Жабінкаўшчына навуковая

 

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сёлета няблага прыгадаць, якое “зерне” ўзрасцілі нашы землякі на навуковай ніве. Тым больш, што каля трох дзясяткаў жабінкаўцаў дасягнулі пэўных вяршынь на пачэснай дарозе да ведаў, абаранілі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі, пакінулі свой адметны след у навуцы і асвеце.

АКСЮЦІК Мікалай Іванавіч [3.04.1959, в. Малыя Сяхновічы, – 5.03.2010, Мінск], кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры менеджменту сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Тэма дысертацыі, абароненай у Ленінградскім дзяржаўным інстытуце культуры імя Н.К. Крупскай : “Клуб у сістэме экалагічнага выхавання” (1985). Аўтар кніг “Сацыяльная педагогіка” (2007, у сааўтарстве), “Асваенне і развіццё фальклору як сродку актывізацыі сацыяльна-культурнай дзейнасці моладзі сяла” (2008). У 2011 і 2012 гадах ужо пасмяротна выдавалася яго апошняя праца “Арганізацыя гастрольнай дзейнасці вандроўнага цырка”. Пяру Мікалая Аксюціка належыць афіцыйны гімн нашага горада “Жабінка, Жабінка – мілы гарадок”.
АСТРОЎСКІ Уладзімір Іванавіч [нар. 1938, в. Лойкі], кандыдат медыцынскіх навук, загадчык урачэбнага аддзяленння Беларускага НДІ туберкулёзу, урач Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М. Машэрава ў Мінску.
ВАЛІТАВА Ірына Яўгенаўна [нар. 1960, пас. Жабінка], кандыдат педагагічных навук, дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, у 2004-2014 гадах – загадчык кафедры псіхалогіі развіцця. Тэма кандыдацкай дысертацыі, абароненай выпускніцай Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава Ірынай Валітавай, – “Псіхалагічныя асаблівасці адчування сябе ў часе дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту”.
ВАРАШЫЛАЎ Аляксандр Аляксандравіч [нар. 16.07.1980, г. Жабінка], кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт кафедры тэорыі функцый БДУ. Тэма кандыдацкай дысертацыі – “Даследаванне дыферэнцыяльных ураўненняў дробнага парадку метадам інтэгральных пераўтварэнняў” (2006). Да навуковых інтарэсаў адносяцца матэматычны аналіз, дробнае вылічэнне і яго прылажэнне, спецыяльныя функцыі.
ВАШЧУК Васіль Васільевіч [нар. 10.05.1931, в. Сцяпанкі], кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры медыцыны Львоўскага ўніверсітэта (Украіна) і БрДУ імя А.С. Пушкіна. Аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў і манаграфій, хірург, кіраўнік групы савецкіх урачоў у краінах Экватарыяльнай Афрыкі.
ГОГАЛЬ Юльян, нараджэнец в. Залуззе. Партызан 3-й (польскай) роты атрада імя Міхаіла Чарнака. Пасля вайны працаваў на будаўнічай кафедры Вайсковай тэхнічнай акадэміі (Варшава), доктар ваенных навук.
ГРАЧАНІК Мікалай Фёдаравіч [нар. 11.02.1955, в. Булькова], кандыдат геаграфічных навук (2016), дацэнт кафедры геаграфіі і прыродакарыстання БрДУ імя А.С. Пушкіна. Тэма кандыдацкай дысертацыі: “Структура і экзадынаміка рэльефу ў межах тэрыторыі ўсходняй часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны” (2015). Аўтар больш чым 110 навуковых і вучэбна-метадычных прац, сярод якіх “Геалогія: вызначальнік мінералаў і горных парод” (2010), манаграфія “Рэльеф тэрыторыі Падляска-Брэсцкай упадзіны” (2013), дапаможнік “Біягенныя формы рэльефу” (2016). У 2013 го-дзе стаў лаўрэатам універсітэцкай прэміі імя С. Кандрацені (2013).
ДЗЕМЯНЧУК Васіль Уладзіміравіч [нар. 13.10.1944, в. Вялікія Якаўчыцы], кандыдат матэматычных навук, дацэнт кафедры матэматыкі, жыве і працуе ў Расіі. Аўтар кніг “На парозе алгебры” (1987), “Мнагачлен і мікракалькулятар” (1988), укладальнік метадычных рэкамендацый “Асновы алгарытмізацыі” (1990) і інш.
Працяг будзе.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.