Велатурызм для першакласніка? Гэта магчыма!

Дзімку Кандрасюку толькі шэсць гадоў. Сёлета ён паступіў у першы клас першай гарадской школы. Хлопчык для свайго ўзросту вельмі кемлівы, бегла чытае, хутка складвае лічбы, лідар і завадатар у любой дзіцячай кампаніі.

Бадай, ён не адрозніваўся б ад такіх жа гарэзаў сябрукоў-першакласнікаў, каб не адна акалічнасць: у свае шэсць гадоў хлопчык змяніў сем (!) веласіпедаў, і з ранняй вясны на двухколавым сябры разам з татам аб’ездзіў паў-Беларусі. Электронны лічыльнік на раме паказвае неверагодную лічбу: 1720 кіламетраў! Папярэдні ж лічыльнік спыніўся на 1515 кіламетрах. Так што за вясну-лета Дзіма “накатаў” звыш 3200 кіламетраў – лічы, адлегласць ад Жабінкі да Пермі.

Гучыць неверагодна. Аднак сотні фотаздымкаў на татавай старонцы ў сацсетках пацвярджаюць разнастайнасць веламаршрутаў, дзіцячую трываласць і жаданне пазнаваць і адкрываць для сябе родную Беларусь.

…А пачалося ўсё з трохколавага веласіпеда “Зубраня”. Дзімку было каля двух гадоў, калі “асядлаў” дзіцячы транспарт і прыйшоў да высновы, што круціць педалі намнога цікавей, чым ісці пешшу. Затым з’явіўся веласіпед з прыстаўнымі коламі, потым яшчэ адзін – крышку большы.

Можна сказаць, веласіпеды “раслі” разам з іх уладальнікам. У першае, амаль дарослае, падарожжа Дзіма адправіўся з татам і мамай па Брэсцкай крэпасці. У горад над Бугам заехалі на цягніку, пакалясілі па мясцінах баявой славы і вырашылі рухацца дамоў.

– Сынок, цягніка яшчэ тры гадзіны чакаць, мо ў Жабінку на веласіпедах паедзем? – спыталіся бацькі ў малога. Чатырохгадовы хлапчук упэўнена кіўнуў галавою. Усю дарогу ён круціў педалі і не хныкаў, што стаміўся або “ножкі баляць”.

– Зразумела, мы спыняліся, каб адпачыць, папіць вады і з’есці нешта салодкае, каб набрацца сіл, – узгадвае той дзень Дзімаў тата Максім Мікалаевіч. – Сынок на дзіва добра перанёс гэтую дыстанцыю. Праз некалькі дзён зноў папрасіўся куды-небудзь паехаць. Цяпер для яго паездка, скажам, у Ракітніцу, санаторый “Буг”, Азяты, Брэст або Кобрын – звычайная рэч, так, вечаровая прагулка перад сном. На веласіпедзе ён праводзіць фактычна ўвесь вольны час, “завісаць” у планшэце ці смартфоне яму нецікава. І мы задаволены: сынок практычна не хварэе, яго сэрца – як у прафесіянала-спартсмена. Мы з жонкай Валянцінай даказалі яму, што ў свеце ёсць шмат цікавага. І ніякія навамодныя камп’ютары-айфоны не заменяць гэтых уражанняў, водараў юшкі на вогнішчы, запечанай у попеле бульбы, світанкаў ля во-зера, сну ў палатках. Я абяцаў сыну паказаць усю Беларусь, сваё слова стрымаў напалову: аб’ездзіў з ім пакуль толькі Гродзенскую, Мінскую і Брэсцкую вобласці. Думаю, у нас усё яшчэ наперадзе! У наступным годзе паспрабуем пападарожнічаць па Крыме, якраз і малодшы сынок Мікітка падрасце – будзе з намі ў велакрэсле катацца.

А пакуль Дзіма – татаў вела-“хвосцік”. У Белавежскай пушчы ён у свае пяць гадоў на ўзроўні з дарослымі пераадолеў 28-кіламетровы маршрут. Летась паруліў па Бярозаўскім раёне – разам з бацькамі рыбаліў у возеры Сялец, начаваў у палатцы. Сёлета сям’я Кандрасюкоў адкрыла для сябе Мірскі замак (да Гарадзеі ехалі цягніком, а там пераселі на веласіпеды), бачылі Лінію Сталіна (зноў-такі ад Мінска – сваім ходам, а гэта – 127 км!), пабывалі на кар’еры ля Валкавыска.

Для такіх падарожжаў (а часта – з начлегам у палатках), зразумела, і транспарт патрэбен адпаведны – для велатурызму. У Дзімы двухколавы сябар (сёмы па ліку) аснашчаны музычнай калонкай, велакамп’ютарам, ён вельмі лёгкі і манеўровы. Хлопчык любіць круціць педалі пад гукі любімай песні “Белавежская пушча” з рэпертуару “Песняроў”, а яшчэ – пад песні дыскатэк 80-90-х.

Самае галоўнае, лічыць тата, не даваць дзіцяці стамляцца: калі хуткасць падае ніжэй за 15 км у гадзіну, абавязкова робіцца перапынак. Можна з’есці шакаладку, халву, паляжаць на лаўцы на прыпынку, пагуляць у даміно ці лато – любімыя дарожныя гульні Дзімы, і зноў адпраўляцца ў дарогу.

Хлопчык любіць “кароткія вылазкі” – напрыклад, у Брэсцкі аэрапорт, крэпасць-герой, на Кобрынскую страусіную ферму (у вёску Казішча). Разам з татам зноў-такі на веласіпедах наведвалі маму ў раддоме (адтуль яна вярнулася з брацікам Мікіткам, маленькаму ўжо тры месяцы).

Дзякуючы такім велапрагулкам Дзіма навучыўся чытаць (указальнікаў на дарогах многа), арыентавацца па карце, вылічваць адлегласць ад аднаго населенага пункта да другога. Хлопчык выдатна ведае ўсе(!) дарожныя знакі. Разам з татам распрацавалі сваю сігнальную “азбуку”. Скажам, калі наперадзе рухаецца вялікагрузны транспарт і трэба збочыць, тата падае двухкратны гукавы сігнал. Сын-першакласнік умее раскладваць вогнішча і ставіць палатку.

“Пазбаўляеце малога дзяцінства, навошта па дарогах ганяеце, лепш бы мульцікі паглядзеў”, – не раз даводзілася бацькам чуць ад знаёмых, здзіўленых такім незвычайным сямейным захапленнем. Тады ў размову ўступае Дзіма:

– Тата гэта робіць дзеля мяне. Вы проста не ведаеце, колькі цікавага нас яшчэ чакае… Я і веласіпед – неразлучныя сябры. Велападарожжы – гэта рух, гэта жыццё, і мне вельмі падабаюцца.

Святлана БЯЛЯК.

На здымку: сям’я Кандрасюкоў перад чарговай велапрагулкай.

Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.