Музычнае свята ў Лідзе

Крысціна СЕМЯНЮК.

У горадзе Ліда Гродзенскай вобласці 9 верасня прайшоў уражальны па сваіх маштабах фестываль “Lidbeer-2017”. Пад сценамі старажытнага замка сабралася больш за 100 тысяч чалавек з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Арганізатарамі фэсту выступілі Лідскі раённы выканаўчы камітэт і ААТ “Лідскае піва”.
З самай раніцы ў цэнтры горада пачаў працаваць фуд-корт – зона харчавання з больш чым сотняй гандлёвых кропак. Госці атрымалі ўнікальную магчымасць наладзіць утульны пікнік ля замкавых сцен ці на беразе возера.
Арганізатары паклапаціліся пра тое, каб усім на фестывалі было цікава і весела. Увесь дзень працавала дзіцячая зона. Ахвотнікі маглі бясплатна пазнаёміцца з сучаснымі настольнымі гульнямі. Для дарослых праводзіліся прагулкі на конях, а дзеці каталіся на поні, упрыгожаных да свята кветкамі і стужкамі. Для аматараў яркіх уражанняў арганізавалі плаванне на лодцы па замкавым возеры і нават палёт на верталёце над горадам!
Рамеснікі з усёй Беларусі прэзентавалі свае ўнікальныя вырабы. Яны правялі для гасцей пазнавальныя майстар-класы.
На фестывалі працавала фотазона. Праводзіліся камандныя гульні для вялікіх і маленькіх кампаній, разнастайныя конкурсы з прызамі.
Цікавасць у гасцей горада выклікала бясплатная экскурсія на завод “Лідскае піва”. На жаль, на прадпрыемства пусцілі толькі 600 чалавек, а ахвотнікаў было некалькі дзясяткаў тысяч.
Дарэчы, “Lidbeer-2017” – адзін з буйнейшых фестываляў фармата “оўпэн-эйр” у краіне. Ён праводзіўся ў Лідзе ўжо трэці раз і заўсёды на высокім ўзроўні. Галоўная частка шоу – музыкальны канцэрт з удзелам вядомых гуртоў.
Вось і сёлета госці з нецярпеннем чакалі пачатку выступленняў. І гэта не дзіўна, таму што хэдлайнерамі “Lidbeer-2017” выступілі вядомыя гурты “Океан Ельзи”, “Петля Пристрастия”, “Крамбамбуля” і “Lumen”. Завяршыўся канцэрт святочным феерверкам.
Госці засталіся задаволеныя праграмай фэсту. Арганізатары паабяцалі ў наступным годзе зрабіць яе яшчэ больш цікавай і разнастайнай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.