Зніжкі пакупнікам
У рамках Сусветнага дня фармацэўта, які адзначаецца штогод 25 верасня, ва ўсіх аптэках сістэмы Брэсцкага РУП “Фармацыя” з 25 па 29 верасня пакупнікам будуць прадастаўляцца зніжкі на лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці ў памеры 7 працэнтаў ад кошту кожнага лекавага сродку, што рэалізуецца па поўнай цане. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аптэках Брэсцкага РУП “Фармацыя” нашага горада, аграгарадкоў Крыўляны і Ленінскі, санаторыя “Буг”.
Пенсіянерам – бясплатны праезд
У межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня пажылых людзей, ААТ “Брэстаблаўтатранс” правядзе 1 кастрычніка дабрачынную акцыю: прадаставіць права бясплатнага праезду грамадзянам пенсійнага ўзросту. Людзі сталага веку змогуць бясплатна скарыстацца гарадскім, прыгарадным і міжгароднім транспартам у межах Брэсцкай вобласці на маршрутах, што абслугоўваюць аўтобусы ААТ “Брэстаблаўтатранс”, ААТ “Пінскі аўтобусны парк” і ААТ “Аўтобусны парк г. Баранавічы”.
У цэнтры ўвагі – дашкаляты
Спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС Ганна Усцьянчык у межах трэцяга этапу акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” наведала выхаванцаў ясляў-садоў № 2 і № 3 райцэнтра.
Дашкаляты ў даступнай вершаванай форме даведаліся аб правілах пажарнай бяспекі, прычынах узгарання. Весела і дружна пагулялі ў “Топ-хлоп”, “Дым-пажар-вуліца”, “Бяспечна-небяспечна”, адказалі на пытанні віктарыны “Агонь – сябар! Агонь – вораг!”, з задавальненнем адгадвалі загадкі на супрацьпажарную тэматыку. Напрыканцы сустрэчы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі прызы.
У ліку пераможцаў – і нашы баксёры
З 12 па 14 верасня ў горадзе над Бугам прайшлі Алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці па боксе, у якіх прынялі ўдзел і выхаванцы СДЮШАР Жабінкаўскага раёна. Спаборніцтвы былі паспяховымі для нашых спартсменаў. У ліку пераможцаў апынуліся Уладзіслаў Макасюк (вагавая катэгорыя 56 кг) і Кірыл Мартынюк (вагавая катэгорыя 75 кг). Дзмітрый Ульчык (вагавая катэгорыя 64 кг) заваяваў трэцяе месца.
Па выніках спаборніцтваў Уладзіслаў Макасюк уключаны ў зборную каманду баксёраў Брэсцкай вобласці, якая прыме ўдзел у рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі па боксе, што пройдуць у Гомелі. З 25 верасня спартсмен пачне падрыхтоўку да іх, трэніроўкі будуць доўжыцца тыдзень.
Велапаход па роднай Жабінкаўшчыне
У мінулую суботу, 16 верасня, шасцікласнікі першай гарадской школы разам з бацькамі і класным кіраўніком Юліяй Дусь здзейснілі велапаход па маршруце Жабінка – Драмлёва – Малыя Сяхновічы – Жабінка. Пад час яго вучні даведаліся пра малавядомыя факты з гісторыі нашай “вогненнай вёскі” і яе жыхароў, наведалі Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Яго дырэктар Жанна Падрубная правяла для гасцей музейныя заняткі “Традыцыі нашых продкаў”. Хлопчыкі мелі магчымасць паспрабаваць патаўкці ў ступе проса, а дзяўчынкі атрымалі навыкі завязвання жаночага галаўнога ўбору наміткі.
Велапаход па Жабінкаўшчыне вучні ажыццявілі не ўпершыню. Гэтая традыцыя прадоўжыцца і ў сёлетнім навучальным годзе.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%