На парадку дня – актуальныя пытанні

Святлана БЯЛЯК.
Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося пад старшынствам Дзмітрыя Гарадзецкага.
На абмеркаванне выносіліся пытанні аб гатоўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд і аб зборы (перапрацоўцы) другаснай сыравіны. Дакладваў па гэтых пытаннях намеснік старшыні Максім Антанюк.
Ён паведаміў, што запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы кацельных, электрычных і цеплавых сетак, аб’ектаў сацыяльнай сферы і ЖКГ да работы ў асенне-зімовы перыяд у асноўным ажыццяўляюцца згодна з намечанымі тэрмінамі і ў патрабуемых аб’ёмах. Усе кацельныя, што выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва, аснашчаны павецямі і складамі, што забяспечвае належныя ўмовы для іх захоўвання.
Па стане на 21 верасня райэнергаінспекцыя зарэгістравала 50 з 57 (88 %)
пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і 109 са 119
(92 %) – спажыўцоў.
Максім Анатольевіч у сваім дакладзе больш падрабязна спыніўся на станоўчых захадах, якія прымаліся пэўнымі арганізацыямі напярэдадні халадоў. Так, напрыклад, работнікі КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” выканалі прафілактычны рамонт 17 кацельняў (100 %), ачыстку ўнутранай паверхні 51 катла і 9 бойлераў; назапасілі 1355 кубічных метраў дроў (пры заданні 1500), 127 тон брыкету (заданне – 150), драўнінных шчэпак – 525 тон. Таксама адрамантаваны чатыры артсвідравіны, тры водаправодныя помпы. На балансе прадпрыемства знаходзіцца 42 км цеплавых сетак, з якіх заменена ПІ-труб 39,6 км; перакладзена нанова 0,879 км водаправодных сетак; прамыта 20 км водаправодаў і інш.
Што тычыцца надыходзячай зімы, то для ачысткі вуліц ад снегу і падсыпкі іх пясчана-солевай сумессю набыты новы аўтамабіль. Ужо нарыхтавана 250 тон гэтай сумесі, 400 тон пяску, заказаны два вагоны солі. Вызначана чарговасць ачысткі вуліц ад снегу, а таксама месцы яго часовага захоўвання.
На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у поўным аб’ёме рэалізаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, створаны нарматыўны запас топкавага мазуту (67 тон).
Што тычыцца вясковых Дамоў культуры і клубаў, то неабходны запас паліва для іх – 107 тон брыкету і 32,5 куб. метраў дроў – забяспечаны ў поўным аб’ёме.
Праведзены рамонт сістэм ацяплення ў Ленінскай, Ракітніцкай, першай гарадской школах, дзіцячым яслях-садзе № 5; драўляныя вокны заменены на энергазберагаючыя з ПВХ у корпусе № 2 ясляў-сада ў аграгарадку Ленінскі. Створаны неабходны запас паліва для ўстаноў адукацыі, спорту і турызму.
Жабінкаўскім ДРБУ № 103 распрацаваны графікі зімняга ўтрымання дарог з замацаваннем машын, механізмаў, вадзіцельскага складу і інжынернай службы. У філіяле для абслугоўвання мясцовых аўтамабільных дарог у зімовы перыяд маецца ў наяўнасці 9 снегаачышчальных машын і 4 пескараскідвальнікі. Уся тэхніка – спраўная.
Наступная тэма, што абмяркоўвалася на пасяджэнні выканкама, – выкананне ў раёне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2016-2020 гады.
За 9 месяцаў на Жабін-каўшчыне было сабрана 195 тон адходаў паперы і кардону, 114,2 тоны шклабою, 83,2 тоны палімерных адходаў, 51,4 тоны зношаных шын, 3,2 тоны бытавой тэхнікі, 11,3 тоны адпрацаваных масел. Аб’ёмы збору другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) па выніках васьмі месяцаў бягучага года склалі 18,8 кг на чалавека (сярэднеабласны паказчык – 36,1 кг).
– Заданне па зборы адходаў паперы і кардону даведзена 54 арганізацыям раёна, – дакладваў Максім Антанюк. – Справіліся з ім 16. Прычым перавыканалі план у некалькі разоў ААТ “Жабінкаўскі” (433 %),
спецшкола-інтэрнат (340 %), ААТ “Ракітніца” (197 %) і інш.
У той жа час 6 арганізацый здачу макулатуры нават не пачыналі (дзве – па аб’ектыўных прычынах).
Адходы шкла згодна з рашэннем райвыканкама абавязаны здаваць 12 арганізацый. У бясспрэчных лідарах тут цукровы завод, ПМК-19 і санаторый “Буг”. Палімерныя адходы здаюць 5 арганізацый, зношаныя шыны – 17. Што тычыцца апошніх, то з 17 ажно 10 арганізацый (усе сельгаспрадпрыемствы і ПМК-10) за здачу шын нават і не браліся.
Няпростая сітуацыя склалася і з адпрацаваным маслам. З 16 арганізацый толькі 10 стараліся выконваць даве-дзены план. У выніку сабрана 11,29 тоны адпрацаваных масел (або 37,6 % гадавога задання).
З арганізацыямі сітуацыя зразумелая. А як прывучаць насельніцтва адукавана мець зносіны з адходамі? У горадзе ўстаноўлены 180 еўракантэйнераў, яшчэ 100 – у вёсках. Некаторыя жыхары свядома нясуць да іх пластыкавыя бутэлькі, макулатуру, непатрэбныя шклянкі, бутэлькі. Аднак не ўсе выпрацавалі звычку раздзяляць смецце па відах, і, як правіла, бытавыя адходы трапляюць у адно смеццевае вядро, адтуль – на звалку.
Дарэчы, на палігоне быў праведзены аналіз адходаў, сабраных у прыватным сектары і шматкватэрных дамах. Аказалася, што жабінкаўцы пазбаўляюцца ад пластыкавых каністр і тары бытавой хіміі (2,5 % у агульным аб’ёме), макулатуры (2,5 %), шкла (2,9 %), ПЭТ-бутэлек (4,1 %), плёнкі ПЭ (5,2 %), рыззя і падгузнікаў (13,7 %) – усяго таго, што павінна трапіць у кантэйнеры паасобнага збору і мае дачыненне да другаснай сыравіны. Магчыма, сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, калі тую ж макулатуру, пластыкавыя бутэлькі, шклабой будуць прымаць па больш высокім кошце. (Скажам, калі кошт металалому і каляровых металаў значна падрос, лясы і смеццезвалкі выгадна ачысціліся ад гэтага віду непатрэбшчыны).
Такім чынам, зыходзячы з марфалагічнага складу, удзельная вага перапрацоўваемых ДМР складае 14,8 % па прыватным сектары і 16 % – па шматкватэрных жылых дамах. Тэарэтычна ад насельніцтва Жабінкаўшчыны за год можа быць сабрана 634 тоны другасных матэрыяльных рэсурсаў: з іх 95 тон паперы, 190 тон шкла і 349 тон палімерных адходаў.
Пасля абмеркавання па ўсіх пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.