Як зберагчы зрок школьніку

Як зберагчы зрок школьніку

Па хуткасці і паўнаце ўспрымання вока пераўзыходзіць усе органы пачуццяў чалавека. Ад усёй інфармацыі, якая паступае ў кару вялікіх паўшар’яў мозгу праз усе астатнія органы пачуццяў чалавека, зрокавая складае каля 90 %.
Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў развітых краінах 20 % дзяцей дашкольнага ўзросту і кожны чацвёрты школьнік маюць праблемы са зрокам.
Меры па папярэджанні зніжэння зрокавых функцый у дзяцей школьнага ўзросту павінны быць накіраваны на зняцце ўсіх відаў напружання: мышачнага, зрокавага, нервовага.
Прасцей за ўсё ліквідаваць напружанне мышачнае: дастаткова забяспечыць дзіцяці правільную паставу за сталом. Для гэтага неабходны крэсла і стол, якія адпавядаюць яго росту. Спіна сядзячага павінна прылягаць да спінкі крэсла, а локці ляжаць на стале. Для таго, каб навучыць дзіця правільна сядзець, яго неабходна кантраляваць увесь першы год навучання.
Праз кожныя дваццаць хвілін працы першакласніку неабходны дзесяціхвілінны адпачынак, пад час якога ён павінен пабегаць, паскакаць – гэта пазбавіць ад нервовага напружання.
Каб не дапускаць зрокавай стомы, кнігу трэба пакласці на падстаўку на адлегласці 35 сантыметраў ад вачэй. Настольная лямпа, як правіла, ставіцца злева. Спалучэнне дзённага і штучнага святла шкоды не прынясе.
Многія вучні, карыстаючыся адсутнасцю дарослых, сумяшчаюць выкананне хатняга задання з праглядам тэлевізара ці камп’ютарнай гульнёй, што прыводзіць да хуткага зніжэння зроку.
Вучэбны працэс для дзіцяці – час сур’ёзных нагрузак і адказнай працы і, каб перажыць гэты што-дзённы стрэс, неабходна абавязкова ўключыць у рацыён харчавання малако, тварог, кефір, рыбу, ялавічыну, курыцу, моркву і свежую капусту, зеляніну, ягады і натуральныя сокі. Усе гэтыя прадукты ўтрымліваюць вітаміны і мікраэлементы, якія неабходны для нармальнага развіцця вока, касцянога шкілета і нервовай сістэмы.
Фізічнае выхаванне дзіцяці павінна ўключаць у сябе хаця б ранішнюю гімнастыку і паўнавартасныя заняткі на ўроках фізкультуры. Існуе заканамернасць: чым ніжэй узровень фізічнага развіцця дзіцяці, тым вышэй ступень блізарукасці. Зніжэнне вастрыні зроку – гэта нагода пачаць займацца ў спартыўнай секцыі, а не прычына для вызвалення ад урокаў фізкультуры.
Такім чынам, толькі сумесныя намаганні ўрачоў, бацькоў, настаўнікаў у прывіцці дзіцяці навыкаў здаровага, актыўнага ладу жыцця змогуць зменшыць працэнт школьнікаў са зніжаным зрокам.
Алена СЕМЯНЮК, урач-афтальмолаг.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*