Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Пад такім дэвізам прайшла сустрэча прадстаўнікоў ГА “БелТІЗ” Жабінкаўскага і Камянецкага раёнаў, што адбылася 20 верасня на базе нашага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Гасцей вітала яго дырэктар Раіса Мышкавец. Яна расказала, чым займаецца ўстанова, якія паслугі аказвае. Раіса Макараўна пажадала прысутным моцнага здароўя, добрага настрою і на памяць аб сустрэчы ўручыла камянецкай дэлегацыі сувенір – прыгожага зубра.
Далей слова трымала старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі “БелТІЗ” Раіса Ліскова, якая выступіла ініцыятарам гэтай сустрэчы. Яна адзначыла: такое супрацоўніцтва – важная і карысная справа, якая дае магчымасць пераймаць вопыт, дзяліцца цікавымі ідэямі і задумкамі, а таксама прыемна бавіць час сярод аднадумцаў. Раіса Сцяпанаўна падаравала камянецкім гасцям прыгожыя кубачкі, каб у час сумесных чаяпіццяў карыстацца імі і ўспамінаць пра цёплую сустрэчу ў Жабінцы.
Словы падзякі за такі душэўны прыём выказала ў адрас жабінкаўцаў старшыня Камянецкай раённай арганізацыі “БелТІЗ” Валянціна Кухарчук, якая ў сваю чаргу перадала нашаму тэрытарыяльнаму цэнтру сувеніры з паперы, зробленыя ўмелымі рукамі сяброў іх грамадскага аб’яднання. Валянціна Пятроўна выказала ўпэўненасць, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, і запрасіла жабінкаўцаў у госці з візітам у адказ.
Для гасцей у той дзень была падрыхтавана і забаўляльная праграма. Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Жабінкаўскага ТЦСАН Іна Давідчык правяла цікавую гульню, у якой прысутныя спявалі, адгадвалі загадкі і атрымлівалі прызы. Свае таленты прадэманстравалі наведвальнікі гэтага аддзялення Ларыса Біч, Юрый Місіюк і Кацярына Кісель. Музычныя падарункі прысутныя атрымалі ад салістаў ГДК Аксаны Пракошынай, Наталлі Сяргеевай і Валерыя Няменьшага.
Напрыканцы сустрэчы ўсіх чакала сумеснае чаяпіцце з саладосцямі. Яно суправаджалася чытаннем вершаў, песнямі, цікавымі жыццёвымі гісторыямі, якімі дзяліліся па чарзе жабінкаўцы і госці з Камянца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%