Дар’я НІКАНЧУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.
З сям’ёй Бельчукоў пазнаёмілася пад час абласных “Дажынак” у Давыд-Гарадку – маладыя аграномы прадстаўлялі наш раён на конкурсе “Уладар сяла”. Андрэй і Аксана адразу падкупляюць сваёй адкрытасцю і дабрынёй, размова з імі дорыць самыя светлыя эмоцыі. З радасцю прыняў працавітую, шчырую маладую сям’ю калектыў сельгаспрадпрыемства “Мацеевічы”, а Жабінкаўшчына стала для яе другой радзімай.
Андрэй і Аксана маюць цікавую гісторыю знаёмства, пра якую звычайна кажуць – гэта падарунак лёсу. Яны заўжды побач: вучыліся ў адным класе ў школе, разам атрымалі адукацыю аграномаў у Гродне, прыехалі працаваць у мацеевіцкую гаспадарку. Андрэй родам з Маларытчыны, а Аксана нарадзілася на Украіне, але потым яе сям’я змяніла месца жыхарства…
– Першы званок празвінеў для мяне ў сярэдняй школе № 2 Маларыты, – успамінае Аксана. – У пятым класе ў нас з’явіўся новы вучань – Андрэй Бяльчук. Хутка мы пасябравалі, я добра вучылася, таму дапамагала навічку з хатнімі заданнямі. Акрамя рускай і беларускай моў, мне, як і Андрэю, падабалася фізкультура. З задавальненнем займалася гандболам, абараняла гонар школы на абласных турнірах, а таксама на рэспубліцы ў складзе зборнай каманды Брэстчыны. Андрэй удзельнічаў у спаборніцтвах па бегу. Прызнаюся, што я заўжды адчувала яго асаблівае стаўленне да сябе.
Пры гэтых словах дзяўчына загадкава ўсміхнулася і прадоўжыла гаварыць пра вучобу ва ўніверсітэце. Аказваецца, іх паступленне ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт стала звычайным супадзеннем. Ці воляй лёсу? Усё лета тады Аксана правяла ў бабулі на Украіне, а калі вярнулася, то дазналася, што яе сябар Андрэй будзе вучыцца разам з ёй на адным факультэце. “Шчыра кажучы, мяне ўзрадавала такая навіна”, – дадае Аксана. З таго часу яны заўжды разам і ва ўсім падтрымліваюць адзін аднаго.
Вельмі цікавым было студэнцкае жыццё. Падабаўся выкладчыцкі састаў, цёплыя адносіны склаліся з дэканам факультэта і аднакурснікамі. Андрэй і Аксана прымалі ўдзел у розных творчых мерапрыемствах, паспрабавалі сябе ў ролях акцёраў і рэжысёраў, спевакоў і танцораў.
– Пад час студэнцтва мы былі неразлучныя, пакуль Аксана не адправілася на паўгадовую стажыроўку ў Германію, – кажа Андрэй. – Яна трапіла ў сям’ю людзей, якія займаліся вырошчваннем спаржы, буякоў і хмелю. Я тым часам праходзіў практыку на малой радзіме – у Хаціславе Маларыцкага раёна. Яна вярнулася, а праз месяц мы згулялі вяселле. У 2014 годзе атрымалі дыпломы аграномаў і адправіліся паводле размеркавання на Жабінкаўшчыну.
Маладыя людзі спачатку перажывалі: як іх прымуць на новым месцы, якім будзе працоўны калектыў, ці справяцца яны з усімі жыццёвымі выпрабаваннямі. Аднак разам у іх усё атрымалася! Цёпла сустрэў сваіх новых калег калектыў, старшыня сельгаспрадпрыемства “Мацеевічы” Мікалай Кавальчык прадаставіў маладой сям’і домік. Андрэй быў прызначаны на пасаду начальніка ўчастка, а Аксана стала аграномам па ахове раслін. Яны заўважаюць, што працаваць было няпроста, але цікава.
– Хутка ў нас нарадзіўся Антошка, і Андрэй застаўся ў гаспадарцы без мяне, – смяецца Аксана. – Зараз я гадую сына, завіхаюся на агародзе, даглядаю хатнюю жыўнасць. У мужа шмат спраў на працы – у жніўні ён атрымаў пасаду галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства, стала больш абавязкаў, узрасла адказнасць. Ва ўсім дапамагаюць і падтрымліваюць бацькі, якім мы вельмі ўдзячныя.
Працавітых Бельчукоў заўважылі ў раёне і прапанавалі сёлета паўдзельнічаць у сямейным сельскагаспадарчым конкурсе “Уладар сяла” – спачатку на абласным узроўні, а пасля і на раённым. Дваццаціпяцігадовыя Андрэй і Аксана аказаліся самымі маладымі ўдзельнікамі, але годна прадставілі свой раён на Століншчыне ў Давыд-Гарадку, дзе сталі лепшымі ў намінацыі “Сялянская эстафета”, а таксама абаялі гасціннасцю і шчодрасцю журы ў Ленінскім. “Было вельмі прыемна знаходзіцца побач з цудоўнымі сем’ямі-ўдзельнікамі, – прызнаюцца Андрэй і Аксана. – Яны – прыклад для іншых, як трэба будаваць адносіны, выхоўваць дзетак. Усім маладым сем’ям мы жадаем здароўя, разумення, узаемапавагі, кахання і дабрабыту. Не трэба баяцца жыцця ў сельскай мясцовасці, таму што яно таксама мае шмат плюсаў і станоўчых момантаў”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%