 11 да 20 з перапынкамі на абед і выхаднымі. На тэрыторыі буракапрыёмнага пункта ёсць пакой прыёму ежы. У кастрычніку, калі людзі будуць працаваць звыш васьмі гадзін, запланавана гарачае харчаванне.
Ну а пакуль нарыхтоўка ідзе сваёй чаргою. У суткі завод перапрацоўвае звыш 9000 тон каранёў. Мяркуецца здабываць цукар з буракоў да новага года.
На здымку: машыністы БУМа Мікалай Зозан і Уладзімір Крупянкоў; на прызаводскім буракапункце.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%